Па-першае, гэта няпраўда. Пасьля 9 жніўня Лукашэнка шмат разоў публічна прасіў Маскву аб расейскай вайсковай дапамозе супраць вонкавай агрэсіі, казаў пра пагрозу Беларусі з тэрыторыі Польшчы і Літвы. А вось той факт, што ён дамагаўся вайсковай падтрымкі Расеі, каб абараніць сябе ад народу, хацеў утаіць. Мусіць, трохі саромеўся. Але Пуцін выдаў усе тайны. 27 жніўня прэзыдэнт РФ у інтэрвію тэлежурналісту Сяргею Брылёву на канале «Россия-1» заявіў: «Аляксандар Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўную рэзэрву з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што яна ня будзе выкарыстаная да таго часу, пакуль сытуацыя ня будзе выходзіць з-пад кантролю», — сказаў Пуцін.
Наступным днём 28 жніўня Лукашэнка зь вялікім задавальненьнем вітаў гэтую рэпліку Пуціна: «Вы ўчора чулі заяву нашага суседа і майго добрага сябра. Гэта ж не таму, што расейцы хочуць абараніць Беларусь. Слухайце, самі абаронімся. Але мы з прэзыдэнтам Расеі разумеем, што можа быць, калі мы праваронім».
І можна меркаваць, што Лаўроў нагадаў Лукашэнку пра той эпізод. Маўляў, калі вы апынуліся ў крытычнай сытуацыі, маглі страціць уладу, то малілі Пуціна дапамагчы вайсковымі фармаваньнямі. А цяпер адмаўляецеся ад тых абяцаньняў, якія давалі прэзыдэнту Расеі ў Сочы.
Дык вось цяпер Лукашэнка адказаў. Амаль словамі гераіні вядомага савецкага фільму: «Невінаватая я, ён сам прыйшоў».
Атрымліваецца, што Лукашэнка выкрыў увесь непрывабны твар расейскага імпэрыялізму, які, карыстаючыся часовымі цяжкасьцямі найбліжэйшага саюзьніка, працягнуў сваю вайсковую лапу да сьвятой беларускай землі.
А Лукашэнка зноў выступае як абаронца сувэрэнітэту Беларусі. Мастацтва пераабуваньня ў паветры, даведзенае да віртуознасьці.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.