Нацбанк адзначыў, што ў Беларусі з 1999 году працуе ўнутраная сыстэма перадачы фінансавай інфармацыі Нацыянальнага банку (СПФІ), якая забясьпечвае перадачу фінансавых паведамленьняў, асноўнымі зь якіх зьяўляюцца плацёжныя дакумэнты ў беларускіх рублях, адзначыў Нацбанк у камэнтары для Onliner.
Усе плацяжы юрыдычных асоб, у тым ліку налічэньне заработнай платы і пэнсій, на тэрыторыі Беларусі забясьпечваюцца альбо ўнутры аднаго банку, калі платнік і атрымальнік плацяжу — яго кліенты, альбо з выкарыстаньнем аўтаматызаванай сыстэмы міжбанкаўскіх разьлікаў Нацыянальнага банку, адна з асноўных сыстэм — СПФІ. Плацяжы юрыдычных асоб на тэрыторыі краіны не залежаць ад SWIFT.
Праца сыстэмы безнаяўных разьлікаў па розьнічных плацяжах таксама не зьвязаная зь міжнароднай сеткай, і такія плацяжы будуць функцыянаваць у штатным рэжыме нават пры ўзьнікненьні праблем ва ўзаемадзеяньні беларускіх банкаў з сыстэмай SWIFT. Гэта тычыцца і банкаўскіх плацёжных картак, выпушчаных да банкаўскіх рахункаў, валюта якіх — не беларускі рубель.
Акрамя таго, цэнтральнымі банкамі Беларусі і Расеі прынята рашэньне аб інтэграцыі ўнутраных сыстэм па абмене фінансавай інфармацыяй, плацёжных сыстэм з выкарыстаньнем банкаўскіх плацёжных картак «Белкарт» (Беларусь) і «Мир» (Расея), сыстэмы імгненных плацяжоў Нацыянальнага банку і хуткіх плацяжоў Банку Расеі.
SWIFT – міжнародная сыстэма перадачы інфармацыі і зьдзяйсьненьня плацяжоў паміж банкамі. Да гэтай сыстэмы падлучаныя большасьць банкаў ва ўсім сьвеце, апроч Паўночнай Карэі і часткі банкаў Ірану.
Раней у інтэрвію Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч сказаў, што «адключэньне SWIFT — гэта ў банкаўскай сфэры як ядзерная бомба».