Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адносінах да палітвязьня Статкевіча не праводзіцца ніякіх сьледчых дзеяньняў, — адвакат


Прамаўляе Мікола Статкевіч
Прамаўляе Мікола Статкевіч

Сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да апазыцыйнага палітыка Міколы Статкевіча, які больш за чатыры месяцы знаходзіцца ў зьняволеньні, не праводзіцца ад верасьня, паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімер Сазанчук.

«Ад таго часу, як 29 жніўня яму абвясьцілі пра падаўжэньне тэрміну зьняволеньня яшчэ на два месяцы, нічога не адбываецца. Тады сьледчая задала яму шэраг пытаньняў, але яго пазыцыя — не адказваць, скарыстаўшыся правам ня сьведчыць супраць сябе. І пратаколы падпісваць адмаўляецца: кажа, што навучаны папярэднімі працэсамі», — сказаў Сазанчук.

Самому Ўладзімеру Сазанчуку абмяжоўваюць магчымасьць працы. 19 кастрычніка зь ім заключылі дамову на абарону актывіста кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паўла Юхневіча, які абвінавачваецца паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Аднак у Сьледчым камітэце заявілі, што ён ужо зьяўляецца абаронцам Міколы Статкевіча і блогера Дзьмітрыя Казлова.

На думку адваката, гэта адбываецца таму, што ён адмаўляецца даваць падпіску аб неразгалошваньні, бо ня бачыць для гэтага прававых падставаў.

Марына Адамовіч, жонка Статкевіча, расказала БелаПАН, што сьледчыя органы адмаўляюць ёй у сустрэчах з мужам. І хоць заканадаўства бачыцца са сваякамі дазваляе, кіраўніцтва Сьледчага камітэту лічыць гэта «немэтазгодным».

Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня, калі ён накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты каля Камароўскага рынку ў Менску. На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

8 ліпеня палітыку прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). 30 ліпеня Сьледчы камітэт паведаміў, што ў дачыненьні да Статкевіча распачатая справа паводле арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да масавых беспарадкаў).

19 жніўня яго перавялі зь СІЗА № 1 Менску ў Жодзіна. Праваабаронцы прызналі Міколу Статкевіча палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG