Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яд трапляў у арганізм павольна». Экспэрт-таксыколяг пра некалькі спробаў атруціць Навальнага


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

У панядзелак расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны назваў імёны сваіх атрутнікаў: гаворка ідзе пра восем супрацоўнікаў ФСБ.

Гэтыя асобы, паводле дадзеных сумеснага расьсьледаваньня групы Bellingcat, выданьня The Insider, Фонду барацьбы з карупцыяй і некалькіх рэдакцый буйных сусьветных СМІ, больш за тры гады перамяшчаліся па Расеі сьледам за Навальным.

Усе яны могуць мець дачыненьне да Інстытуту крыміналістыкі ФСБ у Маскве, адкуль, паводле дадзеных расьсьледаваньня, каардынавалася атручэньне апазыцыянэра. Навальны паведаміў, што яго, падобна, спрабавалі атруціць не адзін раз, а таксама была спроба — незразумела, наўмысная ці выпадковая, — атруціць ягоную жонку Юлію.

Ці маглі Аляксея Навальнага спрабаваць атруціць некалькі разоў; ці заўсёды выкарыстоўваўся «Навічок» або гэта магло быць іншае атрутнае рэчыва; дзе яго маглі вырабіць — на гэтыя пытаньні Ігара Сяўругіна ў эфіры «Настоящего времени» адказвае Ісмаіл Эфендыеў, член Эўрапейскай асацыяцыі таксыкалягічных цэнтраў і клінічных таксыколягаў.

— У расьсьледаваньні гаворыцца, што былі спробы атруціць Навальнага і раней. І ў яго самога, і ў яго жонкі былі сымптомы атручваньня «Навічком». Вам як экспэрту верыцца ў гэта?

— Сымптомы атручэньня не абавязкова павінны быць выкліканыя непасрэдна рэчывам з шэрагу «Навічка». Трэба разумець, што «Навічок» і яго аналёгіі, мадыфікацыі адносяцца да разраду баявых атрутных рэчываў, што азначае, што тут інгібіраваньне элемэнтаў халіэстэразы ідзе незваротным шляхам, і мы самі бачым, які доўгі час заняла рэабілітацыя Аляксея Навальнага ў Бэрліне. Таму ня трэба заўсёды думаць пра «Навічок».

У арсэнале маецца вялікая колькасьць іншых хімічных рэчываў, ня менш небясьпечных для жыцьця чалавека.

— Вы можаце ўдакладніць, якіх?

— Ёсьць дзясяткі, калі ня сотні рэчываў. Калі мы паглядзім гісторыю крымінальных атручэньняў, зробленых рознымі спэцслужбамі, пачынаючы ад рыцыну, уколу парасонам Георгія Маркава, да рэчываў нэрвова-паралітычнага шэрагу, наркатычнага і гэтак далей, — усё залежыць ад таго, якую мэту непасрэдна ставіць перад сабой забойца, атрутнік.

— Гэта значыць труцілі, але не «Навічком»?

— Паводле той сымптаматыкі, якая хутка прайшла, думаць пра «Навічок» было б даволі легкадумна.

— А «Навічок» дзейнічае адразу і куды больш пагібельна?

— Паколькі мы ня першы раз выступаем з камэнтарамі на гэтую тэму: так, «Навічок» дзейнічае хутка, дзейнічае пагібельна, і ягонае разбуральнае дзеяньне на арганізм практычна незваротнае. Але тут трэба разумець, якую мэту ставілі перад сабой атрутнікі. Ім трэба было максымальна замаскаваць атручваньне пад натуральную сьмерць. Гэта самалёт, закрытая прастора, працяглы пералёт, аказаць дапамогу чалавеку досыць складана. Усё гэта можна потым змадэляваць у выглядзе вострага сардэчнага прыступу ці іншага вострага стану. Таму невыпадкова рэчыва «Навічок» ня трапіла [наўпрост]. Калі гэта была, дапусьцім, шклянка гарбаты, на якую грашылі ў першыя дні пасьля атручэньня, магчыма, Аляксей бы нават не дайшоў да самалёта.

Сёньня я бачыў вэрсію, што, магчыма, рэчыва было нанесенае на споднюю бялізну пасьля хімчысткі. Гэта адзін з магчымых варыянтаў. Праз скуру паступленьне гэтага яду ў арганізм мае больш доўгі пачатак дзеяньня, адтэрмінаванае дзеяньне.

Акрамя гэтага, калі мы ўспомнім, як сэкта «Аум Сінрыкё» ў 1990-х гадах праводзіла зарынавы напад у такійскім мэтро, там газ зарын, які адносіцца да той жа групы, што і «Навічок», быў унутры пэўнага растваральніка. Таму яго дзеяньне было даволі нехарактэрнае. Тут таксама магчыма, што гэтае рэчыва было складзена ў пэўную нанакапсулу, якая разбуралася пад дзеяньнем альбо трэньня, альбо перападу тэмпэратуры, альбо перападу ціску. Мы ведаем, што ў салёне самалёта ціск ніжэйшы за атмасфэрны.

Магчыма, у гэты момант мікраскапічная нанасфэра лопаецца, і рэчыва пачынае паступаць у скуру. Гэта значыць, што пачатак дзеяньня таксычнага рэчыва, кантакту са скурай ужо непасрэдна, хутчэй за ўсё, быў на борце самалёта.

— Брытанская газэта The Sunday Times напісала, што Навальнага маглі атруціць двойчы, але гэта не спрацавала, бо яму ўвялі антыдот. Гэта ўвогуле магчыма?

— Тут трэба разумець некалькі момантаў: доза рэчыва, абставіны, час. Доза рэчыва, магчыма, была крыху меншай за сьмяротную, таму што, калі б сьмяротная доза «Навічка» трапіла б у арганізм Аляксея за кароткі прамежак часу, атрапін бы не дапамог. Гэта значыць, тут, відаць, ідзе гаворка пра тое, што яд паступаў у арганізм павольна, праз скуру, паступова ўсмактваючыся ў кроў. Таму так, атрапін тут меў лекавае дзеяньне, ён дазволіў прадухіліць няўхільны стан, дазволіў прадухіліць параліч дыхальнай мускулатуры, сардэчнай мускулатуры, сьмерць.

Але атрапін ня можа цалкам заглушыць разьвіцьцё атручэньня. Мы бачылі, што стан, нягледзячы на тое, што ўвялі атрапін, пагоршыўся, ён быў вымушаны знаходзіцца пэўны час у рэанімацыі і далей праходзіць працяглую рэабілітацыю.

— Я хацеў спытацца пра Юлію Навальную. Сёньня паведамілі, што яе таксама спрабавалі атруціць. Памылкова наогул можна атруціць чалавека?

— Так, на жаль, мы бачылі гэта на прыкладзе атручэньня ў Солсбэры. Там, калі казаць, што быў мэтай Скрыпаль, вакол пацярпела нямала людзей, у тым ліку ягоная дачка, паліцыянт, выпадковыя мінакі ў парку. Тут цалкам магчыма, што яд быў у канчатковым выніку дастаўлены і не па адрасе. Усё залежыць ад таго, хто быў у кантакце з атрутай, на што быў нанесены гэты яд, у якім растваральніку ён быў. Усё гэта, цалкам магчыма, прывяло да таго, што ў гэтым выпадку атручэньне адбылося ў жонкі Аляксея Навальнага.

— Расьсьледаваньне аб атручэньні Навальнага пацьвярджае той факт, што такое рэчыва сапраўды можна распрацаваць толькі ў спэцыяльнай лабараторыі і безь дзяржавы тут не абышлося?

— Несумненна, у гаражы або ў лябараторыі хіміка-аматара вырабіць такое рэчыва немагчыма. Акрамя таго, што яго трэба вырабіць, яго трэба пэўным чынам упакаваць, захоўваць, перадаць, ведаць, як ім карыстацца. Гэта на ўзроўні нават прафэсійнага хіміка дастаткова складаная задача.

Акрамя гэтага, рэчыва павінна быць дастаткова складаным для выяўленьня. Мы памятаем той выпадак, што тая ж таксыкалягічная лабараторыя ў Омску не змагла адшукаць рэчыва. Так, цывільныя лабараторыі яго выявіць практычна ня могуць. Нават у клініцы Charite, я быў там паўгода на практыцы яшчэ 15 гадоў таму, іх магчымасьці хіміка-таксыкалягічнай лабараторыі вельмі магутныя, але нават там рэчыва выявіць было немагчыма. Цывільныя лекары зьвярнуліся ў лабараторыю бундэсвэру. Таму пытаньне вызначэньня рэчыва — гэта ваеннае рэчыва, ваеннага прызначэньня, баявое атрутнае рэчыва. Вядома, яно вырабляецца толькі на адпаведным абсталяваньні, якое ёсьць толькі ў пэўных дзяржаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG