Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сянцоў: У Беларусі сапраўдная міліцэйская дзяржава, але ўкраінцы там бы спалілі ўсё


Алег Сянцоў
Алег Сянцоў

Украінскі кінарэжысэр, былы палітвязень у Расеі Алег Сянцоў даў вялікае інтэрвію «Нямецкай хвалі», у якім, апроч іншага, падзяліўся і сваім стаўленьнем да беларускіх пратэстаў.

— Якой вы цяпер бачыце Беларусь? Ці зьмянілася яна?

—Я там быў адзін раз. Вельмі даўно на фэстывалі «Лістапад», у 2012-м. Гэта быў такі Савецкі Саюз. Маладыя дзяўчаты казалі, што жывуць у такой цудоўнай краіне, самай кляснай. А я ім: «А дзе вы яшчэ былі?» Нідзе, кажуць, але, маўляў, ведаюць, што іх краіна найлепшая.

Я памятаю сваё дзяцінства. Мы самі піянэрамі 10 гадоў так таксама казалі, таму што нічога іншага ня бачылі. Потым высьветлілася, што Савецкі Саюз — гэта не найлепшая краіна ў сьвеце. Гэтак сама і Беларусь. Украіна ў сваім разьвіцьці пасьля распаду СССР не пайшла па шляху Польшчы, а пайшла па нейкім незразумелым балоце, бліжэй да Расеі. Нічога добрага з гэтага ня выйшла. І мы зараз расхлёбваем гэтыя наступствы.

А Беларусь дзесьці затармазіла. Іх грамадзянская супольнасьць толькі цяпер прачынаецца і бачыць: дзе мы, хто мы, у якой дрэннай дзяржаве мы жывём, што з гэтым рабіць? Неяк яны чатыры месяцы супраць Лукашэнкі пратэстуюць. Я разумею, што ім вельмі цяжка змагацца, таму што там сапраўдная міліцэйская дзяржава, але ўкраінцы там бы спалілі ўсё. Мы такія — больш гатовыя да супраціву. Беларусы больш цярплівыя.

— Як вы ўвогуле ацэньваеце спробы беларусаў пазбавіцца ад Лукашэнкі?

— Усе кажуць, што праблема ў Лукашэнку. Але праблема ж ня ў ім. Праблема ў тым, што яны знаходзяцца пад уплывам Расеі. І як толькі Ціханоўская і іншыя схіляцца ў бок Расеі, іх падтрымаюць. І, магчыма, Пуцін падтрымае гэтую зьмену ўлады, і зробіць іншага кіраўніка — прарасейскага, больш гнуткага адносна Расеі, больш настроенага на саступкі. Яны яшчэ гэтую Беларусь праглынуць.

Але, калі беларусы змогуць зьнесьці Лукашэнку і зробяць крок у бок Эўропы, і будуць нейкія эўрапейскія лёзунгі аб незалежнасьці ад Расеі абвяшчаць, то адразу зьявяцца «зялёныя чалавечкі» і будзе тое ж, што ў Данбасе. Гэта ясна. І Пуцін гатовы да любога варыянту. Ён проста чакае. Нават цяпер, калі Лукашэнка яшчэ ва ўладзе; і калі застанецца ва ўладзе, то ён Пуціна таксама задавальняе, таму што яго возьмуць на кручок. Палітычна, эканамічна, у вайсковым пляне Лукашэнка застаецца больш залежным ад Пуціна.

— Дарэчы, прыхільнікі Лукашэнкі ці боты ў сацсетках увесь час пішуць, што калі вы, пратэстоўцы, далей будзеце сябе так паводзіць, то будзе вам, як ва Ўкраіне. Што б вы ім адкажаце?

— Няма чаго адказаць, таму што мы за 6 гадоў мала чым можам пахваліцца. Вось, маўляў, пасьля Майдану стала лепш, а ў Крыме дрэнна, а ў вас у Данбасе дрэнна. Сапраўды, у Данбасе горш стала, чым было да акупацыі. Да акупацыі Данбас быў квітнеючым рэгіёнам, вельмі шмат там было грошай. Цяпер жыцьцё там кульгае. У Крыме ня так.

А нам няма чаго паказаць. Хіба бязьвізавы рэжым з ЭЗ? Гэта дасягненьне, але ня больш, чым аванс за нашую перамогу. Палітычна мы сталі больш свабоднымі. Але людзі прызвычаіліся заўсёды ўсё вымяраць напаўненьнем лядоўні. Эканамічна мы ня сталі больш багатымі. І тут праблема, таму што мы павінныя паказваць нешта рэальнае, каб людзі параўноўвалі і казалі, што ва Ўкраіне пасьля Майдану яны зажылі добра.

— Шмат хто ва Ўкраіне параўноўвае пратэсты ў Беларусі. Іх наогул можна параўноўваць?

— У кожнай краіне свая гісторыя пратэстаў. У нас былі тры месяцы, калі ў 2013 годзе пачаліся першыя пратэсты са сьцягамі, выходзілі палітычныя партыі, актывісты, затым студэнты, якіх пабілі, і пачалася рэвалюцыя 1 сьнежня 2013-га, якая скончылася крывавай бойняй на вуліцы Інстытуцкай. І пасьля гэтага мы перамаглі, таму што «Бэркут» сказаў, што ня будзе больш рызыкаваць жыцьцямі дзеля гэтага Януковіча. У Расеі былі спробы пратэстаў і на Балотнай, і на Сахарава, пратэсты былі на Далёкім Усходзе.

Але неяк яно ня вырасла ў нешта большае, таму што людзі баяцца, яны палітычна пасіўныя і падтрымліваюць многія Пуціна. У Беларусі іншая сытуацыя. Там усе ненавідзяць Лукашэнку — 97%. Але вельмі магутная паліцэйская карная машына, вельмі іх шмат. Пры гэтым людзі не такія актыўныя ў пляне выхаду, гатоўнасьці да барацьбы, да гвалту. Але, калі ўлада не сыходзіць сама, народ мае права на паўстаньне, гэта напісана ў Дэклярацыі і Статуце ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG