Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Морт: Па-за коміксамі люблю ўсё, нават дрэнныя пераклады


Вальжына Морт. Фота Дзьмітрыя Лельчука
Вальжына Морт. Фота Дзьмітрыя Лельчука

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэтка Вальжына Морт.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Якраз бяруся за новы стос кніг, бо надыходзяць дзьве цікавыя вандроўкі: Сыцылія і Сардынія. З гэтай нагоды чытаю 500-старонкавую кнігу «Д. Г. Лоўрэнс і Італія», у якую ўваходзяць яго травэлогі «Прыцемкі ў Італіі», «Мора і Сардынія» і «Замалёўкі з Эльтускіх мясьцін» — пераклад назваў мой, ня ведаю, ці выходзілі яны па-беларуску. Разбаўляць Лоўрэнса зьбіраюся сучасным брытанскім пісьменьнікам — Джэфам Даерам, які напісаў кнігу «Out of Sheer Rage: Wrestling with D. H. Lawrence» — партрэт чалавека, які даводзіць сябе да абуха, дасьледуючы постаць Лоўрэнса і вандруючы па «яго мясьцінах».

Надбаўляю прозу паэзіяй — трапіла ў рукі прыгожае выданьне выбраных вершаў Эзры Паўнда выдавецтва «Фабэр і Фабэр». Паўнд — вельмі неадназначная фігура. Немагчыма гаварыць пра англамоўную паэзію ХХ стагодзьдзя і пры гэтым не згадаць яго імя і ўплыў. Пры гэтым Паўнд — вядомы фашыст і антысэміт. Падчас Другой Сусьветнай вайны ён жыў у Італіі і выступаў з прамовамі на італьянскім радыё. У інтэрвію 8 траўня 1945 ён усё яшчэ параўноўваў Гітлера з Жаннай д’Арк. Ад прыезду ў Італію ў 1924 годзе — у часе вайны, арышту амэрыканцамі па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе, побыты ў шпіталі для псыхічна хворых, вызваленьня з-пад стражы ў 1958 (не без дапамогі антыфашыста Гэмінгуэя, які якраз атрымаў Нобеля ў 1954) і вяртаньня ў Італію, дзе ён памёр і пахаваны ў Вэнэцыі побач з Бродзкім — Паўнд пісаў свае знакамітыя Песьні (Cantos). Іх я і чытаю.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Учора скончыла чытаць неверагодны раман «Гепард» італьянскага пісьменьніка (і апошняга прынца Лямпэдузы!) Джузэпэ Тамазі ды Лямпэдуза (Giuseppe Tomasi di Lampedusa). Чытала ў ангельскім перакладзе. Гэта гісторыя прынца Саліна, прататыпам для якога быў прадзед аўтара. Прынц Саліна становіцца сьведкам падзеньня арыстакратычнага сьвету, пераходу ад старога да новага часу, якія пачынаюцца з ваенных дзеяньняў Гарыбальдзі. Але гэта ня проста гістарычны раман — хутчэй псыхалягічны, вельмі тонка адчуты і занатаваны. Нездарма Тамазі быў адным зь першых чытачоў Джойса ў Італіі. Ён нават напачатку плянаваў, што ўсё дзеяньне кнігі адбудзецца ў адзін дзень. Але тут ня толькі Джойс. Пранізьлівая лірычнасьць гэтага раману — гэта яшчэ й разьвітаньне з жыцьцём і ўсім старажытным родам самога Тамазі (галоўны герой разьвітваецца з жыцьцём цягам цэлых трыццаці старонак напрыканцы кнігі!). «Гепард» выйшаў толькі пасьля сьмерці Тамазі — пры жыцьці ён наогул нічога ня змог надрукаваць — у выдавецтве «Feltrinelli». Тым самым, якое надрукавала «Доктара Жывага». Люкіна Вісконці зьняў паводле раману аднайменны фільм.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Усё пералічанае. Вось новы «Букер» — нагода прачытаць «Бегуноў» Вольгі Такарчук. Шмат цікавых кніжак я чытала, бо іх узгадваюць мае любімыя пісьменьнікі ў сваіх эсэ ці інтэрвію.

Пэўныя кніжкі прыцягваюць увагу дзякуючы свайму выдавецтву, дзе звычайна выходзяць цікавыя, небанальныя рэчы. Так апавяданьне «Лета ў Бадэне» Леаніда Цыпкіна я пабачыла спачатку па-ангельску («Summer in Baden-Baden»), сярод кніжак прэстыжнага выдавецтва «New Directions». Кніжка зьвярнула на сябе ўвагу некалькімі рэчамі: слова Бадэн-Бадэн у назьве павеяла хваробамі рускай культуры ХІХ стагодзьдзя, прадмова была напісана знакамітай амэрыканскай інтэлектуалкай Сюзан Зонтаг, з кніжкі на мяне глядзеў сумнымі вачыма Дастаеўскі, нягледзячы на тое, што напісаў кніжку нейкі Леанід з зусім нелітаратурным прозьвішчам Цыпкін. Праз адну хвіліну, дзякуючы тэлефону і вай-фай, я ўжо ведала, што Леанід Цыпкін нарадзіўся ў Менску, што ў Менскім гета загінула ўся сям’я яго бацькі, што сам ён у эвакуацыі вучыўся ў Уфе, потым працаваў вучоным-мэдыкам у Маскве. «Лета ў Бадэне», перавезенае ў Ню-Ёорк сябрамі, надрукаваў у «Новай Газэце» Сяргей Даўлатаў (гэта раньняя вясна 1982 году, мне — паўгоду), Цыпкіна звольнілі з працы ў інстытуце, а праз некалькі дзён ён памёр. Пахаваны, згодна са сваім наказам, у Менску. Пры чым тут Дастаеўскі і Зонтаг? Знайдзіце кніжку і прачытайце! Гэта шэдэўр даўжынёю ў апавяданьне.

Я пішу ўсім целам

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

З апошняга: каля Вэнэцыянскага аэрапорту імя Марка Полё, проста ў хвіліне ад тэрміналаў з вылетамі і прылётамі, можна зьбіраць грыбы: шампіньёны, рыжыкі і падсасновікі. Так зрабіў Валеры Дымшыц, аўтар невялікай, але найцудоўнейшай кнігі «З Вэнэцыі». І мабыць самае цікавае, пра што я даведалася з гэтай кніжкі — гэта тое, што пра кічавую, завешаную стэрэатыпамі і сантымэнтамі Вэнэцыю ўсё яшчэ можна напісаць па-новаму.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Не раман, але я паўгода таму ўпершыню прачытала «Згублены рай» Джона Мілтана, па-ангельску, з пачатку да канца. Гэта біблейскі эпас, больш за дзесяць тысяч паэтычных радкоў, напісаных белых вершам. Мілтанаўскі белы верш паўплываў на ўсё, напісанае пасьля яго (а стагодзьдзе да яго белы верш распрацоўваў у драме Шэксьпір). Адсутнасьць рыфмы ў белым вершы цікавая не сваёй адсутнасьцю, а тым, штó пры гэтай адсутнасьці выходзіць на першы плян, штó атрымлівае магчымасьць, так бы мовіць, распасьцерці крылы. У выпадку Мілтана — гэта неверагодна цікавыя і складаныя сынтаксічныя канструкцыі, абсалютна магічныя словазлучэньні і словаразлучэньні. Магія на дзесяць тысяч радкоў! Ну і безумоўна мілтанаўскі Сатана — нечакана вельмі сымпатычны і па-чалавечаму зразумелы.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Эн Карсан з Канады, Эліс Освальд з Англіі, Камаў Брэйтуэйт з Барбадасу, Клодыя Ранкін, Кэралін Фаршэ і Ільля Камінскі з ЗША, Вольга Седакова, Марыя Сьцяпанава і Паліна Барскова з Расеі, Тэжу Коўл з Нігерыі, Адам Загаеўскі з Кракаву. Гэта пытаньне-пастка, таму я спынюся перад тым, як схапіцца за сыр. Такіх аўтараў шмат, розных узростаў і моваў. Беларускіх аўтараў не бяруся ўзгадваць. Яны, зразумела, самыя любімыя.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

​Не зусім апошнім часам, але адна з самых сьмешных кніг, якія я калісьці чытала — гэта «Пушкин в жизни».

Яшчэ адна кніжка, да якой я вяртаюся і перачытваю, каб атрымаць асалоду ад аўтарскага гумару і майстэрства, гэта раман 1995 году «Блакітная кветка» брытанскай пісьменьніцы Пэнэлопы Фіцджэралд. У рамане Фіцджэралд запрашае нас у маладыя гады выбітнага нямецкага рамантыка Наваліса, паказваючы запал і экзальтацыю Рамантызму з такім гумарам, што калі мае вока падае на «Блакітную кветку» на паліцы, я мушу кінуць усё, ўзяць раман і чытаць яго, стоячы пасярод пакою.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Перачытвала Генадзя Айгі і было не да ўсьмешак. Часам перачытваю «Карлсана-на-даху» — і вось ужо калі не магу стрымаць сьлёз.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Я не змагла адолець больш за пару старонак Элены Фэрантэ. Гэта пісьменьніца з Нэапалю, якая ў апошнія гады карыстаецца неверагоднай папулярнасьцю ў ЗША. Яе ня толькі ніхто ніколі не бачыў, але нават ніхто ня ведае хто яна (а можа ён ці яны?). Яе кнігі — гэта хроніка жыцьця некалькіх жаночых пэрсанажаў. Мне яны, на жаль, падаліся зусім нецікавымі.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Не чытаю коміксы. Па-за гэтым люблю ўсё, нават дрэнныя пераклады як асобны жанр.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Толькі на паперы. Некалькі кніг адразу: напрыклад, раман, кнігу паэзіі і кнігу нон-фікш. Чытаю штодзень, калі зьяўляецца час — кнігу нашу з сабою заўсёды, куды б ні ішла.

Для эўрапейскага чытача мы — іншасьць, для амэрыканскага — чорная дзірка

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Так, на гэта ў мяне добрая памяць. Кнігі стаяць на паліцах дома і на працы, а таксама ляжаць на пісьмовым стале і ля ложка. Кніг шмат. Калі я жыла ў Балтымары, наведвалася ў бясплатную кніжную краму — так-так, вялізная букіністычная крама, дзе ўсе кнігі бясплатныя. Людзі прыходзілі туды не з торбамі, а з каробкамі. Я дагэтуль расплачваюся за свае заграбучыя ручкі і раздаю гэтыя кніжкі.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Я сама зьдзіўляюся, колькі кніжак я змагла перавезьці праз акіян, нягледзячы на абмежаваньні вагі і месца ў валізах.

Самыя дарагія кнігі — падпісаныя самымі дарагімі сэрцу паэтамі. Напрыклад, асобнікаў з дваццаць Шэймаса Хіні — першыя выданьні, амэрыканскія і брытанскія выданьні той самай кнігі і г.д. — усе падпісаныя ім, кожная крыху па-рознаму, за два гады да сьмерці.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Уладзімір Арлоў паказаў мне свайго падпісанага Транстромэра, а потым падараваў беларускі пераклад.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Вальжына Морт. Фота Віялеты Саўчыц
Вальжына Морт. Фота Віялеты Саўчыц

Апавядач раману «Мадам Бавары» і Эма Бавары. Мэдэя. Насамрэч, калі чытаю кнігу, то там усе ўлюбёныя. Героі добрай кніжкі здаюцца значна больш яскравымі і псыхалягічна складанымі за сапраўдных людзей. Прынамсі, яны раскрываюцца перад табой хутчэй, яны адразу інтрыгуюць і запрашаюць чытача ныраць у свае псыхалягічныя глыбіні, у тое, што застаецца нябачным у зносінах рэальных людзей, якім трэба «трымаць твар». Дзіўныя, складаныя дзеяньні і думкі гэтых герояў не вымагаюць ад нас хуткай рэакцыі і суду. Гэта прывілея нябачнага сьведкі, ад якой нічога не залежыць. Магчымасьць не судзіць — гэта падарунак чытачу ад літаратуры.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Шмат, кніжкі Жуля Вэрна і Астрыд Ліндгрэн, Нільс з яго дзікімі гусямі Сэльмы Лагерлёф; шматлікія казкі-дыяфільмы, якія бацька круціў на дзьвярах спальні зімовымі вечарамі, вершы Хармса, «Сіняя птушка» Мэтэрлінка, часопісы «Трамвай» і «Юный натуралист», казкі Андэрсэна, «Городок в табакерке» Адоеўскага.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

«Эпідэмія ружаў» Вальжыны Морт.

Кніга як невылечная хвароба

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Няхай лепш мяне Андрэй Хадановіч і Марына Шода запросяць яшчэ да сябе.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Я вельмі люблю жанр біяграфіі. Люблю, калі біяграфіі асобнага аўтара, як і пераклады важных раманаў і паэзіі, выходзяць новыя ў кожным новым пакаленьні. Таму аднаго біёграфа — як і аднаго перакладу «на вякі» — мне мала.

Вальжына Морт. Фота Тацяны Капітонавай
Вальжына Морт. Фота Тацяны Капітонавай

Што вы перачытваеце?

Гамэр, Эўрыпід, Катул, Шэксьпір, Джон Кітс, Сэмюэл Коўлрыдж, Гюстаў Флябэр, Канстантынас Кавафіс, Уолтэр Бэн’ямін, Джэймс Джойс, Рыльке, Цыпрыян Норвід, Т. С. Эліёт, Паўль Цэлян, Борхэс, Готфрыд Бэн, Баляслаў Лесьмян, Велімір Хлебнікаў, Тэадор Рэтке, Восіп Мандэльштам, Ганна Ахматава, Чэслаў Мілаш, Гілда Дулітл, Джэй Райт, Робэрт Лоўэл, Ейтс, Галчыньскі, Данііл Хармс, Джын Рыз, Інгеборг Бахман, Умбэрта Саба, Элен Сіксу, Джэймс Болдуін, Лідзія Гінзбург, Дэрэк Ўолкат, Віслава Шымборска, Ўолес Стывэнс, Эмэ Сэзэр, Эліяс Канэці, В. С. Найпал, Чэзарэ Павэзэ, Зьбігнеў Гербэрт, Эдуар Глісан, Генадзь Айгі, Віктар Саснора, Егуда Аміхай, Леанід Аранзон.

Гэта яшчэ адно пытаньне-пастка, значна большая на гэты раз. Спыняюся на самым пачатку гэтага пераліку.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

У бліжэйшым часе спадзяюся пачытаць аўстралійскіх празаікаў, якіх ведаю так мала. Пачну з Патрыка Ўайта і Пітэра Кэры. Зімой спадзяюся нарэшце прачытаць Хальдаўра Кільяна Лякснэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG