Урад Аўганістану асудзіў талібаў за абстрэл жылых кварталаў Кабула ў гадзіну пік раніцай 21 лістапада. Ахвярамі ракетнага абстрэлу сталі ня менш за восем чалавек, яшчэ дзесяць атрымалі раненьні.
Абстрэл вёўся за некалькі гадзін да пачатку заплянаванай у Катары сустрэчы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо з дэлегацыяй талібаў і прадстаўнікамі ўраду Аўганістану.
Сустрэча ў Катары павінна даць імпульс для ажыўленьня мірных перамоваў, якія затармазіліся апошнім часам.
Заходнія агенцтвы адзначаюць, што бліжэйшымі днямі ў Жэнэве павінна пачацца буйная канфэрэнцыя донараў, якія дапамагаюць Аўганістану. Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Аўганістану Тарык Арыян заявіў у тэлевізійным выступе: «Талібы выпусьцілі 24 ракеты па пяці розных раёнах Кабула, уключаючы кварталы, дзе знаходзяцца замежныя амбасады».
Талібы адмовілі дачыненьне да абстрэлу. Неўзабаве адказнасьць за напад узяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».
Пасольства Ірана ў Кабуле заявіла ў Твітэры, што адна з ракет упала на яго тэрыторыі, пры гэтым ніхто не пацярпеў.