Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Член Канстытуцыйнай нарады Кіргізстану прапанаваў пазбавіць расейскую мову статусу афіцыйнай


Сябра Канстытуцыйнай нарады Кіргізстану Садзірдзін Тараліеў на паседжаньні 26 лістапада прапанаваў прыбраць з Канстытуцыі краіны норму пра тое, што расейская мова зьяўляецца афіцыйнай.

Пра гэта паведамляе Кіргіская служба Радыё Свабода — Радыё Азатык.

«Я разумею, што чым больш моваў ведаюць грамадзяне, тым лепш, мы шмат чаго дасягнулі празь веданьне расейскай мовы. Але мы павінны прыняць асобны закон і разьвіваць замежныя мовы, а ў Канстытуцыі трэба прапісаць статус толькі кіргіскай мовы», — сказаў ён. Паводле яго, грамадзяне ня будуць вучыць нацыянальную мову, калі ў іх ня будзе ў гэтым неабходнасьці.

«Мы прызвычаіліся да расейскай мовы і сядзім зь ёй, як прывязаны сабака. Такога не павінна быць. Мы можам страціць сваю мову. Чалавек такі, пакуль яго не абавяжаш, ён нічога ня будзе вучыць», — цытуе яго «АКИpress».

Пра рэакцыю іншых удзельнікаў сходу не паведамляецца.

У Кіргізстане расейская мова згодна зь дзейнай Канстытуцыяй мае статус афіцыйнай. У 2019 годзе аб’яднаньне палітычных сілаў, якія прапануюць правесьці канстытуцыйную рэформу, прапаноўвала пазбавіць яе гэтага статусу. У кастрычніку 2020 году падчас сустрэчы з паслом Расеі тагачасны выканаўца абавязкаў кіраўніка ўраду Садыр Джапараў заявіў, што гэтае пытаньне на парадку дня не стаіць.

Праект новай Канстытуцыі Кіргізстану быў вынесены на грамадзкае абмеркаваньне 17 лістапада. Дакумэнт значна пашырае паўнамоцтвы і ролю прэзыдэнта. У выпадку прыняцьця паправак дзяржава фактычна стане прэзыдэнцкай рэспублікай, а не парлямэнцкай, як цяпер. Акрамя таго, прапануецца стварыць новы орган — Народны курултай, які мае стаць «вышэйшым дарадчым, кансультацыйным і каардынуючым органам». Яго будзе склікаць прэзыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG