У Грузіі праходзіць другі тур парлямэнцкіх выбараў. Яўка выбарнікаў у другім туры на 12:00 склала 8,29%. У першым туры выбараў, які адбыўся 31 кастрычніка, на 12 гадзінаў яўка склала амаль 20%.
Другі тур праходзіць у 17 аднамандатных акругах, дзе ніводзін кандыдат не набраў больш за 50% галасоў, неабходных для перамогі 31 кастрычніка. Выбарнікі выбіраюць з двух кандыдатаў, якія дабіліся найлепшых вынікаў.
Лічыцца, што выбары адбыліся пры любой яўцы. Пераможа той кандыдат, які набярэ простую большасьць галасоў.
- Усе апазыцыйныя партыі выйшлі з другога туру і заклікалі сваіх прыхільнікаў цалкам ігнараваць галасаваньне. Нягледзячы на гэтае рашэньне, у бюлетэнях ёсьць імёны апазыцыйных кандыдатаў.
- 8 лістапада тысячы людзей сабраліся каля будынку парлямэнту ў Тбілісі на знак пратэсту супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў 31 кастрычніка. Апазыцыя абвінавачвае Цэнтравыбаркам краіны ў махлярстве. З таго часу ў краіне працягваюцца дэманстрацыі з патрабаваньнем новых выбараў.