У панядзелак Сэнат Кангрэсу ЗША ўхваліў «антыдопінгавы закон Родчанкава», які прадугледжвае сур’ёзныя санкцыі за спробы паўплываць на зыход міжнародных спаборніцтваў, выкарыстоўваючы допінгі.
Асаблівасьцю закона зьяўляецца тое, што яго аб’ектам выступаюць не атлеты, а «любы чалавек, які ... ажыцьцяўляе плян з мэтай паўплываць на буйныя міжнародныя спаборніцтвы, выкарыстоўваючы забароненыя прэпараты або мэтады». Аб’ектам яго дзеяньня могуць быць як амэрыканскія, так і замежныя чыноўнікі, трэнэры, мэдыкі, што маюць адносіны да спаборніцтваў, у якіх удзельнічаюць амэрыканскія спартоўцы. Законапраектам прадугледжваецца пакараньне да дзесяці гадоў турмы, да аднаго мільёна даляраў штрафу, канфіскацыя уласнасьці, якая знаходзіцца ў ЗША.
Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) скрытыкавала законапраект на той падставе, што ў сілу сваёй экстэрытарыяльнасьці ён можа падарваць міжнародную сыстэму антыдопінгавага кантролю. Аднак прадстаўнік амэрыканскай антынаркатычнай управы пры Белым доме Энтані Джонс заявіў, што рэакцыя WADA на расейскі допінгавы скандал падарвала веру ў глябальную сыстэму антыдопінгавага кантролю.
Закон названы імем Рыгора Родчанкава, у мінулым кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі. Родчанкаў раскрыў маштабнае ўжываньне допінгу расейскімі спартоўцамі на найбуйнейшых спаборніцтвах, уключаючы Алімпіяду 2014 году ў Сочы, пры спрыяньні расейскіх ўладаў.