Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грабеншчыкоў, Седакова, Шаўчук. Вернікі і сьвятары РПЦ падтрымалі беларусаў


Царква ў Іванаўскай вобласьці, Расея.
Царква ў Іванаўскай вобласьці, Расея.

Сьвятары і вернікі Рускай Праваслаўнай Царквы, а таксама хрысьціяне іншых канфэсій, зьвярнуліся са словамі салідарнасьці, падтрымкі і суцяшэньня да хрысьціянаў Беларусі.

Ліст апублікаваны на сайце «Православный мир», пад ім можна разьмясьціць свой подпіс. На дадзены момант пад ім падпісалася больш за 70 чалавек. Сярод іх дзясяткі сьвятароў, а таксама музыкі Барыс Грабеншчыкоў і Юры Шаўчук, пісьменьнікі Вольга Седакова і Дзяніс Драгунскі, гісторык Андрэй Зубаў і іншыя.

У лісьце гаворыцца, што згодна з Асновамі сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, яна ня можа быць пазбаўленая «права даваць ацэнку дзеяньням уладаў», у першую чаргу — маральную ацэнку.

Аўтары лісты пералічваюць факты зьдзекаў, зьбіцьця і катаваньняў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі, нагадваюць пра забарону на вяртаньне на радзіму мітрапаліта Кандрусевіча, прысуд гомельскаму сьвятару Ўладзімеру Драбышэўскаму, а таксама папярэджаньні протаярэю Сяргею Лепіну і біскупу Юрыю Касабуцкаму за выказанае меркаваньне пасьля зьнішчэньня мэмарыялу Раману Бандарэнку.

«Мы выказваем нашу салідарнасьць, падтрымку і глыбокую павагу біскупам, сьвятарам і ўсім хрысьціянам, якія, нягледзячы на небясьпеку, нагадваюць пра свабоду і годнасьць чалавечай асобы, створанай на вобраз і падабенства Божае. Вашае служэньне, міласэрнае і справядлівае, праяўляецца ў клопаце і смутку пра кожнага зьбітага, абылганага, прыніжанага, нявіннага і пакутуючага чалавека. Кожны, хто не пайшоў на змову з сумленьнем дзеля выгады і бясьпекі, зьяўляецца для нас прыкладам сумленнасьці і мужнасьці». — гаворыцца ў лісьце.

Яго падпісанты заклікалі ўсіх, хто носіць форму і зброю, захоўваць сумленьне, гонар і годнасьць, адказнасьць перад суграмадзянамі, перад «сваімі братамі і сёстрамі».

«Мы верым у тое, што мірны дыялёг — гэта адзіная альтэрнатыва гвалту», — лічаць аўтары звароту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG