За колькі дзён да візыту на тэрыторыі мэдычнай установы працавалі супрацоўнікі спэцслужбаў.
Крыніцы з мэдычнага асяродзьдзя паведамляюць, што Лукашэнку чакалі ў лякарні 11 сьнежня. Аўральна зрабілі касмэтычны рамонт у аддзяленьні кардыялёгіі, цяпер перададзеным для хворых на каранавірус. У ім замянілі плітку і перафарбавалі. У сацыяльных сетках пішуць, што напярэдадні для лякарні закупілі ложкі з прадпрыемства «Ольса», якое спэцыялізуецца на вырабе такой прадукцыі. Пацьвердзіць гэту інфармацыю нам не ўдалося.
Паводле мэдыкаў, зь якімі пагаварыла Свабода, абласная лякарня, у адрозьненьне ад іншых гарадзкіх лякарняў, мае неабходнае дыягнастычнае абсталяваньне. Хапае і пэрсаналу. Разам з тым, адзначаюць лекары, паўгода таму ў ёй зламаўся ангіёграф — апарат, які дыягнастуе стан сасудаў. Пацыентаў, якім неабходная дыягностыка на ім, возяць на рэанімабілях у шпіталь хуткай дапамогі.
У верасьні 2020 году Магілёўскай абласной лякарні надалі статус «клінічнай» і паабяцалі ў 2021-м адкрыць кардыялягічны корпус. У кастрычніку на сайце ўстановы зьявілася паведамленьне, што ў сувязі зь «неспрыяльным эпідэмічным становішчам, адпаведна загаду абласнога ўпраўленьня аховы здароўя яна перапрафілюецца для працы з пацыентамі, якія перанесьлі COVID-19. Прыём хворых кардыялягічнага і нэўралягічнага профілю часова прыпынілі.
Пра колькасьць хворых на каранавірус у Магілёве і вобласьці афіцыйных зьвестак няма. Ад 4 лістапада гарвыканкам увёў абавязковы масачны рэжым у горадзе.