Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымалі фізычны боль і пакуты». У Горадні пачаўся суд за гвалт над міліцыянтамі


Затрыманьні ў Горадні 27 верасьгя
Затрыманьні ў Горадні 27 верасьгя

Чатырох чалавек судзяць за тое, што яны зьбілі міліцыянтаў на пратэставай акцыі. Міліцыянтаў дапытваюць нябачна для ўсіх. Справу пачаў разглядаць суд Ленінскага раёну Горадні 6 студзеня.

Падтрымаць падсудных прыйшлі больш за 40 чалавек. Усім дазволілі прысутнічаць, некаторыя слухалі працэс стоячы.

Што адбылося 27 верасьня

Падзеі, за якія судзяць фігурантаў, адбыліся 27 верасьня ў Горадні.

Тады да моладзевага цэнтру «Галяктыка» прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Спачатку людзі проста стаялі. Пасьля папярэджваньня міліцыянтаў аб несанкцыянаваным мерапрыемстве пачалі гукаць «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад». Празь некалькі хвілін да іх пад’ехалі аўтазак і мікрааўтобусы. Выйшлі байцы ў экіпіроўцы без азнакаў і пачалі затрымліваць людзей. У адным месцы завязалася тузаніна паміж пратэстоўцамі і байцамі. Байцы ўжывалі газ і білі людзей дручкамі.

Каго судзяць

На лаве падсудных чатыры чалавекі:

  • Вадзім Хіжнякоў (52 гады),
  • Міхал Юдзін (43),
  • Сяргей Ефімовіч (33) і
  • Андрэй Севяртока (49).

Іх вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў (артыкул 464 Крымінальнага кодэксу); Севяртоку, апрача гэтага, — ва ўцёках зь месца адбываньня пакараньня (ч. 1 арт. 413).

Вядомыя прозьвішчы пацярпелых — Башко і Заяц. Іх на паседжаньні не было. З запісу МУС, на якім выступаў Севяртока, вядома, што сярод пацярпелых ёсьць жанчына — супрацоўніца АМАП.

Севяртока — жыхар гораду Масты на Горадзеншчыне, астатнія — гарадзенцы, Хіжнякоў — родам з Расеі (горад Тула), але мае беларускае грамадзянства.

Ефімовіч працаваў намесьнікам дырэктара арганізацыі, Севяртока — электрыкам, Юдзін — прадпрымальнік, Хіжнякоў — беспрацоўны. У Юдзіна двое непаўналетніх дзяцей. Севяртока на судзе адмовіўся ад адваката. Раней Севяртока неаднаразова быў судзімы, у тым ліку за крадзеж і хуліганства.

Перад судом, 6 студзеня
Перад судом, 6 студзеня

Што кажа абвінавачаньне

Пацярпелыя міліцыянты Башко і Заяц заявілі хадайніцтва, каб іх дапытвалі нябачна для ўсіх прысутных дзеля іхнай бясьпекі. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва.

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, мужчыны дзейнічалі ў змове. Яны знаходзіліся каля тытунёвага шапіка і кінатэатру «Ўсход», дзе магла адбывацца масавая несанкцыянаваная акцыя.

Севяртока спачатку ўдарыў міліцыянтку Заяц кулаком па галаве і нагой па назе. Потым Ефімовіч кінуў у Заяц невядомы прадмет. Потым Юдзін ударыў Башко па целе, руцэ і па галаве, а Хіжнякоў кінуў невядомы прадмет у Башко.

Сілавікі жорстка затрымліваюць людзей у Горадні 27 верасьня
Сілавікі жорстка затрымліваюць людзей у Горадні 27 верасьня

Байцы былі ў бронекамізэльках і шаломах. Заяц у выніку атрымала кровападцёк на назе, Башко — фізычны боль і пакуты.

Севяртока спрабаваў уцячы з-пад варты. Пасьля затрыманьня яго адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі. Позна ўвечары ён уцёк са шпіталя і хаваўся ад міліцыі, пакуль яго зноў не затрымалі.

Валеры Хіжнякоў, бацька Вадзіма Хіжнякова
Валеры Хіжнякоў, бацька Вадзіма Хіжнякова

Усе абвінавачаныя не прызналі віны, толькі Севяртока часткова прызнаў гвалт над міліцыянтам. Усе абвінавачаныя, апрача Севяртокі, адмаўляліся, што бралі ўдзел у масавым мерапрыемстве або што маглі пхнуць міліцыянта.

Хіжнякоў адмовіўся даваць паказаньні.

На наступным паседжаньні дапытаюць абвінавачаных і пацярпелых.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG