Некалькі тысяч прыхільнікаў апазыцыі 8 лістапада пратэставалі ў Тбілісі супраць вынікаў выбараў у парлямэнт Грузіі, дзе кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала найбольшую колькасьць галасоў — 48,23%.
Ніводная з апазыцыйных партый, якія праходзяць у парлямэнт паводле афіцыйных выніках выбараў, ня згодная з вынікам «Грузінскай мары». Апазыцыя патрабуе адстаўкі кіраўніка Цэнтрвыбаркаму, правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў і вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
Апазыцыйныя партыі, нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі, абяцаюць адмовіцца ад мандатаў і ўдзелу ў другім туры выбараў ды байкатаваць працу парлямэнту.
Апазыцыя пратэстуе з дня парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Грузіі 31 кастрычніка.
У адказ на абвінавачаньні партыя «Грузінская мара» спасылаецца на заявы дыпляматычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Грузіі. У прыватнасьці, прадстаўніцтвы Эўразьвязу, АБСЭ, NATO, шэраг амбасадаў, уключна з амбасадай ЗША, назвалі выбары канкурэнтнымі і заявілі, што «фундамэнтальныя правы людзей былі абароненыя».
Таксама з афіцыйнымі вынікамі шмат у чым супалі вынікі альтэрнатыўнага падліку, праведзенага няўрадавай арганізацыяй «Справядлівыя выбары». Яе назіральнікі зьвярнулі ўвагу на цэлы шэраг парушэньняў, але прыйшлі да меркаваньня, што ў цэлым яны не маглі паўплываць на вынікі галасаваньня.