Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая задача — аднавіцца і вярнуцца ў Расею». Навальны ўпершыню пасьля атручваньня выйшаў у эфір «Навальный LIVE»


Уладзімір Пуцін і Аляксей Навальны, каляж
Уладзімір Пуцін і Аляксей Навальны, каляж

Расейскі палітык Аляксей Навальны 29 кастрычніка ўпершыню пасьля атручваньня выйшаў у эфір ютуб-каналу «Навальный LIVE».

«Мая задача — як мага хутчэй аднавіцца і вярнуцца ў Расею. Але я павінен прыехаць у такім стане, каб, калі мяне атруцяць другі раз, у мяне быў хаця б нейкі шанец. Таму што проста цяпер я б, напэўна, ня выцягнуў», — сказаў Навальны.

Ён адзначыў, што прычынай санкцый, уведзеных пасьля яго атручваньня, быў ня ён, а тое, што Расея, на думку ЭЗ, парушыла падпісаны дамову аб хімічнай зброі.

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню пракамэнтаваў атручэньне Навальнага. Пуцін заявіў, што калі б улады сапраўды хацелі атруціць Навальнага, то яго б ня выпусьцілі на лячэньне ў Нямеччыну.

15 кастрычніка Эўразьвяз і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі за атручэньне Аляксея Навальнага. У санкцыйны сьпіс уключылі шэсьць чалавек, сярод якіх дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Кірыенка, сталы прадстаўнік прэзыдэнта ў Сібірскай фэдэральнай акрузе Сяргей Мяняйлаў. Пад санкцыі ЭЗ падпаў таксама Дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут арганічнай хіміі і тэхналёгіі, у філіяле якога, як лічыцца, праходзіла распрацоўка рэчыва з групы «Навічок». Раней лябараторыі трох эўрапейскіх краін і Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) знайшлі ў аналізах Аляксея Навальнага сьляды гэтага баявога атрутнага рэчыва.

Цяпер Навальны знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе праходзіць рэабілітацыю. Палітык лячыўся ў клініцы Charité, куды яго перавезьлі з омскага шпіталя з прыкметамі атручваньня. Другога верасьня ў арганізьме палітыка знайшлі сьляды «Навічка», а канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў таго, што адбылося. Расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць дачыненьне да атручэньня Навальнага і абяцаюць «люстраны» адказ на санкцыі ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG