Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пасол ЗША: Баюся, пакуль Лукашэнка кантралюе сілавыя структуры, ён зможа ўтрымлівацца ва ўладзе


Кенэт Ялавіц (Kenneth Yalowitz), архіўнае фота
Кенэт Ялавіц (Kenneth Yalowitz), архіўнае фота

Былы пасол ЗША ў Беларусі Кенэт Ялавіц у камэнтары «Голасу Амэрыкі» назваў гібель Рамана Бандарэнкі «надзвычай трагічным выпадкам».

«Гэта кажа пра тое, што схільнасьць Лукашэнкі да выкарыстаньня гвалту, каб зламіць апазыцыю і шырокамаштабныя пратэсты, не спыняецца, не зьмяншаецца і нават можа ўзмацніцца.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта, па сутнасьці, выпрабаваньне волі апазыцыі, якая зыходзіць ад шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Апошняе адметна — я ніколі не чакаў пабачыць гэта, калі быў паслом, але гэта адбылося. І гэта паказвае, наколькі зьмянілася Беларусь.

Але сумны аспэкт палягае ў тым, што сыстэма, якую Лукашэнка збудаваў ужо тады, калі я быў паслом, застаецца на месцы. Ён захоўвае кантроль над сіламі бясьпекі, узброенымі сіламі, выведкай. А цяпер пры падтрымцы Расеі ён умацоўваецца ва ўладзе і працягвае рабіць тое, што ён ведае лепш за ўсё: прымяняць гвалт і застрашваць дэманстрантаў.

Сытуацыя стала праверкай таго, як доўга сілы бясьпекі будуць заставацца яму вернымі і як доўга ў дэманстрантаў хопіць энэргіі і сілаў, каб працягваць выходзіць на вуліцы працяглы час.

Што да Расеі, мы бачылі, што яны ўмяшаліся ў нагорна-карабскі канфлікт, у значнай ступені прадыктаваўшы ўмовы Армэніі і Азэрбайджану. І гэта можа паўплываць на іх бачаньне сытуацыі ў Беларусі.

Расейскія ўлады могуць прыйсьці да высновы, што сытуацыя ў Беларусі набірае абароты і павінна быць вырашана мірным шляхам. Альбо яны зробяць супрацьлеглую выснову — што сіла працуе, і Лукашэнка, каб застацца ва ўладзе, павінен працягваць сваю цяперашнюю тактыку.

Я спадзяюся на ўрэгуляваньне шляхам перамоў. Але я баюся, што пакуль Лукашэнка кантралюе сілавыя структуры, ён, хоць і ў аслабленай пазыцыі, але зможа ўтрымлівацца ва ўладзе.

Я аддаю належнае дэманстрантам за іх адвагу і веру, што ў канчатковым выніку яны дамогуцца посьпеху, але я думаю, што, магчыма, гэта ня здарыцца сёньня».

Пасол Кенэт Ялавіц узначальваў дыпляматычнае прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі з 1994 да 1997 году. Ён прыбыў у краіну празь некалькі месяцаў пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG