Тарас параўноўвае беларускую турму з кінэматаграфічнаю, лічыць вартаю новай экранізацыі аповесьць Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха», і разважае, як зьмянілася Беларусь за амаль месяц, што ён быў за кратамі.
Глядзець размову на відэа цалкам.
Асноўныя тэзісы:
Пра затрыманьне
15 лістапада я быў на вуліцы Арлоўскай, праходзіў ля міліцэйскага пастарунку. Мяне папрасілі паказаць торбу, у ёй нічога не было. Потым пачалі крычаць, што я спрачаюся, павалілі на зямлю, ударылі нагамі некалькі разоў, білі дубінкай. Потым пачалася мая адысэя — пераезд у Савецкае РУУС, потым на Акрэсьціна, далей у турму Баранавічаў.
У Савецкім РУУС мы стаялі ля сьцяны да 2-й гадзіны ночы, на вуліцы было 2-3 градусы. Было халодна, я круціў рукамі, тупаў на месцы, каб сагрэцца. Нас потым адправілі ў падвал Савецкага РУУС, але там ужо не хапала кіслароду, было вельмі душна. Так пратрымалі да 4-й гадзіны раніцы. Далей этапавалі ў ІЧУ ў аўтазаках, у якіх мы стаялі на каленях. На Акрэсьціна я правёў пяць дзён, потым этапавалі ў Баранавічы, дзе прасядзеў 20 дзён.
Чаму прысудзілі 25 дзён
Я б не сказаў, што было страшна, калі мяне арыштоўвалі. Я не супраціўляўся, мне заламалі рукі і ўсё. Потым высьветлілася, што я нібыта адмаўляўся падпарадкоўвацца «законным дзеяньням супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Быў складзены адпаведны пратакол, і я атрымаў 15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і яшчэ 10 дзён за непадпарадкаваньне. Мае сукамэрнікі, калі атрымлівалі 15 содняў, апускалі галаву, але я не зьдзівіўся, бо разьлічваў, што мне дадуць максымум, рыхтаваўся да горшага. Таму выглядала ня так і дрэнна, калі атрымаў у суме 25 содняў.
Чым «кіношная» турма розьніцца ад сапраўднай
Калі згадваць фільмы пра турму, розныя асацыяцыі і алюзіі, то, магчыма, беларускай турме найбольш адпавядае кіно пра турму часоў «перабудовы». Атмасфэрай яно бліжэйшае. І дэкарацыямі бліжэйшае, прынамсі, турме ў Баранавічах. Гэта была старая частка турмы. Я сядзеў у камэры, дзе не было рамонту, і там усё нагадвала пра 90-я гады, фільм 1989 году «Беспредел». У фільме нават камэры лепей выглядалі, чым тыя, дзе сядзелі мы. Няроўныя, месцамі нахіленыя, стальныя звараныя нары, патрэсканы тынк. У Баранавічах мы сядзелі ў вялікай камэры. Ніжняя частка сьцяны пафарбаваная ў зялёны колер, а верхняя калісьці была белай. Цяпер яна была ў чорных разводах, быццам там нешта гарэла, ці гэта прастора патанула і ўсплыла, і таму такія разводы былі атмасфэрныя. Заходзіш, разумееш, што тут табе жыць 20 дзён, і хапаесься за галаву. Але чалавеку ўласьціва адаптавацца. Выглядала гэта ўбога, але я разумеў, што можна пражыць гэтыя 20 дзён.
Пра турму як артхаўз
Калі згадваць амэрыканскае кіно пра турму, то тут няма нічога сувымернага. Беларуская турма, які любілі сукамэрнікі казаць, гэта такі артхаўз, калі ўсё адбываецца вельмі павольна, ты мала што разумееш і нічога практычна не адбываецца. Можаш толькі пачытаць кнігу і заглыбіцца ў нейкі іншы сьвет. А калі кнігі няма, будзе складана. Калі пішуць лісты, гэта крута, калі не, то ў цябе застаюцца толькі «прыёмы ежы», дзьве прагулянкі на тыдзень і магчымасьць памыцца ў пятніцу. Астатні час ты знаходзісься ў камэры зь іншымі людзьмі і нічога ня робіш.
Пра мянушкі наглядчыкаў
Адносіны з адміністрацыяй уносяць пэўны забаўляльны элемэнт. Там розныя людзі, мы іх усіх па-рознаму называлі. Кожнаму давалі мянушку. Была дзяўчына, якія ўсіх на вельмі пазытыўнай ноце вітала бадзёра «Добры дзень», і мы яе назвалі «добрыдзень». Быў наглядчык, якога мы назвалі «шнар», гэта быў чалавек са шнарам, які заходзіў і крычаў, каб мы не сядзелі на пледах. Усе наглядчыкі нешта крычалі, і мы спрабавалі іх адрозьніваць — з кім можна дамовіцца пра нешта, а з кім не.
Пра тое, як зьмянілася Беларусь за 25 дзён
Моцна зьмянілася. Калі я выйшаў, то пабачыў, што гайкі ўлада стала закручваць мацней. Перад маёй пасадкай 15 лістапада яшчэ не штрафавалі і не каралі за сьцягі ў кватэрах, а цяпер за гэта арыштоўваюць. Тады гэта цяжка было ўявіць. Каб мне сказалі 15 лістапада, што так будзе, я б, напэўна, не паверыў. А цяпер гэта норма жыцьця. Мяне сытуацыя яшчэ больш прыціснула, бо я зразумеў, што з прычыны зімы і вялікай актыўнасьці сілавых структураў магчымасьці выказваньня грамадзянскіх свабодаў значна звузіліся. Не сказаў бы, што ўсё вельмі дрэнна, але драматычна.
Як зьмяніўся пасьля турмы
Нібыта са мной нічога вельмі страшнага не адбылося, але мне вельмі цяжка ўпісацца ў цяперашні рытм жыцьця. Былі нават думкі ўсё кінуць і зьехаць. Потым адпусьціла, і я зразумеў, што папраўдзе ня ўсё так дрэнна для мяне асабіста. Ня трэба сумаваць і траціць веру. Думаю, няма асаблівай патрэбы ў псыхалягічнай дапамозе, змагу даць рады гэтаму самастойна.
Пра кнігі ў турме
Я прачытаў 13 кніг за кратамі. Сярод іх аповесьць Уладзімера Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха». Гэта блякбастэр на ўзроўні літаратуры. У нас была экранізацыя, але цяпер гэта мог бы быць вельмі актуальны фільм, нягледзячы на разыходжаньне ў часе падзеяў, пэўную прыдуманасьць і лёгкі містыцызм. У цэлым сытуацыя з пагоняй, якая ўсіх карае, вельмі падобная на тое, што цяпер у Беларусі адбываецца. Вельмі ўразіла «Воўчая зграя» Васіля Быкава. Мне мясцовы кантэкст, на якім ствараліся гэтыя творы, быў бліжэйшы, чым сусьветная клясыка, тыя Стэйнбэк, Сэлінджэр, якіх чытаў за кратамі. Чытаньне кніг беларускіх аўтараў у турме надавала асэнсаванасьці. Мне не хапала за кратамі Кафкі, тых жа «Калымскіх апавяданьняў і «Архіпэлягу ГУЛАГ».
Пра таленавітае кіно, якое пабачыў на свабодзе
Я выйшаў у чацьвер, а ў пятніцу ўжо быў на фэстывалі WATCH DOCS Belarus 2020, паглядзеў фільм журналісткі Аляксандры Дынько «Гэтая песьня называецца 328» пра моладзь, якую садзяць паводле артыкула 328. Фільм мне вельмі спадабаўся, і я раіў бы яго паглядзець. Аляксандра яго рабіла разам з дакумэнталісткай Тацянай Гаўрыльчык, і ў іх разам атрымалася добрае менавіта дакумэнтальнае кіно для шырокага экрану, а ня толькі для тэлевізіі. Заўсёды ёсьць жаданьне зьняць нешта публіцыстычнае, калі ёсьць стэндап і нехта нешта нагаворвае. А там элемэнт назіраньня, ты глядзіш і перажываеш разам з гэтым маладым пакаленьнем ягоныя праблемы.