Паводле яго, для вытворчасьці вакцыны, якой будзе расейскі «Спутник V», задзейнічаюць дзьве пляцоўкі ў Менску і адну ў Віцебску.
«Гэтыя тры пляцоўкі пачнуць працаваць адна за адной. Мяркую, адна пачне дзесьці ў другім квартале 2021-га, наступная запрацуе па выніках трэцяга кварталу, трэцяя — да канца году», — цытуе дырэктара холдынгу БелТА.
Ён адзначыў, што раней беларускія фармацэўтычныя прадпрыемствы не займаліся прамысловай вытворчасьцю такой прадукцыі, таму неабходна новае абсталяваньне. Як і вакцына, яно будзе расейскім.
22 сьнежня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, прысьвечаную вытворчасьці вакцыны ад каранавірусу. Ён паабяцаў, што ў першую чаргу прышчэпяць найбольш неабароненыя катэгорыі насельніцтва: пажылых людзей, мэдыкаў, настаўнікаў, работнікаў гандлю.
Да канца вясны плянуецца вакцынаваць ад COVID-19 звыш 1,2 млн чалавек, удакладніў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч. Масавая вакцынацыя пачнецца ў студзені 2021-га, плянуюць выйсьці на паказьнік 5,5 млн вакцынаваных.
Піневіч адзначыў, што пытаньне татальнай імунізацыі не стаіць. Пытаньне ня ў сродках, а ў мэтазгоднасьці і супрацьпаказаньнях, патлумачыў міністар.