Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Санкцыі толькі збліжаюць нас з Расеяй», — былы беларускі дыплямат


Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

Былы беларускі дыплямат і часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч у інтэрвію «Свабодзе» расказвае, чаму лічыць санкцыйны шлях Эўропы супраць афіцыйнага Менску памылковым і адказвае на пытаньне пра магчымыя эфэктыўныя крокі Захаду да беларусаў.

Пра (не)балючасьць санкцый

Наконт балючасьці санкцый я ня ўпэўнены. Я ўвогуле не магу прыгадаць прыкладу з гісторыі, калі яны такімі для кагосьці былі. Боль выклікала рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту, які адмовіў кіраўніцтву Беларусі ў наведваньні Алімпійскіх гульняў. Гэта было відавочна балюча. Гаворка пра санкцыйныя сьпісы ЭЗ. Але калі я бачыў папярэднія сьпісы, то ў мяне не было ўпэўненасьці, што гэтыя людзі ў прынцыпе выяжджалі ў заходнія краіны або зьбіраліся гэта зрабіць.

Пра рэпутацыю

Гэта сур’ёзны ўдар па рэпутацыі Беларусі і дастаткова доўгатэрміновы. Наступствы гэта будуць адчувальныя яшчэ доўгія гады. Я маю на ўвазе менавіта рэпутацыю краіны. Якімі б пэрсанальнымі не былі санкцыі, яны ўсё роўна асацыююцца з краінай. Апошнія санкцыі адмяніліся ў сакавіку 2016 году. Швайцарыя была іх удзельніцай, і таксама іх скасавала. Тым ня менш у 2016 годзе я як прадстаўнік пасольства сутыкаўся з сытуацыяй, калі асобныя швайцарскія банкі адмаўляліся праводзіць фінансавыя апэрацыю зь Беларусьсю, спасылаючыся на санкцыі. Хаця на той іх момант не было ўжо 3 гады. Вось такім доўгім можа быць гэтае санкцыйнае рэха.

Пра Швайцарыю

Для швайцарскага бізнэсу ўвядзеньне санкцый супраць Беларусі — гэта відавочны сыгнал, што з гэтай краінай справу мець непажадана. Калі рэпутацыя ня мае сэнсу ў нас у Беларусі, для швайцарцаў гэта — адзін з ключавых элемэнтаў. У нас зусім іншыя каштоўнасныя падыходы. Мы лічым, што калі цана на нейкі прадукт ніжэйшая, то яго трэба браць. Для швайцарцаў цана прадукту не зьяўляецца канкурэнтнай перавагай. Для іх рэпутацыя кампаніі і гісторыя, якая стаіць за гэтым прадуктам, мае, бадай, ключавую ролю. З пункту гледжаньня бізнэс-кантактаў, паміж Беларусьсю і Швайцарыяй у найбліжэйшы час будзе ледавіковы пэрыяд.

А нашыя адносіны квітнелі. Швайцарыя нядаўна павялічыла ўзровень сваёй дыпляматычнай прысутнасьці ў Менску да пасольства. Быў прызначаны першы ў гісторыі пасол. У лютым упершыню ў гісторыю Беларусь наведаў прадстаўнік фэдэральнага ўраду Швайцарыі. Упершыню галава парлямэнту Беларусі пабываў з афіцыйным візытам у Швайцарыі ў 2018 годзе. Увогуле, гэта быў першы выезд з афіцыйным візытам галавы беларускага парлямэнту ў заходнюю краіну. Мы вельмі шмат страчваем ад гэтай сытуацыі, ад нежаданьня ўладаў чуць голас беларусаў і правільна яго лічыць.

Пра памылковасьць санкцыяў

Калі лічыць, што ключавым замежнапалітычным фактарам, які аказвае ўплыў на падзеі ў Беларусі, зьяўляецца Расея, то санкцыйны шлях нас акурат толькі збліжае з Расеяй. Бо дзякуючы санкцыям у нас зьяўляецца агульны вораг — Захад. Атрымліваецца, што ў тэорыі лідэры пратэсту зацікаўленыя ў дыялёгу з Расеяй, каб убіць клін паміж Пуціным і Лукашэнкам. А на практыцы садзейнічаюць крокам, якія, наадварот, збліжаюць Пуціна і Лукашэнку. Абмяркоўваецца адключэньне ад плацежнай сыстэмы. Зьнікне гэтая і зьявіцца новая, магчыма, расейская або азіяцкая. Ці будзе гэта пажаданым вынікам для аўтараў санкцыйных дзеяньняў?!

Пра слушны шлях

Разьвіцьцё адносінаў з краінамі Захаду — гэта нашая жыцьцёвая неабходнасьць. На мой погляд, Эўропа або тыя, хто яе штурхае, ідуць ня тым шляхам. Я б вітаў крокі Эўразьвязу, накіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Добрым крокам было б увядзеньне бязьвізавага рэжыму для беларусаў, каб ствараць пазытыўны парадак дня менавіта для грамадзянаў Беларусі. Ёсьць Лукашэнка, а ёсьць краіна. І гэтая краіна павінна мець будучыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG