Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага завялі крымінальную справу. Дваім пагражае да 10 гадоў турмы


На месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску. Архіўнае фота.
На месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску. Архіўнае фота.

Інфармацыі пра тое, што завялі крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ля мэтро «Пушкінская» ў Менску 10 жніўня, дагэтуль няма.

У верасьні дваіх менчукоў затрымалі пасьля таго, як яны спрабавалі аднавіць мэмарыял Аляксандру Тарайкоўскаму — надпіс на асфальце «Не забудзем». Цяпер ім інкрымінуюць па два артыкулы Крымінальнага кодэксу, за якія пагражае пакараньне да 10 гадоў зьняволеньня, паведамляе Tut.by.

25-гадовая Марыя Бабовіч 9 верасьня напісала грунтоўкай на асфальце каля станцыі мэтро «Пушкінская» дзьве літары з фразы «Не забудзем».

Тады дзяўчыну затрымалі паводле 339-м артыкуле КК, за хуліганства. Празь некалькі дзён Марыю выпусьцілі, але пазьней зноў выклікалі ў міліцыю для паказаньняў, у пастанове яна ўбачыла іншы артыкул — 341-ы (Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці). Дзяўчына пры гэтым заставалася на волі. У пастанове было пазначана, што «псаваньне маёмасьці» нанесла матэрыяльны ўрон Гаррэмаўтадору Менгарвыканкаму на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі (больш за 377 базавых велічыняў).

Адвакат Марыі Андрэй Мачалаў паведаміў: цяпер Марыя пад вартай у СІЗА ў Жодзіне. Артыкул у яе справе перакваліфікавалі. Цяпер дзяўчыну вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. Суду не было, калі ён пройдзе, невядома.

За надпіс затрымалі і 42-гадовага Дзяніса Граханава, яго маці расказала, што 9 верасьня ўвечары ён быў адным з тых, хто аднаўляў фразу на мэмарыяле.

«Ён быў адзін, потым да яго падышлі два хлопцы, якія проста глядзелі. Калі на «Пушкінскую» прыехалі сілавікі, сын адтуль зьехаў на ровары. А 10 верасьня прыйшлі дадому і забралі — вылічылі па камэрах. Суткі ён правёў у РУУС, потым на у турме на Акрэсьціна. 13 верасьня яго выпусьцілі. Сказалі чакаць суду.

22 кастрычніка прыйшлі і сказалі прайсьці на размову са сьледчым — і ўсё, з канцамі. Спачатку сьледчы сказаў, што яго павінны перавесьці ў Жодзіна з Акрэсьціна, але цяпер наогул невядома, дзе ён, — расказала ягоная маці.

Сьледчы камітэт 11 жніўня пачаў праверку па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага і ў яе межах прызначыў судова-мэдычную экспэртызу. Паводле заканадаўства, яна можа трываць цягам трох месяцаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэазапіс, зроблены 10 жніўня 2020 году. На ім зьнятая сьмерць падчас пратэсту чалавека, якога пазналі як Аляксандра Тарайкоўскага.

На запісе відаць, як ён падае і потым ляжыць бяз руху, а спэцназаўцы ідуць проста на яго. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Аляксандар Тарайкоўскі загінуў пасьля таго, як у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG