Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Аўтуховіча ня ўпэўненая, што ён у «амэрыканцы». У справе новыя імёны затрыманых


Мікалай Аўтуховіч. Архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч. Архіўнае фота

Дачка Мікалая Аўтуховіча Кацярына не атрымлівае ад бацькі ніякіх лістоў у адказ. Калега палітвязьня Васіль Завадзкі хвалюецца за яго жыцьцё. У крымінальнай справе тым часам зьявіліся новыя прозьвішчы.

Да Мікалая Аўтуховіча з дня арышту ніводнага разу не дапусьцілі незалежнага адваката, а сваякі і сябры не атрымалі ад яго ніводнага ліста. Пра гэта Свабодзе паведаміў былы турэмны лекар Васіль Завадзкі, калега Мікалая Аўтуховіча па арганізацыі «Тайм-аўт», якая апякуецца вязьнямі.

Паводле Васіля Завадзкага, пасьля 8 сьнежня, як стала вядома пра затрыманьне Аўтуховіча, зь ім у СІЗА КДБ сустракаўся толькі дзяржаўны адвакат. У пытаньні, дзе цяпер Мікалай Аўтуховіч, Васіль Завадзкі спасылаецца на ліст з Горадзенскай управы КДБ, які 9 сьнежня 2020 году прыйшоў на адрас маці Аўтуховіча Ліліі ў Ваўкавыск. У ім паведамлялася, што да Мікалая Аўтуховіча ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай і ён будзе «ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь».

Але з таго часу ад Аўтуховіча Васіль Завадзкі не атрымаў ніводнага паведамленьня. Нават перадачы ў яго не прынялі, расказвае праваабаронца.

«Уклаў яму ў перадачу сродкі гігіены, прадметы адзеньня, абутку, крыху прадуктаў, але не прынялі. Чаму, ня кажуць. Паскардзіўся ў пракуратуру, дык адтуль адказалі, што маю скаргу накіравалі ў ізалятар КДБ, на каго і скардзіўся. Іншых доказаў, што ён усё ж там, па сутнасьці, няма. Таму ў мяне асабіста ўзьнікаюць лягічныя пытаньні: ці ў „амэрыканцы“ Мікола? Ці жывы ён наогул?»

7 студзеня ў Мікалая Аўтуховіча дзень народзінаў. Яму спаўняецца 58 гадоў, больш як 7 зь іх ён адбыў у беларускіх вязьніцах. Васіль Завадзкі кажа, што 6 студзеня адправіў сябру віншавальную тэлеграму на ягонае імя праз паштовую скрыню КДБ. Спадзяецца, дойдзе.

«Перадаю лісты і паштоўкі праз сваякоў, але ў адказ нічога»

Дачцэ Аўтуховіча Кацярыне таксама нічога не вядома пра тое, у якіх умовах тата, як ягонае здароўе.

«Жыву ў Польшчы, кантактую з бабуляй і цёткай, якія ў Ваўкавыску. Празь іх дасылаем яму лісты і паштоўкі, але пакуль ніводнага адказу. Ня ведаю, што і думаць. Ня ўпэўненая, што тата ў «амэрыканцы», — адказала Кацярына Свабодзе праз Фэйсбук.

4 студзеня стала вядома пра затрыманьне супрацоўнікамі КДБ у Крупскім раёне былой актывісткі АГП Вольгі Маёравай. Яе сын Сяргей Зіямаў адразу выказаў меркаваньне, што маці затрымалі ў межах расьсьледаваньня справы аб тэрарызьме, заведзенай на Мікалая Аўтуховіча. Сяргей чуў гэтае прозьвішча падчас размовы сьледчых зь ягонай маці ўвечары 4 студзеня. 6 студзеня Сяргей Зіямаў паехаў у Менск у КДБ, каб высьветліць далейшы лёс сваёй маці.

«Мяне нават туды не пусьцілі. Супрацоўнік на варце сказаў, што ня можа даць ніякай інфармацыі і мне паведамяць усё пазьней», — кажа Сяргей Зіямаў.

Тым часам праваабаронцы складаюць сьпіс грамадзян, меркавана затрыманых па справе Мікалая Аўтуховіча. Да Сяргея, Любові і іх сына Паўла Разановічаў, пра затрыманьне якіх паведамлялася афіцыйна, а таксама Вольгі Маёравай праваабаронцы дадалі яшчэ 6 асобаў. Гэта Ірына Г., Ірына і Антон М., Галіна Д. і Ўладзімер Гундар.

«Ёсьць падставы меркаваць, што гэтых людзей таксама затрымалі ў межах справы Аўтуховіча», — сказала праваабаронца Ганна Шапуцька. Паводле яе зьвестак, днямі прайшоў вобшук у аўганца-інваліда Ўладзімера Гундара, які сябраваў зь Мікалаем Аўтуховічам. Пра затрыманьне Гундара Ганьне Шапуцьцы раніцай 4 студзеня паведаміла Вольга Маёрава, якая зь ім сябравала. А ўвечары таго ж дня сьледчыя КДБ прыйшлі і да самой Вольгі.

Спробы журналіста зьвязацца з Уладзімерам Гундарам праз Фэйсбук выніку не далі — адрасат маўчыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG