Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гран-пры міжнароднага конкурсу мабільнага кіно атрымаў фільм з ЗША, прыз народнага журы дастаўся беларусам


Кінафэстываль Velcom Smartfilm
Кінафэстываль Velcom Smartfilm

31 студзеня адбылася цырымонія закрыцьця 7-га фэстывалю мабільнага кіно Velcom Smartfilm.

Гран-Пры конкурсу Velcom Smartfilm атрымала карціна «Інтэр’еры і экстэр’еры» (Interiors & Exteriors), рэжысэр Ашык Мостафа (ЗША). Пераможцу будзе ўручаная памятная статуэтка і 3 000 рублёў. Зьняты адным кадрам фільм пра заканчэньне намазу ў адным з гарадоў Бангладэш выклікаў захапленьне журы і неадназначную рэакцыю гледачоў.

У тройку найлепшых увайшлі карціны з Румыніі, Вялікай Брытаніі і Аўстрыі. А экранізацыя фрагмэнту кнігі «Радзіва Прудок» Андруся Горвата пад назвай «Ягор», зьнятая акторамі Купалаўскага тэатру, атрымала прыз народнага журы і адмысловы прыз ад арганізатараў фэстывалю.

У склад прафэсійнага журы ўвайшлі дырэктар праграмы ігравога кіно фэстывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў, кінакрытык і кінааналітык Максім Жбанкоў, кіназнаўца і кінакрытык Антон Сідарэнка, рэжысэр Зьміцер Сямёнаў-Алейнікаў, кінакрытык Ганна Яфрэменка і прадусар Леанід Каліценя. На конкурс было даслана 311 стужак з 51 краіны сьвету.

1-е месца заняла стужка пра каханьне сьлімакоў «Доўгая гісторыя сьцісла» («A Long Story Short»), рэжысэр Андрэй Аленэску (Румынія). Паводле журы, выкшталцоныя макраздымкі, зробленыя на мабільны тэлефон, пранікнёная музыка, незвычайныя ракурсы, гульня сьвятла і ценю — за ўсё гэта фільм справядліва атрымлівае 1-е месца.

1 месца (відэа):

Свой выбар сябра журы Антон Сідарэнка абгрунтаваў тым, што гэты фільм ідэальна ілюструе правіла: у кіно вельмі важны ракурс, маштаб аўтарскага бачаньня.

«Мы звычайна праходзім міма сьлімакоў і іх не заўважаем. А чалавек ня проста іх заўважыў, ён зьняў надзвычай прыгожую і кранальную гісторыю. Я магу толькі парадавацца за Андрэя, бо, калі ён пачне здымаць людзей, у яго атрымаецца яшчэ лепш».

2-е месца заняў брытанскі фільм «Прымат» («Ape»), рэжысэр Ной Данбар (Вялікая Брытанія). Фільм апавядае пра агрэсію тыповага няўдачніка ў жанры сатырычнага хорару, што даволі незвычайна для мабільнага кіно.

2 месца (відэа):

3-е месца было аддадзена вельмі злабадзённаму фільму аўстрыйскага рэжысэра Майкла Холцэра «Акурат у час» («Just in Time»), які гіпэрбалізавана паказвае, наколькі мабільныя прылады сталі кіраваць нашым жыцьцём.

3 месца (відэа):

За першае, другое і трэцяе месца аўтары стужак атрымаюць топавыя смартфоны.

Сёлета ўпершыню арганізатары конкурсу далі магчымасьць ацэньваць мабільнае кіно ўсім кінааматарам. Народнае журы пад кіраўніцтвам кінааглядальніка Тараса Тарналіцкага таксама вылучыла топ-10 фільмаў, якія набралі найбольш галасоў у інтэрнэт-галасаваньні. У дзясятку лепшых увайшлі 8 фільмаў зь Беларусі, два зь іх — на беларускай мове.

Галоўны прыз народнага журы атрымаў фільм Рамана Падалякі «Ягор», зьняты творчай камандай Купалаўскага тэатра па матывах кнігі «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, які калісьці працаваў у тэатры дворнікам, а потым зьехаў у палескую вёсачку, напісаў там кнігу і праславіўся.

10-хвілінны фільм, зьняты ў найлепшых тэатральных традыцыях, напраўду выйшаў за межы жанру кіно і нагадаў журы фільмы «Догвіль» і «Мандэрлей» Ларса фон Трыера.

Прыз народнага журы:

Старшыня народнага журы Тарас Тарналіцкі падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

«Усё было дастаткова проста. Мы былі аднадушныя. Работы былі цікавыя, але адразу быў відавочны пераможца. Фільм купалаўцаў вылучаўся, нібыта ён зь іншай вагавай катэгорыі».

Прыз у адмысловай намінацыі «Нефармат» атрымаў расейскі фільм «Не», рэжысэр Раман Салахутдзінаў (Расея). Замалёўка пра забабоны і забароны пры прыёме на працу прыйшлася да душы народнаму журы.

Адмысловая намінацыя «Нефармат»:

Напрыканцы цырымоніі закрыцьця 7-га фэстывалю мабільнага кіно ўсе ўдзельнікі, якія змаглі прыехаць на імпрэзу, атрымалі дыплёмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG