Тэлеграм-канал «Белыя халаты» паведаміў, што ў Магілёве памерлі дзьве лекаркі — акушэркі-гінэколягі гарадзкога шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі, якія хварэлі на COVID-19.
У адміністрацыі шпіталя Tut.by пацьвердзілі факт сьмерці лекараў, ад камэнтароў адмовіліся. Прозьвішчы памерлых вядомыя.
Па словах калег, адна зь нябожчыц была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх каля месяца, другая хварэла каля двух тыдняў.
У Беларусі, паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, за апошнія суткі зафіксавана 1167 выпадкаў каранавірусу, і гэта рэкордная лічба, якая расьце ўжо каторы дзень запар. За ўвесь пэрыяд распаўсюду інфэкцыі на тэрыторыі Беларусі памерлі 1033 пацыенты, з іх 6 — за апошнія суткі.