Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім палітвязьням пішуць чэскія дзеячы: старшыня Сэнату, кіраўнік філярмоніі, біскуп Прагі, старшыня Канстытуцыйнага суду


Прага, кастрычнік 2020
Прага, кастрычнік 2020

З ініцыятывы «Пасольства беларускай культуры», што адкрылася ў чэскім горадзе Брно, вядомыя чэскія дзеячы даслалі 18 лістапада лісты беларускім палітвязьням. Яны напісалі Міколу Статкевічу, Віктару Бабарыку, Марыі Калесьнікавай, Марыі Бабовіч ды іншым.

Лісты адкрытыя і прызначаныя для шырокага асьвятленьня ў СМІ. Чэхі ўзгадваюць прыклад зьняволенага Вацлава Гаўла, якому вядомыя дзеячы Захаду таксама слалі адкрытыя лісты, якія моцна раздражнялі рэжым Густава Гусака.

Ліст старшыні Сэнату Мілаша Выстрчыла адрасаваны Віктару Бабарыку, не дапушчанаму да прэзыдэнцкіх выбараў, які знаходзіцца ў зьняволеньні ў Беларусі разам са сваім сынам.

«Вацлаў Гавэл пісаў, што абыякавасьць да іншых і абыякавасьць да лёсу ўсіх — гэта менавіта тое, што адчыняе дзьверы злу. Паважаны спадар Бабарыка, ліст, які я вам пішу, — сымбалічны, адкрыты і, перш за ўсё, гэта ліст падтрымкі. Я б лепш адправіў яго проста ў вашыя рукі альбо патэлефанаваў бы вам напрасткі, каб падтрымаць. На жаль, гэта немагчыма», — піша ў лісьце старшыня Сэнату Выстрчыл.

Галоўны дырыжор і музычны кіраўнік Чэскай філярмоніі Сямён Бычкоў напісаў 64-гадоваму Мікалаю Статкевічу, які ад 2004 году правёў у турме больш за шэсьць гадоў і апошні раз быў затрыманы ў траўні 2020 году па дарозе на перадвыбарчы мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. Як і Ціханоўская, Статкевіч балятаваўся ў прэзыдэнты Беларусі, але раней, у 2010 годзе.

«Гэта сапраўды ўражвае — калі бачыш фота дэманстрантаў, якія дзень за днём дэманструюць свае перакананьні, нягледзячы на жорсткі гвалт, арышты, пагрозы і бясконцую хлусьню афіцыйнай прапаганды рэжыму. Тым ня менш людзі працягваюць змагацца, нягледзячы на страты», — піша галоўны дырыжор Чэскай філярмоніі ў беларускую турму.

Рымска-каталіцкі біскуп Прагі Вацлаў Малы зьвяртаецца зь лістом да 25-гадовай Марыі Бабовіч. Дзяўчыну вінавацяць у масавых беспарадках і наўмысным пашкоджаньні чужой маёмасьці, за надпіс «Не забудзем!» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, застрэленага ў жніўні сілавікамі.

«Мы жывем тут на волі, і ніхто не карае нас за нашу грамадзянскую пазыцыю. Тым больш нам трэба бачыць канкрэтныя прыклады тых, хто змагаецца нават у неспрыяльных палітычных умовах. Дзякуй вам, я буду надалей сачыць, як прасоўваецца ваша справа. Я спадзяюся, што вы дачакаецеся справядлівасьці і перасьлед будзе спынены», — піша біскуп Малы Марыі Бабовіч.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Чэскай Рэспублікі Павел Рыхецкі даслаў ліст сябру Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай, якой закідаецца заклік да дзеяньняў, што наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы дзяржавы.

«Я хацеў бы бачыць, як у вашай краіне мацнее і разьвіваецца грамадзянская супольнасьць, якая выяўляе сваё стаўленьне да рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі ня толькі ў Менску, але і на вуліцах іншых беларускіх гарадоў. Лічу сваім абавязкам заклікаць да вызваленьня беларускіх палітвязьняў, у тым ліку як старшыня Канфэрэнцыі эўрапейскіх канстытуцыйных судоў — пасада, якую я займаю сёлета», — піша Рыхецкі ў лісьце, адпраўленым у беларускую турму ў сераду.

Таксама ў беларускія турмы пайшлі лісты ад пісьменьніцы Катаржыны Тучкавай, дырэктара бібліятэкі імя Вацлава Гаўла Міхаіла Жантоўскага і іншых чэскіх дзеячоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG