Дэпутат Нацыянальнай асамблеі Францыі Фрэдэрык Пэці выступіў з артыкулам «Ня будзем забываць Беларусь».
Францускі палітык зьвяртае ўвагу на тое, што пратэсты ў Беларусі маюць ня столькі палітычны, колькі нацыянальны характар.
«Сто дзён таму, піша дэпутат, беларускі народ выступіў супраць грубай фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. З тых часоў ён змагаецца з рэжымам, які хлусіць яму, пагражае яму, б’е яго, саджае ў турму і катуе яго.
Праз сто дзён беларусы нагадалі, што яны існуюць, і перш за ўсё самім сабе. Як выдатна заявіла ў жніўні Сьвятлана Алексіевіч, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры: «Дэманстранты вяртаюць нам годнасьць нашай нацыі».
Фрэдэрык Пэці лічыць, што народны рух у Беларусі нясе ў сабе пытаньне беларукай ідэнтычнасьці і вяртаецца да вытокаў гісторыі: «Хто мы, беларусы, у ХХІ стагодзьдзі?»,
Гэта, на думку францускага дэпутата, сымбалізуе выкарыстаньне дэманстрантамі старога бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоня, якімі яны ганарацца. Беларусы ўспамінаюць пра сваю адвагу ў гісторыі і гэта дапамагае ім процістаяць гвалту рэжыму: 6 забітых, 500 катаваных, 17 000 затрыманых. Таму беларусы выходзяць на вуліцы кожную нядзелю ў Менску і іншых гарадах краіны.
Таксама францускі дэпутат піша пра міжнароднае значэньне беларускіх пратэстаў:
«За сто дзён беларусы нарэшце нагадалі сваім суседзям у Эўразьвязе, што яны існуюць. Члены Каардынацыйнай рады ў выгнаньні сустракаюцца з эўрапейскімі лідэрамі, паступова выбудоўваюць дыпляматычныя кантакты, каб падрыхтаваць пераход, які раней ці пазьней адбудзецца. Такім чынам, яны надаюць новы сэнс і актуальнасьць таму, што Эўрапейскі зьвяз называе палітыкай суседзтва».
Напрыканцы артыкулу Фрэдэрык Пэці заклікае ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
«На соты дзень, пасьля недвухсэнсоўнага асуджэньня рэжыму, мы павінны выйсьці за рамкі асобных індывідуальных санкцый і больш рашуча падтрымаць нашых суседзяў: прызнаньню і абароне апазыцыі, абменам, напрыклад, візы для сем’яў для выгнанцаў і студэнтаў, а таксама фармаваньню грамадзянскай супольнасьці.
Праз сто дзён беларусы нагадалі нам, што яны існуюць. Зімовыя халады, кавід, стомленасьць пачынаюць уплываць на іх, але давайце больш ня будзем іх забываць».