Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, суд прызнаў пэнсіянэрку вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафаваў на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).
Гнаўк затрымалі ў Берасьці 15 лістапада на вуліцы Савецкай побач з праспэктам Машэрава і да суду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС.
17 лістапада суд, які пачаў разглядаць матэрыялы адміністрацыйнай справы, накіраваў іх на дапрацоўку ў міліцыю і прызначыў наступнае судовае паседжаньне на 26 лістапада. Гнаўк ня вызвалілі з-пад варты. З ІЧУ яна выйшла на волю 20 лістапада.
Раней гэты суд тройчы выносіў пастанову ў дачыненьні да жанчыны за ўдзел у акцыях пратэсту. За ўдзел у акцыі 30 жніўня пэнсіянэрку аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (810 рублёў), за ўдзел у акцыі 4 кастрычніка — арыштавалі на 15 сутак, за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка — аштрафавалі на 40 базавых велічыняў (1080 рублёў).
Кожны раз пасьля затрыманьня жанчыну да суду зьмяшчалі ў ІЧУ. На гэты момант пэнсіянэрка адседзела ў ізалятары 27 сутак.