Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўны архіяпіскап адлучыў Лукашэнку ад Царквы і наклаў на яго анатэму


Сьвятаслаў Логін, першагерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Наваградзкі і Паўночнаамэрыканскі
Сьвятаслаў Логін, першагерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, архіяпіскап Наваградзкі і Паўночнаамэрыканскі

Кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы архіяпіскап Сьвятаслаў Логін сёньня падчас набажэнства ў саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта наклаў на Аляксандра Лукашэнку анатэму і адлучыў яго ад Царквы.

Падчас набажэнства ў саборы ў прысутнасьці вернікаў архіяпіскап Сьвятаслаў Логін зачытаў «Архіпастырскае пасланьне аб абвяшчэньні анатэмы былому прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку — дыктатару, забойцы й мучыцелю народу пабожнага беларускага».

Сам тэкст адлучэньня названы «А Н А Т Э М А былому прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, які творыць беззаконьні, перасьледуе і забівае праваслаўных і іншых мірных хрысьціян за праўду ў Беларусі».

На пачатку адлучэньня сьцьвярджаецца, што

«пабожны беларускі народ трапіў цяпер у цяжкі час, калі на загад самазванца — былога прэзыдэнта А. Лукашэнкі, апантанага д’яблам, дзяцей нашых забіваюць і зьдзекуюцца з братоў і сёстраў нашых. Гэты кат і ягоныя хаўрусьнікі чыняць крывавыя расправы над мірнымі людзьмі на вуліцах і ў турмах у сталічным Менску і ў розных гарадох шматпакутнае Беларусі, услаўляючы й працягваючы багаборніцкую палітыку бальшавікоў, адкрыта парушаюць Запаветы Божыя, разбураюць памятныя мэмарыялы супачылых...»

Далей архіяпіскап Логін заяўляе:

«Царква — установа духоўная й непалітычная, навучаючы паству змагацца за праўду, ня можа проста назіраць за генацыдам беларусаў, а павінна, паводле Сьвятога вучэньня Хрыстовага, быць сумленьнем свайго народу, што прымушае нас выгаласіць наступнае:

Уладаю, дадзенаю нам ад Бога, адлучаем ад Сьвятое Праваслаўнае Царквы і абвяшчаем анафему былому прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, які хоць і носіць імя хрысьціянскае і толькі па нараджэньню належыць да Царквы Праваслаўнае, забараняем прыступаць яму да Тайнаў Хрыстовых, успамінаць яго ў праваслаўных набажэнствах і малітвах да поўнага ягонага пакаяньня перад Царквою і народам Беларускім. Заклікаем тых, хто яшчэ служыць ягонай сатанінскай уладзе, не выконваць злачынныя загады, бо інакш чакаюць вас пракляцьце нашчадкаў у жыцьці зямным і пекла — у жыцьці нябесным...»

Таксама ў звароце гаворыцца, што архіяпіскап і сьвятары БАПЦ моляцца «за здароўе параненых і зьняволеных, і за супакой забітых мірных пратэстоўцаў — абаронцаў Беларусі, чые пакуты і ахвяры — недарэмныя, яны натхняюць суайчыньнікаў на супраціў злу і хлусьні дзеля дабра, дзеля свабоды й незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны».

У размове з Радыё Свабода архіяпіскап Сьвятаслаў Логін падкрэсьліў, што ў народнай традыцыі адлучэньне ад царквы здаўна прыраўноўваецца да пракляцьця.

Пасьля зносу народнага мэмарыялу Раману Бандарэнку ў ягоным двары ў Менску 15 лістапада вікарны біскуп Менска-Магіёўскай рымска-каталіцкай мітраполіі Юры Касабуцкі і прэсавы сакратар Беларукага экзархату РПЦ Сяргей Лепін выступілі з крытыкай дзеяньняў сілавікоў, за што атрымалі папярэджаньні Генэральнай пракуратуры.

Як паведаміла прэс-служба Генпракуратуры, абодвум «абвешчаныя афіцыйныя папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня закону».

«На асабістых старонках у сацыяльнай сетцы Facebook і іншых інтэрнэт-рэсурсах былі разьмешчаны заявы сьвятароў з нагоды дэмантажу і пераносу стыхійнага мэмарыялу памяці, узьведзенага ў сувязі са сьмерцю Рамана Бандарэнкі. У заявах у заведама безапэляцыйнай агрэсіўнай танальнасьці выкарыстоўваюцца пэўныя тэрміны і абароты („зьдзек з партрэтаў забітага“, „навошта гэтае сатанінскае таптаньне лямпад і абразкоў“ і інш.), якія сьвядома павышаюць узровень напружанасьці ў грамадзтве, якія распальваюць нянавісьць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў, і, як вынік, варожасьць у дачыненьні да згаданых сацыяльных груп насельніцтва», — гаворыцца ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG