Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі «Плошчы-2010» для рэвалюцыі 2020 году


Плошча Незалежнасьці, Менск, 19 сьнежня 2010 г.
Плошча Незалежнасьці, Менск, 19 сьнежня 2010 г.

Чаму пратэсты 2010 году былі кароткачаснымі, а ў 2020 годзе — такімі працяглымі і шматлюднымі? Чаму ў 2010 годзе рэжым не ўжываў такіх зьверстваў, як сёлета? Новыя людзі, якія далучыліся да пратэсту ў гэтым годзе, — ці прынесьлі яны ў пратэст новае разуменьне? Ці ня будзе бэнэфіцыярам беларускай рэвалюцыі 2020 году Расея?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

Карбалевіч

  • У 2010 годзе факт біцьця дзьвярэй у Доме ўраду адмоўна паўплываў на падтрымку апазыцыі з боку грамадзтва
  • Большая, чым у 2010 годзе, жорсткасьць цяпер не дае выніку, бо незадавальненьне грамадзтва рэжымам значна большае
  • Цяпер супраць існага рэжыму выступаюць людзі з рознай ідэалёгіяй, каштоўнасьцямі, геапалітычнай арыентацыяй
  • Нават калі рэжым Лукашэнкі і ўтрымаецца, то Беларусь на працяглы час ператворыцца ў краіну з пэрманэнтным крызысам. Гэта нявыгадна Маскве
  • У бліжэйшыя месяцы мы атрымаем больш жорсткі аўтарытарны рэжым і палітызаванае, рэвалюцыянізаванае грамадзтва, якое прыйшло ў рух, адчула смак свабоды

Цыганкоў

  • У адрозьненьне ад 2010 году, у большасьці пратэстоўцаў у 2010-м ёсьць цьвёрдае адчуваньне, што яны ў большасьці
  • У 2020 і пратэстоўцаў аказалася больш, і настрой у іх больш рашучы
  • У самы крытычны момант Расея зноў дапамагла Лукашэнку, бо вырашыла, што інакш будзе горш, а ў выніку гэтай дапамогі ён будзе Расеі абавязаны
  • Галоўным бэнэфіцыярам зьменаў у Беларусі стане беларускі народ
  • Гістарычны досьвед, гістарычная статыстыка не на баку рэжыму, бо гісторыя паказвае, што ўлада, якая настолькі моцна не супадае з грамадзтвам, у доўгатэрміновай пэрспэктыве ня мае шанцаў на перамогу

7,5 хвіліны і 4 месяцы

Дракахруст: 19 сьнежня 2010 году сілавікі разагналі Плошчу за 7,5 хвіліны. А на наступны дзень плошча была пустая. У 2020 годзе пратэсты працягваюцца ўжо 4 месяцы, лік затрыманых — на дзясяткі тысячаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці — больш за паўтары сотні. Чаму тады было так кароткачасна, а зараз так доўга?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: На мой погляд, беларускае грамадзтва ўжо ў 2010 годзе было ў значнай ступені гатовае да пераменаў. Памятаю, якія былі чэргі ў Менску, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў (Някляева, Саньнікава). Былі сур’ёзныя спрэчкі, хто зь іх можа быць лепшым прэзыдэнтам.

Тады былі дзьве праблемы, перашкоды, якія затушавалі больш масавы пратэст. Па-першае, апазыцыя не змагла дамовіцца пра вылучэньне адзінага кандыдата, дзякуючы чаму Лукашэнка змог набраць больш, чым кожны з апанэнтаў. Па-другое, не зьявіўся, умоўна кажучы, «намэнклятурны» кандыдат. Вось у 2006 годзе такім кандыдатам быў Казулін, у 2020 годзе — Бабарыка і Цапкала. А калі б такі кандыдат зьявіўся ў 2010 годзе і, больш за тое, на яго зрабіла б стаўку апазыцыя, то сытуацыя магла б быць больш небясьпечная для Лукашэнкі.

І яшчэ важны момант. Мяркую, што вось гэты факт біцьця дзьвярэй у Доме ўраду адмоўна паўплываў на падтрымку апазыцыі з боку грамадзтва. Такія рэчы трохі пужаюць людзей. А рэжым скарыстаўся гэтым фактам напоўніцу.

Дракахруст: Жорсткасьць рэпрэсіяў у 2020 годзе была непараўнальна большай. Гэта нібыта мусіла зьнізіць напал пратэстаў. Але ня зьнізіла. Чаму?

Цыганкоў: Тут некалькі прычынаў. Па-першае, грамадзтва зьмянілася за гэтыя 10 гадоў даволі радыкальна, і зьмянілася ў бок, адрозны ад улады. Усё менш людзей успрымаюць гэтыя патэрналісцкія і аўтарытарныя каштоўнасьці, якія мае ўлада.

Па-другое, важны псыхалягічны чыньнік. Адрозна ад 2010 году, у большасьці пратэстоўцаў у 2010-м ёсьць цьвёрдае адчуваньне, што яны ў большасьці. У 2010 годзе людзі былі ўпэўненыя, што былі фальсыфікацыі, але многія не былі ўпэўненыя, што іх кандыдат перамог. А сёлета ўсе ўпэўненыя, што Лукашэнка не набраў ня тое што 80%, а нават 50 і 40 адсоткаў не набраў.

Чаму ў 2010 годзе Акрэсьціна не было катавальняй?

Дракахруст: А чаму сёлета зьверстваў сёлета было значна больш? У 2010 годзе на Плошчы людзей таксама білі, яшчэ да яе быў пабіты Ўладзімер Някляеў, вядома, як абыходзіліся з тымі, каго прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Але не было забітых, не было ні гранатаў, ні куляў, і не было масавых, сыстэматычных катаваньняў у месцах зьняволеньня. У чым прычына? Рэжым жа той жа, Лукашэнка ў 2010 быў той жа, тыя ж амапаўцы былі тады.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Улады выбралі такую тактыку наўмысна, каб максымальна адбіць у грамадзянаў жаданьне пратэставаць. Гэта была спэцапэрацыя застрашваньня, каб тыя, хто пабыў за кратамі, больш баяліся выйсьці на вуліцы. І каб тыя, хто там ня быў, а проста чытаў ці пачуў пра зьверствы, каб таксама баяліся выйсьці.

Дракахруст: Віталь, чаму 10 гадоў таму ўсё гэта не рабілася? Яны ж і тады маглі гэтак жа разьлічваць — мы прадэманструем бязьмежную жорсткасьць і хуценька раздушым пратэст.

Цыганкоў: Бо ў 2010 годзе не было неабходнасьці працягваць карныя апэрацыі. Усіх разагналі 19 сьнежня, і пасьля шоку ад гэтых рэпрэсіяў фактычна ніхто ўжо 20 сьнежня не выйшаў. А ў 2020-м і пратэстоўцаў аказалася больш, і настрой у іх больш рашучы.

Карбалевіч: Ступень жорсткасьці сілавых структураў залежыць ад ступені пагрозы існаму рэжыму. У 2010 годзе дастаткова было той ступені жорсткасьці, каб спыніць пратэст. Я не выключаю, што каб на наступны дзень пасьля таго трагічнага вечару 19 сьнежня людзі зноў выйшлі на вуліцу, то мы б убачылі з боку сілавікоў нешта падобнае на тое, што яны робяць сёньня. Сёлета маштаб пратэсту, пагроза рэжыму аказаліся значна большымі. Адпаведна маштаб рэпрэсіяў на некалькі парадкаў большы. Аднак нават гэтая жорсткасьць цяпер не дае выніку, бо незадавальненьне грамадзтва рэжымам значна большае.

Глядзіце, хто прыйшоў

Дракахруст: У ідэалягічным пляне 2020 год быў больш падобны на 2010 год, чым на 2006-ы. У 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч ішоў на выбары з выразным праэўрапейскім парадкам дня. У 2010 годзе і Андрэй Саньнікаў, і Ўладзімер Някляеў, і Яраслаў Раманчук дэманстравалі гатоўнасьць ісьці насустрач патрэбам і інтарэсам Расеі. Калі гаворыцца, што 2020 год вывеў на вуліцу, прывёў у пратэст новых людзей — ён прывёў новых людзей пад ранейшыя падыходы, пад ранейшыя сьцягі, ці гэтыя новыя людзі прынесьлі і новае бачаньне?

Карбалевіч: У 2010 годзе супраць Лукашэнкі ў асноўным выступалі людзі, якія прытрымліваліся дэмакратычных каштоўнасьцяў. Цяпер супраць існага рэжыму выступаюць людзі з рознай ідэалёгіяй, каштоўнасьцямі, геапалітычнай арыентацыяй. Іх аб’ядноўвае тое, што яны лічаць Лукашэнку галоўным вінаватым ува ўсіх праблемах у краіне. Гэта забясьпечыла перавагу народу над рэжымам і масавасьць пратэстаў.

Цыганкоў: У 2010 годзе былі «Хросныя бацькі», і ўся кампанія ішла на фоне інфармацыйнай вайны з Расеяй. Да таго ж тады была перазагрузка адносінаў ЗША і Расеі, і магчыма, быў той рэдкі момант, калі Масква і Вашынгтон мелі прыблізна аднолькавыя погляды на сытуацыю. Але за некалькі дзён да дня галасаваньня Лукашэнка прыехаў у Маскву і паабяцаў падпісаць усе дамовы, зьвязаныя з мытным зьвязам, і Масква зьмяніла сваё стаўленьне. У выніку Лукашэнка дазволіў сабе разгром 19 сьнежня.

Цяпер Масква таксама падчас выбарчай кампаніі даволі крытычна ставілася да Лукашэнкі, відавочна яна ў нейкай ступені мела дачыненьне да вылучэньня і Цапкалы, і Бабарыкі. І мы ўсе памятаем, што ўсю вясну і лета да 9 жніўня прэзыдэнцкая кампанія ішла фактычна пад антырасейскімі лёзунгамі. Але ў самы крытычны момант Расея зноў дапамагла Лукашэнку, бо вырашыла, што інакш будзе горш, а ў выніку гэтай дапамогі ён будзе Расеі абавязаны.

Хто выйграе ад рэвалюцыі 2020 году?

Дракахруст: Асэнсоўваючы, аналізуючы падзеі дзесяцігадовай даўніны, многія назіральнікі прыйшла да высновы, што бэнефіцыярам, атрымальнікам выгады ад «Плошчы-2010» аказалася Масква. Ці ня прыйдуць многія цяпер ці праз пэўны час да такой жа высновы наконт рэвалюцыі 2020 году? Шмат было і ёсьць кансьпіралягічных тэорыяў, што Масква ўсё гэта і арганізавала. Але гэта іншае пытаньне. Масква можа аказацца атрымальнікам выгады ад працэсу, да арганізацыі якога яна ня мела дачыненьня. Ці не акажацца, што ўсе козыры прыйшлі на рукі Пуціну?

Карбалевіч: Пытаньне складанае. У пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі і ў сярэдзіне яе большасьць экспэртаў прыходзіла да высновы, што пазыцыя Масквы будзе такая: няхай Лукашэнка застанецца ва ўладзе, але будзе моцна аслаблены. І тады з слабым Лукашэнкам лягчэй будзе дамовіцца пра інтэграцыю.

Аднак маштаб беларускай рэвалюцыі аказаўся такім, што паставіў пад пагрозу існаваньне рэжыму Лукашэнкі. А гэта ўжо не адпавядае інтарэсам Расеі. Бо перамога «каляровай рэвалюцыі» у Беларусі была б дрэнным прыкладам для расейскага грамадзтва. Да таго ж, калі ў Беларусі зьявіцца дэмакратычнае кіраўніцтва, то яно пры кожным раскладзе пачне дыстанцыявацца ад Расеі і нармалізаваць адносіны з Захадам.

Але нават калі рэжым Лукашэнкі і ўтрымаецца, то Беларусь на працяглы час ператворыцца ў краіну з пэрманэнтным крызысам. Гэта нявыгадна Маскве. Бо б’е па яе іміджы. Калі галоўны хаўрусьнік Расеі ў стане крызісу, то цярпіць рэпутацыя ўсіх інтэграцыйных аб’яднаньняў на постсавецкай прасторы, архітэктарам якіх ёсьць Расея. А калі Беларусь будзе рухацца да эканамічнага каляпсу, то ратаваць сытуацыю зноў давядзецца Маскве. А гэта новыя фінансавыя выдаткі.

Цыганкоў: Я ўсё ж веру, што галоўным бэнэфіцыярам зьменаў у Беларусі стане беларускі народ. Я ўвогуле даволі скептычна стаўлюся да выказваньняў пра ўсемагутнасьць Масквы на постсавецкай прасторы. Мне здаецца, у Крамлі гэта даўно і самі разумеюць і перайшлі ад спробы кіраваць працэсамі да варыянту «сочым за працэсамі, асьцярожна ўключаемся ў іх, каб атрымаць сваю карысьць». Таксама ня думаю, што Крэмль мае такое радыкальнае неўспрыманьне «каляровых рэвалюцыяў». Бачым на прыкладзе Кіргізстану і Армэніі, што Крэмль даволі спакойна працуе зь лідэрамі, якія прыйшлі ў выніку такіх рэвалюцыяў, — калі яны моцна не супярэчаць расейскім геапалітычным інтарэсам.

«Беларусь больш ужо ня будзе такой, як раней»

Дракахруст: У 2011 годзе адбыліся «маўклівыя пратэсты». У пэўным сэнсе яны былі працягам Плошчы. І гэта, здавалася, пацьвярджала, што рэха Плошчы будзе гучным і доўгім. Здавалася, што Беларусь ужо больш ня будзе такой, якой была да 19 сьнежня 2010 году.

Ці можна гэтак сказаць пра беларускія дзясятыя гады? Зараз мы значна часьцей чуем гэтую тэзу — што Беларусь ужо ніколі ня будзе ранейшай. А досьвед 2010 году і таго, што было пасьля — ці ня сьведчыць, што па-рознаму можа быць?

Цыганкоў: У адказе на гэтае пытаньне хацелася б нагадаць некаторыя рэчы, пра якія мы ўжо казалі, — пра зьмены ў сьветапоглядзе і каштоўнасьцях беларусаў, нават пра зьмены ў эканамічнай сфэры, працаўладкаваньні, што адбыліся за апошнія 10 гадоў. Гэта ўсе ў падтрымку таго тэзісу, што Беларусь сапраўды стала іншай, гэта аб’ектыўны факт, а не публіцыстычная фраза.

Іншая рэч, што аўтарытарны рэжым хоча працягваць трымаць гэтае грамадзтва ў няволі сілай, завярнуць фарш назад, загнаць назад пасту ў тубік. Але гістарычны досьвед, гістарычная статыстыка не на баку рэжыму, бо гісторыя паказвае, што ўлада, якая нагэтулькі моцна не супадае з грамадзтвам, у доўгатэрміновай пэрспэктыве ня мае шанцаў на перамогу.

Карбалевіч: Беларуская рэвалюцыя не закончылася. Таму цяжка даваць прагноз, знаходзячыся ў сярэдзіне працэсу. Сёньня відавочна, што гісторыя Беларусі моцна паскорыла хаду. Але можна канстатаваць, што Беларусь ужо ня будзе той, якой была дасюль. Прычым мяняецца не толькі грамадзтва, але і рэжым. І іх эвалюцыя адбываецца ў процілеглыя бакі.

Рэч у тым, што ранейшымі мэтадамі Лукашэнку ўладу не ўтрымаць. Складваецца сытуацыя, якую клясык рэвалюцыі апісаў у выглядзе формулы: вярхі не могуць кіраваць па-новаму, нізы ня могуць жыць па-старому.

Гэта азначае, што аўтарытарны рэжым у Беларусі, каб выжыць, вымушаны стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней. З гісторыі мы ведаем, што контррэвалюцыя зь непазьбежнасьцю пераходзіць у рэакцыю.

У выніку ў бліжэйшыя месяцы мы атрымаем больш жорсткі аўтарытарны рэжым і палітызаванае, рэвалюцыянізаванае грамадзтва, якое прыйшло ў рух, адчула смак свабоды. Гэта азначае, што вечка кіпучага катла закрываецца яшчэ шчыльней. Канфлікт становіцца больш вострым, непрымірымым, палітычны крызіс паглыбляецца. Беларусь з выспы стабільнасьці ў агляднай будучыні будзе заставацца «хворым чалавекам Эўропы» і ўсёй постсавецкай прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG