Абгрунтоўваючы свой выбар, рэдакцыя піша: «Ад хатняй гаспадыні да сымбаля беларускага пратэсту — кар’ера Сьвятланы Ціханоўскай была ў 2020 годзе імклівай. Але сама яна нічога такога не плянавала — біяграфію ёй зрабілі беларускія ўлады».
«Сама сябе Ціханоўская ацэньвае цяпер як пераходнага лідэра. Яна заяўляла, што яе задача — забясьпечыць мірную перадачу ўлады і правесьці новыя выбары. Аднак улада ў асобе Лукашэнкі не зьбіраецца весьці перамовы — ні зь ёй, ні зь іншымі пратэстоўцамі. Хоць і ясна, што ставіцца да Ціханоўскай проста як да „прыватнай асобы“ ўжо не атрымліваецца», — адзначаюць «Ведомости».
У гэтай самай намінацыі кандыдатам на перамогу газэта назвала безназоўнага «беларуса». «У 2020 годзе высьветлілася, што мы ў Расеі шмат чаго ня ведаем пра Беларусь. І асабліва пра яе жыхароў. Беларусы спакойныя, добразычлівыя і несвавольныя. Любяць чысьціню і парадак у доме і ў дзяржаве. Верагодна, таму прэзыдэнт і галоўнакамандуючы Аляксандар Лукашэнка, які забясьпечваў гэты парадак, выйграваў выбары ў краіне пяць разоў за 26 гадоў. Але 9 жніўня 2020 году мільёны беларусаў не паверылі, што ён выйграў шосты раз. З тых часоў, ужо чатыры месяцы, у краіне не спыняюцца акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня», — адзначае выданьне.
«Пераважная большасьць пратэстоўцаў — звычайныя людзі. Настаўнікі, рабочыя, інжынэры, лекары, студэнты, якія, хутчэй за ўсё, раней былі далёкія ад палітыкі. Гэта грамадзяне, якія зрабілі асабісты выбар у адпаведнасьці са сваім разуменьнем вядомых цяпер усяму сьвету словаў: «Жыве Беларусь», — піша газэта.