Дэпутат Павал Бачарнікаў накіраваў зварот на імя старшыні Менскага гарадзкога савету Андрэя Бугрова з просьбай уключыць у парадак дня наступнай сэсіі пытаньні, зьвязаныя з акцыямі пратэсту, якія праходзяць пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта.
Тэкст ягонага звароту прыводзіць Tut.by.
Дэпутат просіць разгледзець пытаньні вызваленьня палітвязьняў, расьсьледаваньня гвалту, а таксама магчымасьці зьбірацца на масавыя мерапрыемствы паводле заяўнага прынцыпу.
Бізнэсмовец Павал Бачарнікаў зьяўляецца дэпутатам ад Слабадзкой акругі ў Малінаўцы. Пасьля выбараў ён выступіў супраць гвалту над удзельнікамі акцый пратэсту, а таксама аб'яднаў намаганьні з дэпутаткай Менскага гарсавету Вольгай Цесаковай.
У звароце Бачарнікаў піша:
- «З 9 жніўня наш горад стаў арэнай грубых парушэньняў правоў грамадзян, жорсткага задушэньня мірных акцый пратэсту.
- Органы ўлады і кіраваньня самаўхіліліся ад выкананьня сваёй асноўнай функцыі прадстаўленьня і абароны інтарэсаў народу.
- Улада для захаваньня інтарэсаў меншасьці спрабуе маніпуляваць грамадзкай сьвядомасьцю, груба падмяняючы паняцьці і фальсыфікуючы факты.
- Прамаруджваньне абраньнікаў народу ў выразным выказваньні і вызначэньні грамадзянскай пазыцыі, заснаванай на запыце выбарнікаў, вядзе як да дыскрэдытацыі дэпутатаў, так і ўсяго канстытуцыйнага інстытуту народаўладзьдзя».
«Ад імя і па даручэньні жыхароў Менску» дэпутат Бачарнікаў просіць уключыць на разгляд наступнай сэсіі Менскага гарсавету наступнае:
- Запатрабаваць і прыняць комплекс захадаў і дзеяньняў для вызваленьня ўсіх зьняволеных і затрыманых на падставах, зьвязаных з пратэставымі акцыямі і выказваньнем грамадзянскай пазыцыі;
- Даць прынцыповую ацэнку нічым не справакаванаму і неабгрунтаванага гвалту, які адбываецца ў Менску з 9 жніўня, прымяненьню спэцсродкаў, спэцыяльнай і баявой тэхнікі, дамагчыся спыненьня антыгуманных дзеяньняў;
- Стварыць камісію для выяўленьня прычын і падстаў узьнікненьня пратэставых акцый зь ліпеня 2020 году і іх сілавога задушэньня;
- Даць ацэнку дзеяньням органам сьледзтва пры разглядзе зваротаў грамадзян па фактах забойстваў, замаху на забойства, зьбіцьцю падчас затрыманьняў, пры суправаджэньні і знаходжаньні ў РУУС і ЦІП.
- Дамагчыся поўнага і абʼектыўнага расьсьледаваньня гэтых спраў, няўхільнага, бесьперашкоднага забесьпячэньня прававой дапамогі грамадзянам у гэтай катэгорыі спраў;
- Даць жыхарам Менску магчымасьць праводзіць масавыя мерапрыемствы ў родным горадзе паводле заяўнага прынцыпу.