Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успамін пра 19 сьнежня 2010-га: рэжым разьлічваў, што сцэнар 10-гадовай даўнасьці спрацуе і цяпер


Разгон акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010
Разгон акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010

Дзесяць гадоў таму, 19 сьнежня 2010 году, адбыліся ня проста шэсьце, мітынг і разгон дэманстрантаў. У той вечар улада ажыцьцявіла карную акцыю застрашэньня, ужываючы нематываваную жорсткасьць да мірных пратэстоўцаў і асэнсавана хапаючы выпадковых мінакоў далёка ад месца пратэсту. Празь дзесяць гадоў рэжым зноў выкарыстаў такую ж тактыку, але ўжо без ранейшага плёну.

Сьцісла

  • 19 сьнежня 2010 году ўлада зладзіла першую карную апэрацыю, скіраваную ня столькі на разгон пратэсту, колькі на застрашваньне грамадзянаў.
  • Плошча 2010 году сталася апошняй буйной акцыяй «старой апазыцыі».
  • Улада разьлічвала, што «зачысьціла» грамадзкую прастору ад актывістаў. Але раптам нечакана выйшла новая генэрацыя — з маўклівымі акцыямі пратэсту.
  • Падобна, у 2020 годзе Лукашэнка разьлічваў паўтарыць Плошчу-2010 і за два дні зьнішчыць пратэст, каб пасьля дадушыць актывістаў. Але новая генэрацыя грамадзянаў сталася нечакана масавай і ўпартай.

Нават вэтэраны пратэставага руху Беларусі вылучаюць падзеі канца 2010-га — пачатку 2011-га ў асобную зьяву. Было такое адчуваньне, што ўлада намагалася «канчаткова вырашыць апазыцыйнае пытаньне». Раз і назаўсёды зьнішчыць любыя спробы публічна апаніраваць Лукашэнку.

Увечары 19 сьнежня 2010 году, пасьля заканчэньня чарговых «выбараў Лукашэнкі», на плошчы Незалежнасьці АМАП і ўнутраныя войскі ажыцьцявілі сапраўдную карную апэрацыю застрашэньня: нематывавана жорстка білі мірных пратэстоўцаў, якія ўжо разыходзіліся. Мэтанакіравана рабілі аблавы на людзей за кілямэтар — два ад месца мітынгу. Падобная жорсткасьць паўтарылася на наступны дзень, калі людзі спрабавалі сабрацца ў цэнтры.

Пасьля на працягу яшчэ больш як двух месяцаў рабілася «зачыстка» грамадзка-палітычных актывістаў. Большасьць кандыдатаў на прэзыдэнта і сябры іх камандаў апынуліся за кратамі. Па ўсёй Беларусі затрымалі каля 900 чалавек, зь іх каля 600-700 у Менску. Беларусь была адкінутая ад нармальных стасункаў з Захадам на гады назад. І яшчэ больш загразла ў «саюзьніцтве» з Расеяй.

Затрыманьні 20 сьнежня 2010
Затрыманьні 20 сьнежня 2010

На плошчы Незалежнасьці я ў той вечар апынуўся ў самым цэнтры натоўпу. Пра «штурм» Дому ўраду зь біцьцём шкляных дзьвярэй і вокнаў я дазнаўся толькі на наступны дзень з навінаў БТ. Такі гэта быў нячутны і нябачны «захоп улады». Менавіта «спробай захопу ўлады» тлумачылі сваю жорсткасьць «сілавікі». Хоць правакацыя была відавочная. У самім Доме ўраду ўжо сядзела засада, а гучнага працэсу над «нападнікамі» пазьней не было. У паветры дагэтуль вісіць пытаньне без адказу: хто заказаў і хто арганізаваў правакацыі і наступны жорсткі сцэнар?

Але быў і пазытыўны вынік, які разьвіваўся ўсе наступныя дзесяць гадоў — масавая самаарганізацыя ў справе дапамогі затрыманым. Пасьля ня раз беларусы арганізоўваліся праз інтэрнэт для вырашэньня агульных праблемаў. Карані ўзьнікненьня грамадзянскай супольнасьці праз дваравыя тэлеграм-каналы 2020 году я бачу там — у 2010-м.

Пакуль гартавалася будучая грамадзянская супольнасьць, а ўлады палявалі на актывістаў «старой апазыцыі», краіну ахапіў эканамічны крызіс, які абваліў курс беларускага рубля амаль у тры разы. Вясной 2011-га праз сацыяльныя сеткі арганізаваліся тысячы маладых людзей, якія выйшлі на маўклівыя акцыі пратэсту. Высьветлілася, што трапіць на «суткі» можна толькі за плясканьне ў далоні. Мяркую, з тых юнакоў вырасла ядро пратэстоўцаў 2020 году.

Летам 2020 году Лукашэнка прыгразіў «разабрацца» з усімі пасьля выбараў. Усе разумелі, што людзі выйдуць на пратэст. Я ўпэўнены, што невераемна непрапарцыйнае ўжываньне сілы супраць людзей было матрыцай 2010 году. За дзень-два прыдушыць пратэст — і далей працягваць паляваньне на актывістаў, пачатае яшчэ да «выбараў».

Так, як у 2010-м, не атрымалася. Людзі самі зьдзівіліся, як шмат іх выйшла ў першую нядзелю пасьля «выбараў» і вар’яцкай карнай апэрацыі 9–12 жніўня. А пасьля яшчэ больш, пасьля яшчэ — да паўмільёна чалавек па ўсёй краіне. Памнажайце на дзесяць — вось і прыблізная колькасьць «апазыцыйна настроеных грамадзянаў».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG