Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча абвясьціла новую праграму падтрыманьня навукоўцаў пад міжнароднай абаронай


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Унівэрсытэт Адама Міцкевіча ў Познані
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Унівэрсытэт Адама Міцкевіча ў Познані

Навукоўцы, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе міжнароднай абароны, могуць займець падтрымку на працяг дасьледчай працы. Пра старт праграмы Naukowcy w potrzebie («Навукоўцы ў патрэбе») абвясьціла Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену Польшчы (NAWA).

Агенцтва прафінансуе дзесяць праектаў на агульную суму 4 368 000 злотых (каля мільёна эўра). Вылучаныя сродкі пойдуць на пакрыцьцё выдаткаў, зьвязаных з працаўладкаваньнем самога навукоўца цягам двух гадоў, а таксама на заробак ягонага апекуна, асобы, якая будзе падтрымліваць дасьледніка ў часе праекту.

Заяўкі ў NAWA змогуць падаваць адукацыйныя і навукова-дасьледчыя ўстановы, гатовыя працаўладкаваць навукоўца, які мае міжнародную абарону.

Навуковец павінен мець ступень не ніжэйшую за доктара навук (паводле польскай сыстэмы навуковых ступеняў, эквівалент PhD). У заяве трэба пазначыць мэту праекту, значэньне для разьвіцьця і карʼеры навукоўца і для ўстановы, якая яго прымае, а таксама ступень удзелу самой установы ў праекце.

Заяўкі прымаюць з 14 красавіка да 15 сьнежня 2025 году.

На 28 лютага 2025 году дазвол на жыхарства ў Польшчы мелі 143 097 грамадзян Беларусі.

  • У 2020 годзе, пасьля пачатку масавых рэпрэсіяў у сувязі з пасьлявыбарчымі пратэстамі ў Беларусі, Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў Польшчы (NAWA) у рамках ініцыятывы «Салідарныя зь Беларусьсю» прафінансавала 500 месцаў для беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Польшчы і 25 месцаў для навукоўцаў у дасьледчых інстытутах.
  • Яшчэ ў 2015 годзе пры фінансавай падтрымцы МЗС Польшчы ў Варшаве адкрылі Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў (CSB) для навукоўцаў зь Беларусі, найперш гісторыкаў, якія трапілі пад рэпрэсіі і былі звольненыя з прычыны сваіх палітычных поглядаў.
  • Эўразьвяз у межах праграмы EU4Belarus — SALT таксама пэрыядычна запускае розныя праграмы стыпэндыяў для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG