Галоўнае ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС у Менску высьветліла асобу 24-гадовай дзяўчыны, якая разьмяшчала ў сацыяльных сетках відэа і суправаджала іх камэнтарамі з «нэгатыўным стаўленьнем да праваахоўнікаў». Як паведамілі ў сталічнай міліцыі, гэта грамадзянка Расеі.
Сябры дзяўчыны расказалі Tut.by, што 2 сьнежня яе запрасілі ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Пасля гэтага яна перастала выходзіць на сувязь, а на наступны дзень знайшлася на Акрэсьціна: яе асудзілі паводле артыкулу 23.34 КаАП.
Карына В. — грамадзянка Расеі, яе бацькі жывуць у памежным Рослаўлі, гэта Смаленская вобласьць. У Беларусь прыехала 6 гадоў таму, скончыла Міжнародны экалягічны інстытут імя Сахарава пры БДУ. Тут у яе жылі сваякі.
Пасля ВНУ Карына ўладкавалася ў прыватную мэдычную лябараторыю. Штогод атрымлівала часовы від на жыхарства, праблем з законам у яе не было. Аднак апошнія падзеі ў Беларусі моцна ўзрушылі дзяўчыну, гаворыць яе малады чалавек Аляксей.
«Карына вельмі эмацыйна ўсё ўспрымае. Ды і сама па сабе яна сэнтымэнтальны чалавек, можа заплакаць, калі бачыць гвалт ці несправядлівасьць. Але на акцыі пратэсту яна не хадзіла», — кажа ён.
У відэа прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму паказалі скрыншоты гісторыяў, якімі Карына дзялілася ў Instagram-профілі. Кожная суправаджаецца камэнтаром дзяўчыны, якім яна выказвае ўласнае стаўленьне да праваахоўнікаў.
«У Карыны адкрыты акаўнт, у ім яна дзялілася тым, што яе глыбока закранала. Самі сторыз зьнікаюць празь дзень. Хто зрабіў скрыншоты і перадаў у міліцыю — невядома. Або ёсьць спэцыяльны аддзел, які сочыць за сеткамі, або „зафіксаваў“ хтосьці з падпісантаў», — мяркуюць сябры.
1 сьнежня Карыне пазваніла супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Заводзкага раёну Менску і папрасіла тэрмінова прыехаць. У той дзень дзяўчына працавала, сказала, што будзе заўтра.
У выніку сябры знайшлі яе імя ў сьпісах на Акрэсьціна. Там сказалі, што Карына выйдзе на волю 17 снежня, значыць, яе таемна асудзілі на 15 содняў.
У міліцэйскім паведамленьні ўказваецца, што пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту дзяўчыну чакае высылка з краіны.