Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграму інтэграцыі падпішуць, выконваць ня будуць: Севярынец, Nexta і Шрайбман пра 2020 год


Што нас чакае сёлета — натуральнае пытаньне. Нехта скажа — гэта гаданьне на кававай гушчы. Іншы дадасьць: раскажы пра свае пляны на будучыню — пасьмяшы Бога.

Тым ня менш, Свабода, як і ў папярэднія гады, зьвярнулася да шэрагу экспэртаў з просьбай адказаць — чаго яны чакаюць у 2020 годзе, што яны бачаць у чароўным шары свайго вопыту, ведаў і інтуіцыі?

У канцы 2020 году мы вернемся да гэтай анкеты і паглядзім, хто з апытаных меў рацыю.

У першыя дні 2020 году мы ўжо апублікавалі прагнозы 12 экспэртаў. Сёньня – прагнозы апошніх сямі.

Пётра Пятроўскі, палітычны аналітык

Пётра Пятроўскі
Пётра Пятроўскі

1. Курс рубля на канец году

Усё залежыць ад выбараў прэзыдэнта ЗША.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Колькі Бог пашле.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Так. Гэтым кандыдатам будзе Аляксандр Рыгоравіч.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Кандыдат ад апазыцыі.

5. Хто будзе прэм'ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Той, хто выканае сацыяльна-эканамічныя паказчыкі.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Грошай няма на фільм. «Газпром» патрабуе падвышэньня коштаў на газ унутры Расеі. Яшчэ тры мільярды трэба выплаціць Украіне, ня кажучы пра трубаўкладчык, які павінен дакласьці Паўночны паток – 2. Так што грошай на фільм няма.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Усё залежыць ад вынікаў выбараў.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Столькі, колькі накрадзе ці паспрабуе палабіраваць зломку беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Будзе, але не зразумела ці менавіта ў 2020 годзе. Па словах Сямашкі, яна павінна быць рэалізавана не раней за 2022 год.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Атрымае, але толькі ў 2022 годзе. Памер залежыць ад колькасьці набытай нафты.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

У межах 98-107 даляраў за тысячу кубоў, калі «Газпром» не падвысіць кошты ўнутры самой Расеі.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Прымуць, але не такі, які хочуць лібэралы і заходнія НДА.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Для тых, хто не спажывае і не распаўсюджвае наркотыкі – будзе. Для іншых – не.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Калі зьнянацку апазыцыя прыйдзе да ўлады, то так.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

Колькі Брусэль захоча зарабляць на беларусах, столькі і будзе.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

30%.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Дональд безальтэрнатыўны.

Ганна Севярынец, пэдагог, пісьменьніца:

Ганна Севярынец

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

Мммм… а які ён цяпер? Спадзяюся, ён ня моцна зьменіцца ва ўмовах нашай бясконцай стабільнасьці.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Баюся, што адзін.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Думаю, нам павінна быць усё роўна, каго там публічна падтрымлівае Расея.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

У сэнсе: каму прымалююць хвосьцік ад элегантнай перамогі? Хто б ён ні быў, перадаю яму прывітаньне.

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Мммм… А хто там у нас цяпер?

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Магу прапанаваць нават сюжэт такога фільма: «Хросная маці», пра Лідзію Міхайлаўну. Зь цікавасьцю пагляджу.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Я б яму ня раіла.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Госпадзе, дай ім бог здароўечка ўсім, гэтым бізнэсоўцам зь небясьпечнага сьпісу невядомага мне «ежедневника».

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Ня ведаю, як у іх там, унутры мяне яна ня будзе прынятая ніколі. Гэтага жадаю ўсім нам. Ну, і вядома ж, ім там – таксама.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Калі я бачу ў межах аднаго сказу словы «Расея» і «манэўр», перад вачыма адразу ўзьнікае імпэратар Павел Першы і ягоныя дрэсіраваныя войскі. Іншых асацыяцый ня маю, кампэнсацый ад Расеі не чакаю, бо мне ад іх ані халодна, ані горача.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Якой бы яна ні была, абы толькі ня купленая коштам нашай зямлі.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

А як тады адкручваць галовы шчанюкам?

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Мамачкі… Як яго лібэралізуюць, можна будзе з поўным правам публічна пытацца: «што там кураць у Мінаду?»

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Павінныя быць. Гэта ці не адзінае, што ў нас засталося свайго.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

Добра было б, каб беларусам яна наогул не была б патрэбнаю.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

Які б вынік яны нам ні агучылі, ён усё адно будзе недастатковы. Трэба ў два разы болей. А потым – яшчэ ў два разы.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Няхай бы ўжо жанчыну).

Сьцяпан Сьвятлоў (Nexta), журналіст «Белсату», блогер

Сьцяпан Сьвятлоў
Сьцяпан Сьвятлоў

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

2.5 даляры, 3 эўра, 350 расейскіх рублёў і 30 срэбранікаў.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

5, зь якіх сапраўдных – 0.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Гэта ж будзе канец палітычнай кар’еры ў Беларусі для таго кандыдата. Ня гэтым разам.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Калі б галасы лічылі – Лукашэнка. Ярмошына ж хутчэй за ўсё намалюе шмат галасоў кандыдату «супраць усіх».

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Ад перамены месцаў чыноўнікаў стабільнасьць не зьмяняецца.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Магчыма, выкупяць аўтарскія правы на фільм «Лукашенко. Уголовные материалы». Дарэчы, чаму «Хроснага бацьку» не прызналі экстрэмісцкім?

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Пасаромеецца.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Ніводнага не прыцягнуць, зараз патрэбны інвэстыцыйны клімат.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Хіба толькі ў аднабаковым парадку.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Атрымае пяць тонаў дуляў з макам, тры цэнтнэры кукішу з маслам і адну дзірку ад баранка.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Пад’ёмнай, калі Лукашэнка падзеліцца сваймі назапашваньнямі.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Калі прымуць, то гвалтоўна.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Толькі праваўжываньне.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Безумоўна.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

Шэнгенская віза для беларусаў бясцэнная, няважна – па 35 яна будзе эўра ці па 80.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

Тут 50 на 50: або 50% або крышачку болей.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Трампа.

Серж Харытонаў, карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» у Беларусі

Серж Харытонаў
Серж Харытонаў

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

US $1 = BYN 2.36.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Чатыры: Лукашэнка, Анісім, Гайдукевіч-малодшы і яшчэ адзін мужчына (магчыма – дзейны дэпутат-ноўнэйм з Палаты прадстаўнікоў у якасьці спойлера-апазыцыянэра). Яўка на выбарах па дадзеных назіральнікаў складзе ня болей за 40%.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Так, Лукашэнка.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Гайдукевіч-малодшы.

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Зьміцер Круты.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Так, але з беларускага этэру іх выража цэнзура. Калі ў фільмах не будзе радыкальна новых жалезабэтонных фактаў (фота- / відэадоказы) пра дзейнасьць г.зв. «эскадронаў сьмерці» ці запісаў «сакрэтных» перамоваў Лукашэнкі з расейскімі палітыкамі ў 2019/20, фільмы ня будуць папулярныя ў Байнэце і не паўтораць посьпехі NEXTA.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Так, увосень 2020. Парлямэнт фармальна атрымае больш улады, пачне ўзрастаць роля маладой намэнклятуры з цэнтральнай выканаўчай улады, у першую чаргу – эканамістаў і памяркоўных прабеларускіх / празаходніх намэнклятуршчыкаў з сувязямі ў спэцслужбах, у першую чаргу – КДБ.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Ніводнага. 2020 год застанецца бяз гучных справаў па «эканамічных» артыкулах, а краіна пачне рухацца ў напрамку своеасаблівай «прыватызацыі», якая адбудзецца праз закрыцьцё неэфэктыўных прамысловых прадпрыемстваў дзяржсэктару, арыентаваных на ўнутраны рынак, і адкрыцьцё новых (малых і сярэдніх) прыватных бізнэсаў у зусім іншых сфэрах – перш за ўсё, у сфэры паслугаў. Беларусь пачне больш актыўную супрацу з World Bank па навучаньні прадпрымальніцтву.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Так, але яна застанецца фармальнай умовай супрацы без адмовы ад сувэрэнітэту. Беларусь будзе рухацца ў напрамку своеасаблівай палітыкі suomettuminen, «фінляндызацыі», якая працягне ўтрымліваць незалежную Беларусь у расейскай сфэры ўплыву да моманту сур’ёзнага палітычнага крызісу ў Расеі. Беларусь застанецца ў сытуацыйным вайсковым саюзе з РФ, але пры гэтым будзе прынцыпова настойваць на нэўтральным статусе ў дачыненьні да зьнешніх вайсковых апэрацыяў. Пераходу на агульныя законы і органы кіраваньня не адбудзецца, экспарт у РФ будзе расьці ў с/г, машынабудаваньні, тэкстыльнай і цяжкай прамысловасьці.

10.Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Цягам 2020 грашовай кампэнсацыі Беларусь не атрымае, але будуць нейкія кампэнсацыйныя захады ў выглядзе «субсыдаваных» паставак нафтасыравіны.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

US $146 / тысячу м3

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Не.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Так, але дэкрыміналізацыі цягам 2020 не адбудзецца. Адбудзецца рэзкае зьніжэньне колькасьці асуджаных па арт. 328.3 КК РБ у параўнаньні з 2019, колькасьць міліцыянтаў будзе скарочаная ў цэнтральных і ўсходніх рэгіёнах краіны.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

25 сакавіка 2020 ня будзе звыклых разгонаў — улада працягне лінію «вулічнага маркіраваньня» незалежнасьці, выкарыстоўваючы кантраляваныя акцыі апазыцыі. У красавіку-жніўні пройдуць пратэсты за справядлівыя выбары з удзелам да 5,000 чалавек. Палітзьняволеных не будзе, невялікую колькасьць затрыманых пакараюць «суткамі» і штрафамі. У траўні пройдуць акцыі, якія будуць часткова падтрыманыя расейскімі грашыма — дзяржаўнымі ці прыватнымі, і будуць заклікаць да саюзу з РФ, асабліва ў Віцебску і Берасьці.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

35 эўра ў 2020 годзе.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

56%.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Трамп застанецца на пасадзе.

Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў

Кацярына Шмаціна
Кацярына Шмаціна

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

Каля 2 р. [за даляр], у тых межах, у якіх рубель трымаўся апошнія пару гадоў.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Чалавек 5.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Хутчэй не, Расея застанецца ў баку. Можна чакаць, што аглядальнікі СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва традыцыйна абвесьцяць, што выбары прайшлі празрыста і дэмакратычна і без парушэньняў – у параўнаньні з супрацьлеглымі заявамі назіральнікаў АБСЭ.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Прадзяржаўны «no name» кандыдат.

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Чарговы «крепкий хозяйственник», з надзейным паслужным сьпісам і адукацыяй накшталт Акадэміі кіраваньня ці расейскай вайсковай вучэльняй.

То бок, на жаль, не малады энэргічны беларускі рэфарматар з прэстыжнай заходняй ступеньню кшталту Оксфарду і досьведам, атрыманым па-за межамі постсавецкай прасторы.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Залежыць ад таго, наколькі пазыцыі афіцыйных Менску і Масквы будуць канфліктаваць. Але таймінг сапраўды падобны – прэзыдэнцкая кампанія і перамовы па інтэграцыі – у паралель з 2010 годам і тагачаснымі перамовамі па мытным саюзе.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Прапановы могуць быць агучаныя, але распрацоўка і ўнясеньне саміх зьменаў зойме час – Канстытуцыя 1994 распрацоўвалася тры гады.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Яны сапраўды ў «групе рызыкі». Калі не затрымаюць кагосьці ў 2020 годзе, то гэта ня значыць, што гэта не здарыцца годам пазьней. Прыгадваецца інтэрвію Аляксандра Кныровіча незадоўга да яго затрыманьня, дзе ён казаў, што «пасадкі» бізнэсоўцаў прадказаць немагчыма.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Так, і будзе датычыцца эканамічных пытаньняў. Але адкрытае пытаньне – ці пяройдзе эканамічная інтэграцыя ў палітычнае вымярэньне.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Кампэнсацыя будзе залежыць ад таго, ці пагодзіцца Менск на рэальную імплемэнтацыю саюзных дамоўленасьцяў, у тым ліку па гарманізацыі заканадаўства.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Ня так істотна, які будзе кошт менавіта ў 2020 годзе, цікавей, ці будзе створаны супольны рынак газу ў 2021 у межах саюзной дзяржавы, як гэта цяпер гучыць у плянах.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Асобны закон наўрад ці зьявіцца, паколькі наратыў кіраўніка дзяржавы, які перакрэсьліў законапраект, спасылаючыся на «традыцыйныя каштоўнасьці», не зьмяніўся. Але з улікам працяглай грамадзкай кампаніі і ў тым ліку супрацы актывістаў/актывістак з МЗС (праз зварот прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці да Макея на сьвяткаваньні гадавіны «Ўсходняга партнэрства» у Брусэлі) можа зьявіцца ініцыятыва ўнясеньня правак/дапаўненьняў ва ўжо існуючае заканадаўства. Такія заявы гучалі ад МУСа, якое займалася распрацоўкай першапачатовага законапраекту.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Ня факт, што зьменіцца менавіта заканадаўства, але зыходзячы з заяваў Караева і Лукашэнкі, праваўжываньне можа стаць больш лагодным, магчымыя менш жорсткія тэрміны, пашырэньне амністыі і кейсы памілаваньня прэзыдэнтам.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Так, па меры зьяўленьня інфармацыі пра інтэграцыю і падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

80 эўра, а потым 35. Наўрад ці пасьпеюць падпісаць пагадненьне па спрашчэньні візавага рэжыму да моманту падаражаньня візаў да 80 эўра.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

Нязначная лічба, адсоткаў 20.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Заўзею за Джо Байдэна – ён выпуснік таго ж унівэрсытэту, што і я. Але калі сур’ёзна, то сярод кандыдатаў ад дэмакратаў высокая канкурэнцыя паміж сабой, і ня факт, што менавіта Байдэн выйдзе ў фінал гонкі. Рэспубліканцы з высокай імавернасьцю падтрымаюць Трампа. Тое, што вызначыць вынік выбараў – галасы маладых выбаршчыкаў і агульная яўка на выбарах, якая была нізкай у 2016 годзе і паўплывала на перамогу Трампа.

Арцём Шрайбман, журналіст, палітычны аналітык

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

2.2 за даляр.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Тры плюс Лукашэнка.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Альбо ніхто, альбо Лукашэнка.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Супраць усіх.

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Аляксандар Турчын або застанецца Сяргей Румас.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Не, думаю, паспрабуюць новыя жанры. Кісялёў, Незыгар, яшчэ што-небудзь.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Думаю, дэталі праточацца і без апублікаваньня – ён абяцаў перадаць праект на абмеркаваньне шырокай экспэртнай групе. У такім мяху шыла будзе цяжка ўтаіць.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

Пяць.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Прынятая будзе, выконвацца не пачне.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Хутчэй за ўсё не. Калі так – то ня больш за 20%.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

110-130 даляраў.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Не, прэзыдэнт забараніў замахвацца на традыцыі.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Так, магчымая нейкая дадатковая амністыя або памілаваньне значнай часткі асуджаных па самых «лёгкіх» пунктах артыкулу 328.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Сотні людзей – так, тысячы – не. Выбары не заводзяць беларусаў на пратэсты ўжо 9 гадоў.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

Зь лютага па сакавік ці красавік – 80 эўра, потым – 35.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

60%.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Элізабэт Уорэн.

Іван Шыла, спэцыяліст у сацыяльных мэдыя, бізнэсовец, уладальнік кампаніі «Чысты кіт»

Іван Шыла
Іван Шыла

1. Якім будзе курс рубля на канец году?

2.1. У мінулым годзе я чамусьці падумаў, што сытуацыя пагоршыцца. А яна засталася стабільнай. Таму – стабільна 2.1 у 2020-м.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

6. Лукашэнка, Гавары праўду, два ад апазыцыі, Гайдукевіч і нехта вельмі дзіўны.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Не.

4. Хто зойме другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?

Гайдукевіч.

5. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Румас.

6. Ці пакажуць па расейскім фэдэральным тэлебачаньні фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Не.

7. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы па зьмене Канстытуцыі?

Не.

8. Колькі бізнэсоўцаў з ТОП-100 «Ежедневника» за 2019 год будуць на працягу 2020 году прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці?

0.

9. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Так.

10. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр і калі так, то ў якіх памерах?

Так, пра гэта будзе абвешчана.

11. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Я не арыентуюся. Гэта ўжо не так важна.

12. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

Не.

13. Ці будзе лібэралізаванае антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Не, але будзе амністыя.

14. Ці будуць масавыя пратэсты?

Не. Гэта значыць, больш за 2000 ня выйдуць на вуліцы.

15. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

35 эўра.

16. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

60%.

17. Каго абяруць прэзыдэнтам ЗША ў 2020 годзе?

Трампа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG