Такі загад № 1174 6 лістапада падпісаны ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.
Паводле ведамства, больш за 2,5 тысячы студэнтаў старэйшых курсаў мэдычных унівэрсытэтаў Беларусі будуць прыцягнутыя да ўдзелу ў аказаньні мэдычнай дапамогі.
Мінздароўя называе такую практыку традыцыйнай:
«Восеньню ці вясной, з улікам пагаршэньня санітарна-эпідэміялягічнага становішча, студэнты старэйшых курсаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьцях «Лячэбная справа», «Пэдыятрыя», «Мэдыка-псыхалягічная справа», накіроўваюцца ў арганізацыі аховы здароўя для ўдзелу ў аказаньні мэддапамогі насельніцтву».
Вясной студэнтаў старэйшых курсаў і інтэрнаў ужо прыцягвалі да барацьбы з COVID-19.
Тэрміны прыцягненьня студэнтаў да ўдзелу ў аказаньні мэддапамогі будуць вызначаныя ў кожным унівэрсытэце – у залежнасьці ад санітарна-эпідэміялягічнага становішча ў рэгіёне.
Для падрыхтоўкі студэнтаў да працы з COVID-19 ва ўсіх мэдычных ВНУ арганізаваныя часовыя цэнтры імітацыі «чырвонай зоны». Аплату абяцаюць паводле займанай пасады, уключаючы надбаўку за працу ва ўмовах, зьвязаных з COVID-19.
Мэдунівэрсытэтам даручана забясьпечыць умовы для самастойнага асваеньня студэнтамі прапушчанага зьместу адукацыйных праграм:
«Гаворка ідзе пра тое, што тэмы курсаў, якія засталіся да сэсіі, студэнты павінны асвоіць самастойна — у вольны ад працы час», — адзначаецца ў камэнтары.