Сеціва абляцелі фота ягонага шакаванага твару.
Фёдар Астаповіч працуе фэльчарам на хуткай дапамозе ў Горадні, ён шчыра паведамляе ў сваім інстаграме пра каранавірус і свае тату, а таксама піша казкі з адсылкай да «Ўладара пярсьцёнкаў». У Instagram ён вядомы як «Сумкін сын».
Позна ўвечары 10 студзеня Фёдар чарговы раз гутарыў са сваімі падпісантамі пра роды.
«Я з бруднай галавой смажыў курыцу на абшарпанай кухні», — узгадвае пра абстаноўку прамога эфіру гарадзенец.
Нечакана на 36-й хвіліне гутаркі да яе далучылася Сьвятлана Ціханоўская.
«Ды ладна! Ды ладна!», — толькі і здолеў адрэагаваць на ейнае зьяўленьне «Сумкін сын», схапіўся за галаву і шчасьліва заўсьміхаўся, разявіўшы рот.
Сьвятлана папрасіла прабачэньня, што без макіяжу, сказала, што ўжо зьбіралася спаць.
«Федзя, я цябе глядзела даўным-даўно, калі я, ведаеш, была яшчэ не на сваім месцы... Федзя, ты клясны, сур’ёзна табе кажу; дзякуй табе за ўсё, што ты робіш, гэта проста цудоўна», — сказала Ціханоўская.
Фёдар рэагаваў на ейныя словы воклічамі «Ды ня можа быць!» і хапаўся за галаву.
«Я зараз буду раўсьці на ўсю Беларусь. Дзякуй вам вялікі», — адказаў Фёдар.
Сьвятлана Ціханоўская запэўніла, што яна сама вядзе свой акаўнт у інстаграме і, калі некаму піша, то толькі сама.
«Хлопцы, мы разам... Жыве Беларусь», — разьвіталася Сьвятлана Ціханоўская перад тым, як пайшла ўкладаць дзяцей і спаць.
У Ціханоўскай усяго 24 падпіскі ў інстаграме. Сярод такіх публічных асобаў, як ейны муж Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, апынуўся і фэльчар Фёдар Астаповіч.
Пасьля эфіру Фёдар усё яшчэ ня мог паверыць, што да яго падключылася «прэзыдэнтка», як ён называў Ціханоўскую.
«Я ачмурэў», — коратка патлумачыў ён сваю рэакцыю.
Фёдар ня ведаў раней, што Ціханоўская на яго падпісаная, бо ў яго цяпер больш за 7 тысяч чытачоў.
За ноч гэты эфір паглядзелі больш за 7 тысяч разоў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.