На цырымоніі прысутнічаў дарадца прэзыдэнта ЗША па Блізкім Усходзе Джарэд Кушнэр.
У 2017 годзе Саудаўская Арабія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн і Эгіпет разарвалі дыпляматычныя адносіны з Катарам, абвінаваціўшы яго ў падтрымцы тэрарызму і ў праіранскай пазыцыі. Пасьля нармалізацыі адносінаў з Дохай краіны Пэрсыдзкай затокі здымуць з Катара блякаду і адновяць транспартныя зносіны.
Насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамэд бэн Сальман заявіў, што саміт адыграў важную ролю ва ўмацаваньні стабільнасьці ў рэгіёне на фоне абвастрэньня адносінаў з Іранам. Насьледны прынц падзякаваў Злучаным Штатам за намаганьні па ўрэгуляваньні рознагалосьсяў з Катарам.
Reuters піша, што прарыў у спрэчцы ў Пэрсыдзкай затоцы — новы крок у рамках блізкаўсходняй палітыкі Вашынгтону, які спрабуе згуртаваць супраць Ірану арабскія краіны і Ізраіль. Эр-Рыяд хацеў пакласьці канец канфлікту з Дохай да ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Улады Саудаўскай Арабіі асьцерагаюцца, што Байдэн зойме жорсткую пазыцыю адносна палітыкі каралеўства ў галіне правоў чалавека і вайны ў Емэне, адзначае агенцтва.