Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі падлічылі «тоны зброі» з Украіны: «48 адзінак, 10 зь якіх везьлі зь Беларусі»


Выстава вайсковай тэхнікі, Керч. Ілюстрацыйнае фота
Выстава вайсковай тэхнікі, Керч. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія памежнікі пракамэнтавалі словы Аляксандра Лукашэнкі аб затрыманьні ў Беларусі ўдзельнікаў «злачыннай групы», якія «везьлі тонамі зброю праз Украіну».

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў камэнтары «Украінскай праўдзе» адзначыў, што апошнімі гадамі беларускі бок любіць агучваць тэму кантрабанды зброі, якая нібыта перамяшчаецца з украінскай тэрыторыі, аднак ні разу пацьверджаньні Ўкраіне не прадстаўляліся.

«Як і ў папярэднія разы, так і гэтым разам, ніякай інфармацыі ад сумежнага боку Дзяржаўная памежная служба Украіны па лініі памежна-прадстаўніцкага апарату не атрымлівала», — сказаў Дземчанка.

«У той жа час, як ужо інфармавала ДПСУ, колькасьць зброі, знойдзенай на мяжы з Рэспублікай Беларусь, вельмі нязначная. Ад пачатку году гэта 48 адзінак, большасьць зь якіх — пнэўматычная, паляўнічая або халодная, і амаль 10 зь іх везьлі зь Беларусі», — дадаў ён.

«Можа, у сумежнай краіне „тонамі зброі“ лічаць асобныя віды вырабаў і абсталяваньня, якія пастаўляюцца з Украіны ў рамках кантрактаў паміж беларускімі і ўкраінскімі ўстановамі, напрыклад, для авіяцыйнай галіны, і якія перасякаюць мяжу?» — запытаўся Дземчанка.

У той жа час ён адзначыў, што ўкраінскі бок неаднаразова зьвяртаў увагу беларускіх калегаў на сыстэматычныя спробы перамяшчэньня зь Беларусі буйных партый кантрабандных цыгарэт праз пункты пропуску.

25 сьнежня ў ходзе наведваньня дзіцячай інфэкцыйнай бальніцы ў Менску Лукашэнка заявіў аб тым, што арыштаваны ваўкавыскі апазыцыйны актывіст Мікалай Аўтуховіч і яго група ўвозілі з Украіны вялікія партыі зброі для дэстабілізацыі абстаноўкі.

«Яны везьлі тонамі зброю праз Украіну», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, «ёсьць некалькі груповачак яшчэ». «Сваіх два-тры [чалавекі ў гэтых групоўках] ёсьць, адтуль (з-за мяжы. — БелаПАН.) Дасылаюць нам. Праз Украіну. Праз Польшчу, Літву цяпер вельмі складана — мяжу зачынілі наглуха. І з Украінай цяпер закрылі ўжо, мыш не прапаўзе. Праз Расею часам пранікаюць, у нас мяжы няма. Але ўжо ня тое. Мы гэтае пытаньне трымаем жорстка на кантролі», — сказаў ён.

Афіцыйны Кіеў у той жа дзень рэзка раскрытыкаваў заяву Лукашэнкі. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка адзначыў, што мантра пра «зброю з Украіны» выразна ўпісваецца ў палітыку Лукашэнкі па запалохваньню беларускага народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG