Амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі апублікавала заяву ў сувязі са сьмерцю 12 лістапада Рамана Бандарэнкі, які быў выкрадзены невядомымі людзьмі, завезены ў міліцыю і перавезены адтуль у шпіталь у стане комы.
У заяве сказана:
«Злучаныя Штаты шакаваныя і занепакоеныя жахлівымі абставінамі, зьвязанымі са сьмерцю 12 лістапада Рамана Бандарэнкі , які, паводле сьведчаньняў відавочцаў, памёр ад траўматычных пашкоджаньняў, атрыманых пасьля жорсткага зьбіцьця супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Мы выказваем спачуваньні яго сям’і і салідарныя з усімі людзьмі ў Беларусі, якія аплакваюць гэтую страту.
Мы заклікаем улады правесьці празрыстае расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у сьмерці сп. Бандарэнкі. Мы асуджаем няспынны гвалт супраць мірных дэманстрантаў і здушэньне пратэсту. Гэта недапушчальна ў сучасным грамадзтве і мусіць неадкладна спыніцца. Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады даць магчымасьць людзям Беларусі ажыцьцяўляць іх права свабодна і мірна выказваць сваё меркаваньне, зьбірацца і хадайнічаць перад сваім урадам. Беларускі народ заслугоўвае ўлады, якая паважае яго правы чалавека і дае надзею на лепшую будучыню».