У Францыі дэпутаты, якія складаюць парлямэнцкую большасьць, заявілі пра гатоўнасьць прапанаваць новую вэрсію 24-га артыкулу ў законапраекце аб «глябальнай бясьпецы». Да гэтага часу гэты артыкул абмяркоўваўся ў сувязі з тым, што ён забараняў публікацыю відэа з паліцыянтамі, якія знаходзяцца на службе.
30 лістапада пра гатоўнасьць зьмяніць артыкул, які выклікаў грамадзкую незадаволенасьць, паведаміў кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Наперад, Рэспубліка» у ніжняй палаце парлямэнта, былы кіраўнік МУС Крыстоф Кастанэр. Законапраект аб «глябальнай бясьпецы» быў ініцыяваны прадстаўнікамі фракцыі «Наперад, Рэспубліка» і іхнымі саюзьнікамі з парлямэнцкай групы Agir ensemble ( «Дзейнічаць разам»), паведаміла Міжнароднае францускае радыё.
У цяперашнім выглядзе 24-ы артыкул прапануе караць штрафам 45 тысяч эўра ці годам турэмнага зьняволеньня за распаўсюд відэазапісаў, на якіх відаць асобы або іншыя «элемэнты ідэнтыфікацыі» паліцыянтаў, калі такія відэа могуць нанесьці шкоду іх «фізычнай і псыхічнай недатыкальнасьці».
Гэты пункт выклікаў у Францыі маштабныя пратэсты. З аднаго боку, палажэньне закону абараняла ананімнасьць паліцыянтаў, але з другога — грамадзтва губляла важны рычаг ціску на органы правапарадку. Праваабаронцы і большасьць журналісцкіх прафсаюзаў расцанілі яго як наступ на дэмакратыю, свабоду СМІ і права на інфармацыю. Прэзыдэнт Эманюэль Макрон правёў у пятніцу ў Елісейскім палацы сустрэчу з кіраўнікамі фракцый, якія ўтвараюць большасьць, а таксама прэм’ер-міністрам, кіраўніком МУС і міністрам юстыцыі.
Камэнтуючы жорсткае зьбіцьцё паліцэйскімі музычнага прадусара Мішэля Зэклера, Макрон сказаў, што гэты відэазапіс «выклікае сорам». Ён запатрабаваў ад ураду «хутка ўнесьці зьмены», каб аднавіць давер паміж грамадзянамі і тымі, хто павінен іх абараняць.