У канцы 2019 году мы задалі 19 экспэртам 17 пытаньняў пра тое, што Беларусь і сьвет чакае ў 2020 годзе.
Мы задавалі гэтыя пытаньні:
- заснавальніку Цэнтру новых ідэяў, аналітыку брытанскага Chatham House Рыгору Астапеню,
- экспэртцы ў міжнародным праве, журналістцы Аляксандры Багуслаўскай,
- палітычнаму аналітыку Паўлюку Быкоўскаму,
- аналітыку лічбавых мэдыя Агенцтва глябальных мэдыя ЗША Францішку Вячорку,
- эканамісту, старэйшаму аналітыку кампаніі «Альпары Эўразія» Вадзіму Іосубу,
- галоўнай рэдактарцы інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыі Касьцюговай,
- рэдактару аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандру Класкоўскаму,
- эканамічнай аглядальніцы, рэдактарцы палітыка-эканамічнага блёку навінаў парталу TUT.BY Вользе Лойцы,
- галоўнаму рэдактару газэты «Наша ніва» Ягору Марціновічу,
- грамадзкаму дзеячу, блогеру Эдуарду Пальчысу,
- публіцысту, кандыдату гістарычных навук, асуджанаму ў справе REGNUM Юрыю Паўлаўцу,
- палітолягу, кіраўніку Рады міжнародных адносінаў «Менскі дыялёг» Яўгену Прэйгерману,
- палітычнаму аналітыку Пётру Пятроўскаму,
- пэдагогу, пісьменьніцы Ганьне Севярынец,
- журналісту «Белсату», блогеру Сьцяпану Сьвятлову (Nexta),
- журналісту і аналітыку Сержу Харытонаву,
- аналітыку Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Кацярыне Шмацінай,
- журналісту, палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману,
- спэцыялісту ў сацыяльных мэдыя, бізнэсоўцу, уладальніку кампаніі «Чысты кіт» Івану Шылу.
Вось іх адказы
Хто ж зь іх аказаўся найбольш дакладным у сваіх прагнозах?
Нашыя пытаньні:
1. Якім будзе курс даляра ў канцы 2020 году?
На 24 сьнежня 2020 году курс даляра складаў 2.58 рублі.
Дакладней за астатніх у прагнозах аказаліся Касьцюгова і Сьвятлоў, яны прадказвалі курс 2,5 рубля за даляр. Астатнія экспэрты прадказвалі ніжэйшы курс, часьцей — 2,3 рубля за даляр.
2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?
Кандыдатамі ў прэзыдэнты ў 2020 годзе былі Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сяргей Чэрачань і Сьвятлана Ціханоўская.
Дакладна колькасьць кандыдатаў прадказалі Вячорка, Марціновіч, Прэйгерман, Сьвятлоў і Шмаціна — прыкладна кожны чацьверты з экспэртаў.
3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?
Наўпрост Расея не дэманстравала падтрымкі якога-небудзь кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі
Такія паводзіны Расеі прадказвала амаль палова экспэртаў — 9 з 19 ( Вячорка, Класкоўскі, Лойка, Пальчыс, Паўлавец, Сьвятлоў, Шмаціна, Шрайбман, Шыла)
4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?
Паводле афіцыйных зьвестак другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2020 годзе заняла Сьвятлана Ціханоўская, набраўшы 10,12%. Супраць усіх, паводле афіцыйных лічбаў, прагаласавала 4,59%. Паводле пратаколаў УВК, сабраных ініцыятывай «Честные люди», таксама яна заняла другое месца. Паводле апытаньня Chatham house сярод гарадзкога насельніцтва Беларусі яна заняла першае месца, другое — Аляксандар Лукашэнка.
Такога выніку не прадказаў ніводзін з 19 экспэртаў. 5 экспэртаў палічылі, што другім будзе Алег Гайдукевіч, па адным — Сяргей Гайдукевіч і Алена Анісім, 4 прадказвалі другое месца опцыі «супраць усіх».
5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?
У сьнежні 2020 прэм’ерам зьяўляецца Раман Галоўчанка, прызначаны на пасаду напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Прызначэньня Галоўчанкі не прадказаў ніводзін экспэрт. Шмаціна адказала, што кіраўніком ураду будзе «крэпкі хазяйственік». 7 экспэртаў меркавалі, што прэмʼерам застанецца Сяргей Румас, трое назвалі імя Аляксандра Турчына, па адным — Кірыла Рудога, Натальлі Качанавай і Уладзіміра Макея.
6. Ці пакажуць у расейскай фэдэральнай тэлевізіі фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?
Падобны фільм на расейскіх фэдэральных тэлеканалах паказаны ня быў.
Правільна прадказала большасьць экспэртаў — 10 (Астапеня, Іосуб, Касьцюгова, Класкоўскі, Марціновіч, Паўлавец, Прэйгерман, Пятроўскі, Шрайбман, Шыла).
7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы зьменаў у Канстытуцыі?
Афіцыйны тэкст паправак да Канстытуцыі, якія прапануе Лукашэнка, апублікаваны да канца 2020 году ня быў. Аднак пэўныя прапановы былі агучаныя, прынамсі, аб канстытуцыйным статусе Ўсебеларускага народнага сходу і перадачы яму часткі цяперашніх паўнамоцтваў прэзыдэнта.
6 экспэртаў прадказвалі, што прапановы будуць агучаныя, 10 — што не.
8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць у 2020 годзе прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?
У 2020 годзе да крымінальнай адказнасьці з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год быў прыцягнуты толькі кіраўнік ЗАТ «Белцяжмаш» Ігар Анішчанка (78-ы нумар у рэйтынгу) . Перадвыбарчы штаб Віктара Бабарыкі знаходзіўся ў будынку, які належаў «Белцяжмашу».
Дакладна колькасьць самых буйных бізнэсоўцаў, якія трапяць за краты, прадказаў Прэйгерман, Астапеня адказаў — 1 ці 2. 6 экспэртаў спрагназавалі, што да крымінальнай адказнасьці ня будзе прыцягнуты сёлета ніводзін топ-бізнэсовец, амаль столькі ж (7 экспэртаў) называлі лічбы, большыя за 1.
9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?
Такая праграма ў 2020 годзе прынятая не была.
Правільны прагноз далі 6 экспэртаў (Багуслаўская, Іосуб, Касьцюгова, Марціновіч, Пальчыс, Сьвятлоў).
10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр, а калі так, то ў якіх памерах?
Кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр Беларусь у 2020 годзе не атрымала.
Амаль усе — 17 з 19 экспэртаў — прадказвалі, што Беларусь сёлета кампэнсацыі за манэўр не атрымае.
11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?
Гэтая цана складала 127 даляраў ЗША за тысячу кубамэтраў газу.
Дакладны прагноз далі Іосуб, Касьцюгова і Марціновіч. Іосуб напісаў канкрэтную лічбу — 127 даляраў, Касьцюгова і Марціновіч меркавалі, што цана будзе такой жа, як і ў 2019 годзе. Яна не зьмянілася.
12.Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?
Адпаведны закон у Беларусі сёлета прыняты ня быў.
Правільны прагноз далі 13 экспэртаў.
13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго ўжываньне?
У 2020 годзе больш чым тром тысячам асуджаных паводле «антынаркатычнага» 328 артыкула Крымінальнага кодэксу скарацілі тэрміны зьняволеньня. Пад амністыю да 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне трапілі больш за тысячу асуджаных па гэтым артыкуле КК.
У адказах экспэрты падзяліліся на тры прыкладна роўныя групы: 6 адказалі станоўча, 5 выказалі думку, што адбудзецца лібэралізацыя ўжываньня антынаркатычнага заканадаўства (што і адбылося), і 6 экспэртаў далі адмоўны адказ.
14. Ці будуць масавыя пратэсты?
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі адбыліся масавыя пратэсты, беспрэцэдэнтныя як колькасьцю ўдзельнікаў, гэтак і паводле геаграфічнага ахопу і працягласьці. У некаторых акцыях пратэсту бралі ўдзел разам да 300 тысячаў удзельнікаў.
Фармальна кажучы, дакладны прагноз далі Вячорка, Касьцюгова, Сьвятлоў і Шмаціна. Аднак яны без удакладненьняў адказалі, што масавыя пратэсты будуць. Але іх беспрэцэдэнтны маштаб не прадказвалі і яны. Іншыя экспэрты адказвалі, што альбо пратэстаў ня будзе, альбо яны будуць малалікімі.
15. Колькі каштавацьме для беларусаў шэнгенская віза?
З 2 лютага 2020 году цана шэнгенскай візы для беларусаў вырасла з 60 да 80 эўраў. Пасьля ўступленьня ў моц візавай дамовы паміж Беларусьсю і ЭЗ з 1 ліпеня яна зьнізілася да 35 эўраў.
Пераважная большасьць экспэртаў (15 з 19) прадказала, што цана шэнгенскай візы для Беларусі складзе 35 эўраў. Роўна палову году яна столькі і складала.
16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай назаве Белстат у выніку перапісу 2019 году?
Паводле дадзеных Белстату 54% грамадзянаў Беларусі падчас перапісу 2019 году назвалі роднай беларускую мову.
Бліжэй за ўсіх да гэтай лічбы быў прагноз Вадзіма Іосуба (55%). Блізкія прагнозы далі Харытонаў (56%), Пальчыс (51%) і Сьвятлоў (крыху больш за 50%). Прагнозы іншых экспэртаў былі менш дакладнымі, яны вагаліся ад 20 да 65 адсоткаў.
17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?
Паводле рашэньня калегіі электараў, прынятага 14 сьнежня 2020 году, прэзыдэнтам ЗША быў абраны кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джозэф Байдэн.
Дакладна такі вынік не прадказваў ніводзін экспэрт. Правільны, але неканкрэтны прагноз далі Астапеня (кандыдат ад Дэмакратычнай партыі) і Паўлавец (ня Трамп і ня афраамэрыканец). Шмаціна ў адказе назвала імя Байдэна, але як уласнае пажаданьне, а не як прадказаньне. Больш за палову — 10 экспэртаў — прадказалі перамогу Трампа. Астатнія назвалі імёны іншых палітыкаў: двое — Элізабэт Уорэн, адзін экспэрт — Майкла Блумбэрга.
Камэнтар Юрыя Дракахруста
Калектыўныя прагнозы — не прадказаньне, а адлюстраваньне «духу часу».
Калі падводзіць арытмэтычныя вынікі леташняга апытаньня, то найбольш дакладнымі ў прагнозах былі Валерыя Касьцюгова, Вадзім Іосуб і Сьцяпан Сьвятлоў (па 10 дакладных адказаў).
Але значэньне і сэнс прагнозаў не вычэрпваюцца арытмэтыкай.
Часам памыляюцца і кампэтэнтныя і дасьведчаныя экспэрты, памыляюцца і паасобку, і нават у большасьці.
Нямала прыкладаў гэтага дала і леташняе апытаньне. Найбольш яскрава спудлавалі прагнозы другога месца прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, масавых пратэстаў у Беларусі, курсу даляра, вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.
Леташняе апытаньне дала больш падобных прыкладаў, чым ранейшыя падобныя апытаньні — хто ж ведаў, што пандэмія каранавірусу ахопіць увесь сьвет? А менавіта «чорны лебедзь» у выглядзе COVID-19 быў важным, калі не вырашальным, фактарам, які вызначыў хаду многіх падзеяў у 2020 годзе. Таму папракаць экспэртаў за недакладныя адказы наўрад ці варта.
Але ёсьць і больш грунтоўная падстава іх не папракаць.
Прагнозы дастаткова вялікай колькасьці экспэртаў выяўляюць дыскурс — супольнае ўяўленьне пра сьвет і шляхі яго разьвіцьця.
Экспэрты не прадказвалі рэвалюцыю ў Беларусі ў 2020 годзе. І гэта само па сабе важны факт для яе характарыстыкі. Напярэдадні выбараў 2006 і 2010 гадоў Плошчы прадказвалі і іх чакалі. Летась гарачага палітычнага году не прадказвалі.
Хаця некаторыя прагнозы выявіліся дакладнымі. Гэта ў першую чаргу прагноз цаны шэнгенскіх візаў і кампэнсацыі за падатковы манэўр (дакладней, яе адсутнасьці). У адказах на гэтыя пытаньні экспэрты былі аднадушныя і рэальнасьць 2020 году адпавядала гэтым аднадушным адказам.
У адным пытаньні — наконт «прагнозу назад» пра адсотак роднай беларускай мовы ў перапісе 2019 году — экспэрты аказаліся даволі дакладнымі ў сярэднім. Роскід прагнозаў быў вельмі вялікі, але сярэдні паказьнік склаў 50%, што ўсяго на 4 адсоткавыя пункты менш, чым аказаўся адпаведны паказьнік перапісу.
Але ў кожным разе калектыўныя прагнозы, нават памылковыя — гэта адлюстраваньне «духу часу», чаго людзі чакаюць ці баяцца, як яны бачаць сьвет.