Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць крымінальнай справы за зьбіцьцё сілавікамі жыхара Новай Баравой, што пад Менскам


Віктар Мароз, жорстка затрыманы ў мікрараёне Новая Баравая пад Менскам.
Віктар Мароз, жорстка затрыманы ў мікрараёне Новая Баравая пад Менскам.

Праваабаронцы патрабуюць завесьці крымінальную справу за катаваньні Віктара Мароза, жыхара Новай Баравой, якога жорстка затрымалі ў двары ўласнага дома.

Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу за катаваньні Віктара Мароза, жыхара Новай Баравой, якога жорстка затрымалі ў двары ўласнага дома. Пра гэта паведамляе рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне «Прававая ініцыятыва».

Затрыманьне ў Новай Баравой увечары 5 студзеня трапіла на відэа:

Віктар Мароз расказаў Tut.by, што заступіўся за суседку, затрыманую невядомымі ў ягоным двары. Мужчына ў цывільным і масцы, пагражаючы зброяй, ударыў Мароза нагой. Пасьля гэтага мужчыну затрымалі і працягнулі біць, Віктар трапіў у БСМП з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай.

У МУС расказалі, што затрымлівалі людзей сілавікі, а таксама назвалі апублікаваныя відэа «правакацыйнай відэанарэзкай». Таксама ведамства патлумачыла: удар нагой у жывот патрэбен быў, «каб павялічыць дыстанцыю», зброя была «траўматычная», усё астатняе — гэта міліцыянт «кантраляваў сытуацыю да прыбыцьця патрульнай групы».

Што заяўляюць праваабаронцы


Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі ў асобе беларускіх праваабарончых арганізацый падаў заяву ў Сьледчы камітэт Менску з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу па факце пагрозы зброяй і зьбіваньні Віктара Мароза супрацоўнікамі міліцыі.

Заяву падпісалі РГА «Прававая ініцыятыва», праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», таварыства «Зьвяно», Праваабарончы цэнтар «Прававая дапамога насельніцтву».

На іх думку, на апублікаваным відэазапісе нічога ня сьведчыць пра тое, што Віктар Мароз разумеў, што перад ім супрацоўнік органаў унутраных спраў, а таксама відаць, што ён не зьбіраўся ўжываць гвалт. Мяркуючы па запісе, ён сапраўды спрабаваў дапамагчы дзяўчыне, якую схапіў невядомы і ўжываў гвалт.

Юрысты заяўляюць, што затрыманьне суправаджалася неабгрунтаваным гвалтам і мяркуюць, што існуе вялікая імавернасьць, што ўсе наступныя траўмы пасьля ўдару ў жывот таксама былі нанесеныя незаконна і неабгрунтавана, а дзеяньні сілавікоў могуць быць кваліфікаваныя як катаваньні.

Праваабаронцы патрабуюць завесьці крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 426 КК (наўмыснае ўчыненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага альбо ўжываньнем зброі або спэцыяльных сродкаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG