Дзясяткі мільёнаў тых, хто захварэў, сотні тысяч памерлых. Ад моманту выяўленьня першых выпадкаў каранавірусу да сёньняшняга дня прайшоў год.
На працягу гэтага часу мэдыкі змагаліся і працягваюць змагацца за жыцьцё пацыентаў, чыноўнікі спрабуюць выратаваць эканоміку, стрымаць рост цэнаў і беспрацоўе, а фармакалягічныя кампаніі і навукоўцы — хутчэй вярнуць рытм жыцьця на плянэце ў звыклае рэчышча.
Лекаў ад каранавірусу яшчэ няма. Але адназначным прарывам 2020 году сталі распрацоўка і запуск у масавую вытворчасьць першых вакцынаў — у вельмі сьціслыя па навуковых мерках тэрміны.
Агляд ужо распрацаваных вакцынаў прапануе тэлеканал «Настоящее время».
Галоўная мэта вакцыны ад каранавірусу — выклікаць імунны адказ, зрабіць чалавека неўспрымальным да COVID-19. З моманту пачатку пандэміі дзясяткі кампаніяў па ўсім сьвеце пачалі распрацоўваць свае вакцыны. Пакуль самымі пасьпяховымі сталі два прэпараты — амэрыканскай кампаніі Pfizer з нямецкім партнэрам BionTech і таксама амэрыканскай Moderna.
Абедзьве вакцыны распрацаваныя на аснове матрычнай РНК. У прэпараце ёсьць геном самога каранавирусу: ён трапляе ў арганізм чалавека і выклікае ў ім сынтэз віруснага бялку. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да фінальнай мэты — выпрацоўкі ў арганізьме імунітэту да COVID-19.
Абодва прэпараты пратэставалі на дзясятках тысяч добраахвотнікаў. Вынікі: у Pfizer 95% эфэктыўнасьці, у Moderna — 94,1% пры першасным аналізе і 100% пры цяжкіх выпадках захворваньня.
Яшчэ адна пэрспэктыўная вакцына, якую хочуць купіць розныя краіны, распрацаваная кампаніяй AstraZeneca і Оксфардзкім унівэрсытэтам. Яе эфэктыўнасьць, паводле справаздач распрацоўнікаў, — ад 62% да 90%. Усё залежыць ад дозы. Мэханізмам дзеяньня вакцына ад AstraZeneca падобная да расейскага прэпарату «Спутник V», распрацаванага ў Нацыянальным дасьледчым цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі Міністэрства аховы здароўя РФ.
Абедзьве гэтыя прышчэпкі «заражаюць» чалавека аслабленым вірусам, ад чаго ўтвараецца імунітэт да COVID-19. Праўда, расейская вакцына выклікае нашмат менш даверу ў вірусолягаў і генэтыкаў: Міністэрства аховы здароўя РФ зарэгістравала «Спутник V» яшчэ да пачатку трэцяй, самай важнай стадыі клінічных выпрабаваньняў прэпарату. Гэта супярэчыць міжнародным нормам.
Цяпер у Расеі працягваецца трэцяя стадыя клінічных выпрабаваньняў «Спутника V». Паралельна і незалежна ад гэтага ў рэгіёнах краіны масава прышчапляюць грамадзян. Па дадзеных на 14 сьнежня, вакцыну атрымалі больш за 200 тысяч чалавек.
Эфэктыўнасьць расейскага прэпарату складае 91,4% праз 21 дзень пасьля ўвядзеньня вакцыны і 95% — на 42-ы дзень. Цікавасьць да прэпарату, паводле інфармацыі расейскага Фонду прамых інвэстыцыяў, выказалі больш за 50 краінаў. Расея плянуе паставіць «Спутник V» ува Ўзбэкістан, Індыю, Бразылію, Мэксыку, Нэпал і Егіпет. Пры гэтым большасьць краінаў Эўропы, ЗША і Канада не цікавяцца гэтай вакцынай. Пасьля перамоваў з Расеяй адмовілася закупляць «Спутник V» Турэччына — мае сумневы ў бясьпецы прэпарату. Замест гэтага Турэччына закупіць кітайскую вакцыну кампаніі Sinopharm. Гэты прэпарат, як і расейскі, цяпер на трэцяй стадыі клінічных выпрабаваньняў. Нягледзячы на гэта, у самім Кітаі гэтай вакцынай прышчапілі ўжо больш за мільён чалавек. Пэкін таксама пачаў глябальныя пастаўкі свайго прэпарату.
Іншыя краіны рэгіструюць і замаўляюць прэпараты ад больш надзейных, па іх стандартах, вытворцаў.
Геаграфія заказаў — практычна ўвесь сьвет. Новы выклік для вытворцаў і пастаўшчыкоў — як даставіць вакцыны ў максымальна сьціслыя тэрміны.
Вакцына ад Pfizer павінна захоўвацца пры вельмі нізкай тэмпэратуры, мінус 70°С. Прэпарату ад Moderna патрэбна тэмпэратура мінус 20°C. Такія асаблівыя патрабаваньні, вядома ж, цягнуць дадатковыя выдаткі, асабліва калі гаворка ідзе пра сотні мільёнаў дозаў.
Вакцынацыя ў розных краінах сьвету ўжо пачалася. Да прыкладу, у Нямеччыне, улічваючы і патрабаваньні да захоўваньня прэпарату, і велізарную чаргу, працэс строга рэглямэнтавалі. Пацыент заходзіць у кабінку і здымае адзеньне — 4 хвіліны. Далей на працягу дзьвюх хвілінаў мэдычны работнік павінен пасьпець прадэзынфікаваць месца ўколу і ўвесьці іньекцыю. Затым 30 хвілін прышчэплены знаходзіцца пад наглядам мэдыкаў. Працэдуру трэба паўтарыць праз 21 дзень. Толькі пасьля другой дозы ў чалавека фармуецца імунітэт да каранавірусу. Вельмі важна не захварэць каранавіруснай інфэкцыяй паміж першай і другой дозамі.
Ужо да вясны ўлады Вялікай Брытаніі і ЗША спадзяюцца вярнуцца да нармальнага, так званага даковіднага жыцьця. Аднак у Сусьветнай арганізацыі здароўя раяць не расслабляцца: акрамя іншага, яшчэ да канца ня вывучанае пытаньне, як доўга ў арганізьме чалавека пасьля вакцынацыі будзе захоўвацца імунітэт. У САЗ упэўненыя, што стрымаць пашырэньне каранавірусу і ў 2021 годзе можна будзе толькі ў комплексе — вакцына плюс абмежавальныя захады.