У Горадні найбольш масавая акцыя пратэсту сабралася каля моладзевага цэнтру «Галяктыка». У першыя хвіліны дзясяткі людзей затрымалі.
Пад цэнтар «Галяктыка» прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Бел-чырвона-белых сьцягоў не было відаць. Людзі проста стаялі. Міліцыянты папярэдзілі, што акцыя недазволеная. Пратэстоўцы пачалі пляскаць, скандаваць «Гэта наш горад», «Верым, можам, пераможам».
Празь некалькі хвілін зьнянацку пад’ехалі аўтазакі. Выйшлі каля сотні так званых «касманаўтаў» у чорнай і вайсковай форме. Дзясяткі людзей жорстка затрымалі.
Некаторых цягнулі па зямлі, камусьці разьбілі твар. Дзе-нідзе завязалася штурханіна, дэманстранты спрабавалі адбіць затрыманых, людзі падалі на зямлю. Затрымалі ня толькі пратэстоўцаў, але і выпадковых мінакоў.
Рэшта адышла ў бок аўтавакзалу. За імі паехалі сілавікі. Потым пратэстоўцы невялікімі групамі хадзілі па цэнтры гораду, іх кропкава затрымлівалі.
Іншыя пратэстоўцы па ўсім горадзе дзейнічалі па пляне «Гідра», то бок паведамлялі ў тэлеграм-каналах шмат фальшывых пунктаў збору. Хутка зьбіраліся і разыходзіліся. Затрымлівалі і разганялі пратэстоўцаў па ўсіх мікрараёнах.
53-гадовая гарадзенка Яніна падчас акцыі малілася. Калі пачалі жорстка затрымліваць мужчын, стала за іх заступацца. Яе таксама затрымалі. На яе склалі пратакол за ўдзел у мітынгу. Зь яго яна даведалася, што ўдзельнічала ў інаўгурацыі Сьвятланы Ціханоўскай.
Некалькі затрыманых з РАУС забрала хуткая: у дзяўчыны была пашкоджаная нага, у жанчыны сярэдніх гадоў падскочыў ціск, мужчына пры затрыманьні моцна ўдарыўся жыватом аб машыну.
Большасьці сваякоў пад ізалятарам кажуць, што да суду людзей ня выпусьцяць. Выпускаюць адзінкі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.