Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, які правёў пяць гадоў у папраўчай калёніі на Ямале, расказаў у «Новай газете» пра катаваньні і зьдзек з асуджаных.
Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў праз абвінавачваньне ў тэрарызме, адседзеў частку тэрміну ў ПК-8 «Белы мядзьведзь» у горадзе Лабытнангі.
«Тут яшчэ з парога табе даюць зразумець, што ты трапіў у чысьцец, дзе ў цябе няма ніякіх правоў, а скардзіцца бескарысна і няма каму. Людзей, якія прыбылі этапам, б’юць неміласэрна толькі за тое, што яны існуюць, — гэта так званая „прыёмка“, абавязковая працэдура, практычна рытуал», — напісаў Сянцоў.
Усім пачаткоўцам тлумачаць правілы жыцьця: трэба пытацца ў начальства дазволу на любое дзеяньне і хутка прыняць рашэньне — будзеш ты супрацоўнічаць з адміністрацыяй ці не. Пабоі, прыніжэньні, электрошокеры, трыманьне ў халоднай камэры голым або ў мокрай адзежы — яшчэ ня самае страшнае, расказвае Сянцоў. Зьняволенага могуць закруціць у матрац і пакінуць так на суткі ці яшчэ горш.
«Забіць у позе эмбрыёна ў жалезную скрыню накшталт сэйфа, дзе практычна няма чым дыхаць і даводзіцца мачыцца пад сябе, таму што перапынку на туалет і абед у гэтых атракцыёнах не прадугледжваецца. Пагрозы згвалціць, „апусьціць“, наадварот, зьяўляюцца пры гэтым нязьменным суправаджэньнем зьдзекаў» , — дадае былы вязень.
Пазьбегнуць гэтых зьдзекаў, узяць перадышку можна толькі, калі парэзаць сабе вены і трапіць у турэмны шпіталь. Па словах Сянцова, «краіна, якая стаіць за два крокі ад ператварэньня ў таталітарную дзяржаву, ня ў стане мець іншыя турмы. Можна сьцерці Лабытнангі з твару зямлі, але гэты фурункул вылезе ў іншым месцы, бо гэтая дзяржава хворая знутры», — лічыць рэжысэр.
Алег Сянцоў быў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэракту ў анэксаваным Крыме. Сваёй віны ён не прызнаў, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі назвалі яго палітычным вязьнем.
У калёніі Сянцоў абвясьціў галадоўку і пратрымаў яе 145 дзён. 7 верасьня ўлады Расеі і Ўкраіны абмяняліся зняволенымі. Расея вызваліла рэжысэра Алега Сянцова. Кіеў аддаў Маскве галоўнага рэдактара ўкраінскага падразьдзяленьня агенцтва «РИА Новости» Кірылы Вышынскага, падазраванага ва Ўкраіне ў дзяржаўнай здрадзе.