145 запісаў аб падазроных допінг-пробах з Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі зьмянілі або выдалілі, распавёў кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў WADA, піша Deutsche Welle.
Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выявіла маніпуляцыі са 145 з 298 запісаў аб допінг-пробах з базы дадзеных Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, якія апынуліся пад падазрэньнем.
«Мы змаглі ўстанавіць, якія дадзеныя выдалілі і калі. Але ня ў кожным выпадку змаглі аднавіць іх», — заявіў кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў WADA Гюнтэр Юнгер у інтэрвію нямецкай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, апублікаваным 29 студзеня.
Ён распавёў, што ягоная каманда з траўня па лістапад 2019 году займалася «толькі тым, каб выявіць, якія зьвесткі зьмянілі, выдалілі або дадалі».
«У некаторых выпадках гэтыя дзеяньні былі датаваныя заднім чыслом. Для гэтага ўсю базу дадзеных перастаўлялі на адну дату чатырма гадамі раней, пасьля чаго выдалялі (тыя ці іншыя запісы. — рэд.)», — патлумачыў Гюнтэр Юнгер.
Усе правераць 298 падазроных выпадкаў, запэўніў ён.
WADA адклікала поўную акрэдытацыю Маскоўскай лябараторыі ў 2015 годзе пасьля выкрыцьця расейскай дзяржаўнай допінг-праграмы. У траўні 2016 году ліцэнзію Маскоўскай лябараторыі часткова вярнулі. Аднак 22 студзеня 2020 году WADA зноў прыпыніла ліцэнзію, паколькі экспэрты агенцтва выявілі маніпуляцыі зь некаторымі дадзенымі, вынятымі з лябараторыі ў студзені 2019 году.