Праваабарончы цэнтар «Вясна» і экспэрты Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звоскава прэзэнтавалі даклад «Беларусь, жнівень 2020: „правасудзьдзе“ для пратэстоўцаў».
Суды праходзілі ў ізалятарах і турмах таемна, без адвакатаў і сваякоў. Сьведкаў таксама на суды не запрашалі — судзьдзі цалкам верылі пратаколам. На тое, што многія затрыманыя былі жорстка пабітыя, судзьдзі не зважалі. Супярэчнасьці наконт часу, месца, абставінаў затрыманьня цалкам ігнаравалі. Да такіх высноваў прыйшлі праваабаронцы ў выніку аналізу сьведчаньняў пацярпелых.
Правабаронцы і валянтэры правялі больш за 600 інтэрвію з асуджанымі за пратэсты 9-13 жніўня, адабралі для дакладу 38. А ўсяго за тыя дні паўсталі перад судом некалькі тысяч чалавек (толькі ў Менску 11 жніўня — 567 чалавек; 12 жніўня — 503 чалавекі). У дакладзе не падаюць прозьвішчы апытаных дзеля іхнай бясьпекі, хоць многія былі згодныя на публікацыю асабістых зьвестак. А вось прозьвішчы судзьдзяў, даты і месцы правядзеньня працэсаў пазначаныя.
«Людзі, затрыманыя ў першыя дні пасьля выбараў, прайшлі сапраўднае пекла: іх жорстка білі, катавалі, зь іх зьдзекаваліся маральна, прыніжалі, не кармілі, не давалі вады. А судовы разбор стаў наступным колам пекла», — кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
Канвэернае правасудзьдзе: на разгляд пратаколу ад 2 да 11 хвілін
Судовыя працэсы за вельмі малым выняткам адбываліся ў памяшканьнях ізалятараў і турмаў, нават у калідорах. Самі судзьдзі атрымлівалі матэрыялы справы, калі прыбывалі на месца. Час на азнаямленьне — ад 2 да 15 хвілін.
Суды праходзілі таемна, без адвакатаў, сваякоў, якія ня мелі змогі даведацца пра час паседжаньня.
Усе без выключэньня асуджаныя казалі, што разгляд справаў быў бязь сьведкаў, на суды іх не запрашалі.
«Была прэзумпцыя безумоўнага даверу пісьмовым тлумачэньням (рапартам) міліцыянтаў, супрацоўнікаў АМАП — сьведкаў абвінавачаньня», — робяць выснову юрысты і праваабаронцы, якія рыхтавалі справаздачу.
Суддзьдзі цалкам ігнаравалі хадайніцтвы аб запрашэньні сьведкаў з боку абвінавачаных. Пра галоснасьць і публічнасьць працэсаў наагул не ішлося, сьцьвярджаюць аўтары дакладу «Беларусь, жнівень 2020: „правасудзьдзе“ для пратэстоўцаў».
Пратаколы падпісвалі пад ціскам і пагрозамі
Да судовага паседжаньня затрыманыя ня мелі магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы, часьцяком падпісвалі пратаколы пад ціскам і пагрозамі.
Да прыкладу, у Гомлі затрыманых прымушалі падпісваць пратаколы, лежачы тварам у падлогу ў спартовай зале, прачытаць не дазвалялі, у выпадку прызнаньня віны абяцалі па 10 содняў арышту, адмовы прызнаць віну — 15 содняў. Усім рабілі дактыляскапію. Працэс вёў судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомля Яўген Шаршнёў, усе атрымалі па 15 содняў.
«Супрацоўнікі ІЧУ перад судом папярэдзілі, што ў разе прызнаньня віны затрыманыя атрымаюць па 10 содняў, у разе адмовы — 25 содняў. У камэры затрыманыя дамовіліся дзеля інтарэсу падзяліцца. Вынік адзін — усім па 15 содняў арышту», — сьведчаць людзі, асуджаныя 12 і 13 жніўня судзьдзём Партызанскага раёну Менску Аляксандрам Кочыкам.
На кардонных тэчках з матэрыяламі справы многія абвінавачаныя бачылі загадзя напісаную алоўкам лічбу — колькі дзён арышту даваць, сьведчаць у справаздачы.
На судах супрацоўнікі СІЗА часта ўжывалі сілу, падсудныя былі моцна пабітыя
«Калі падчас працэсу затрыманы заявіў хадайніцтва аб азнаямленьні са справай, дзяжурны нанёс два ўдары ў зону нырак. Калі затрыманы спытаў, чаму судзьдзя не рэагуе, судзьдзя Барысаўскага раённага суду Тацяна Дзеравянка заявіла: «Мы знаходзімся ў турме, тут свае парадкі, на якія я ня ў стане паўплываць», — сьведчыць адзін з апытаных.
Суды ігнаравалі заявы затрыманых аб дрэнным самаадчуваньні, хваробе, просьбы аб мэдычнай дапамозе, хоць людзі былі моцна пабітыя.
«Суд адбываўся 12 жніўня на Акрэсьціна, у калідоры. Паседжаньне доўжылася 10 хвілін. У затрыманай быў вялікі гузак на галаве ад удару дручком, гэта было відавочна, траўма галавы была зафіксаваная мэдыкам. Яе байку ў РУУС супрацоўнікі міліцыі пазначылі жоўтай літарай «А». Перад судзьдзёй дзяўчыну трэсла. На твары была гематома. Затрыманая спрабавала расказаць судзьдзі, як яе білі, прасіла аб дапамозе. Маліла, каб толькі б яе адпусьцілі, была гатовая падпісаць любы дакумэнт. Але судзьдзя Маскоўскага раёну сталіцы Паліна Анціпчук сказала: «гэта ваша права» і «дзяўчына, колькі можна, не марнуйце мой час!», — гаворыцца ў справаздачы.
Судзьдзі не зьвярталі ўвагі на супярэчнасьці ў пратаколах
У адным пратаколе за правапарушэньне месца затрыманьня дзяўчыны — праспэкт Незалежнасьці, 3. Гэта дакладны адрас, дзе яе затрымалі. А ў другім пратаколе пазначана месца непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі — у той жа самы дзень і час дзяўчына нібыта была на праспэкце Дзяржынскага. Затрыманая зьвярнула ўвагу судзьдзі на гэта. Судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Паліна Анціпчук адказала: «Добра, мы самі прымем рашэньне, ідзі, табе паведамяць». Пазьней на сайце Вярхоўнага суду дзяўчына ўбачыла, што атрымала 20 дзён арышту.
Асуджаныя «на суткі» не маглі абскардзіць прысуд
У людзей не было інфармацыі, які суд вынес рашэньне, якое пакараньне прызначана, не атрымлівалі копіі судовай пасановы. Нярэдка пра ўсе акалічнасьці працэсу яны даведваліся толькі пасьля вызваленьня, калі знаёміліся з сваёй справай у судзе. Да таго часу тэрмін абскарджваньня адміністрацыйнага арышту ўжо заканчваўся (паводле Адміністрацыйнага кодэксу гэта 5 дзён пасьля вынясеньня рашэньня).
«Сказалі чакаць выніку... Супрацоўнік міліцыі вывеў у двор і загадаў легчы тварам у зямлю. Які суд судзіў, які вынік — даведаўся толькі пасьля вызваленьня: гэта быў судзьдзя Сяргей Кацар з Маскоўскага раённага суду, які прысудзіў мне 12 дзён арышту», — сьведчыць арыштаваны.
Рэкамэндацыі ўладам: вярнуць на перагляд справы, пакараць судзьдзяў
Уладам Беларусі аўтары дакладу раяць забясьпечыць выкананьне рэкамэндацыяў Камітэту правоў чалавека і Камітэту супраць катаваньняў ААН.
«Забясьпечыць на практыцы, каб заявы, атрыманыя пад катаваньнямі, прызнаваліся непрымальнымі ў якасьці доказаў падчас любога судовага разбору», — заклікаюць беларускія праваабаронцы.
Яны патрабуюць вярнуць на перагляд справы, у якіх ёсьць скаргі абвінавачаных на катаваньні для здабыцьця прызнаньня.
Таксама праваабаронцы рэкамэндуюць «старшыням абласных і Менскага гарадзкога суду і кваліфіцыйным калегіям узбудзіць і ажыцьцявіць дысцыплінарнае вядзеньне ў дачыненьні судзьдзяў, які дапусьцілі парушэньні заканадаўства пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя».