«Раніцай у пятніцу 11 сьнежня на жыхароў дома №44 на Чыгуначнай у Менску ўчынілі сапраўдную аблаву. У выніку забралі шасьцярых мужчын, сярод якіх быў Андрэй Мацук — наш калега і вядомы ў Беларусі і замежжы спэцыяліст у гісторыі ВКЛ XVIII ст. Сёньня адбыўся суд над траімі з затрыманых, якіх асудзілі паводле 23.34 і далі па 15 сутак. Такім чынам, у нашага паважанага калегі ўжо другая „ходка“.
Але самая дзікасьць у тым, што судзілі гэтых людзей за сьвяткаваньне дня нараджэньня таго ж Андрэя Мацука ў двары іх дома тыднем раней — у пятніцу 4 сьнежня. Такім чынам, сабрацца зь сябрамі і суседзямі, каб адзначыць уласнае сьвята, у Беларусі цяпер — несанкцыянаванае мерапрыемства, якое дзяржава ніяк ня можа стрываць і гатова мабілізаваць дзясяткі „красаўцаў“, каб учыніць паказальную аблаву і пакараць такіх „злачынцаў“. Ну і „отягощающие обстоятельства“ — паяданьне торцікаў з выявай „Пагоні“ — дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991–1995 гг».
Мікола Волкаў і Андрэй Мацук працавалі ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У канцы лістапада ў Інстытуце гісторыі не працягнулі кантракт семярым гісторыкам, сярод якіх быў і кандыдат гістарычных навук Мікола Волкаў. На знак салідарнасьці адмовіліся працягваць кантракты яшчэ чатыры гісторыкі, сярод якіх быў і Андрэй Мацук.