Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея зацікаўленая, каб Пашыньян застаўся». Экспэрты аб пратэстах у Ерэване


У Армэніі затрымалі дзесяць апазыцыйных лідэраў у рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і правядзеньні масавых сходаў у Ерэване ў парушэньне закону, піша армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на Спэцыяльную сьледчую службу краіны.

Пратэсты ў краіне пачаліся ў ноч на 10 лістапада, пасьля таго як прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян абвясьціў аб спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху і падпісаньні пагадненьня з Азэрбайджанам і Расеяй. 11 лістапада ў Ерэване апазыцыя правяла мітынг з патрабаваньнем адстаўкі Пашыньяна і дэнансацыі пагадненьня.

Пра тое, як можа разьвівацца сытуацыя ў Армэніі, тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з экспэртамі з розных краінаў.

Кіраўнік ерэванскага прэс-клюбу Барыс Навасард’ян:

— Як вы ацэньваеце цяпер сытуацыю ў Ерэване? Ці моцныя пазыцыі прэмʼера Нікола Пашыньяна? Ці зможа ён утрымаць уладу?

— Я мяркую, у Нікола Пашыньяна і яго каманды яшчэ досыць сурʼёзная падтрымка ў грамадзтве. Адзінае, што бянтэжыць вельмі многіх людзей, якія галасавалі за яго палітычную сілу і якія працягваюць падтрымліваць яго, — чаму недастаткова актыўна функцыянуе ўрад і яго кіраўнік. Яго дзеяньні ў апошнія два дні абмяжоўваліся тым, што ён выходзіў у [прамы эфір] у Фэйсбуку і аналізаваў сытуацыю ў цэлым, не прапаноўваючы ніякіх канкрэтных мер, як трэба выходзіць з гэтага крызісу і як аднавіць кіравальнасьць краіны.

Гэта, натуральна, выклікае неспакой, паколькі пасьля падпісаньня вядомага трохбаковага дакумэнту неабходныя нейкія дзеяньні. Цяпер чакаецца досыць сурʼёзны прыток уцекачоў з Нагорнага Карабаху і, адпаведна, маса сацыяльных і іншых выклікаў перад урадам. Таму грамадзтву, натуральна, хацелася б ведаць, якія будуць дзеяньні.

— Нікол Пашыньян казаў, што зьбіраецца вывесьці сваіх прыхільнікаў на вуліцы. Пры гэтым мы такіх мітынгаў ня ўбачылі. А ці ёсьць наогул прыхільнікі Нікола Пашыньяна ў Ерэване? Дзе яны цяпер і ці будзе нейкая рэакцыя зь іх боку?

— Прыхільнікі ў Нікола Пашыньяна і яго палітычнай каманды, натуральна, ёсьць, але яны прывыклі заўсёды чакаць каманды ад лідэра рэвалюцыі. І пакуль такой каманды, пакуль канкрэтнага часу для правядзеньня не паведамляецца, а людзі знаходзяцца ў пэўным замяшаньні. Адначасова мы бачым, што прыхільнікі апазыцыі дастаткова актыўныя і іх дзеяньні вельмі выразна кіруюцца.

— Як могуць разьвівацца падзеі ў Ерэване?

— Я мяркую, што сёньня мы наўрад ці даведаемся пра зыход гэтага супрацьстаяньня, паколькі прадстаўнікі фракцыі «Мой крок», якія маюць дзьве траціны галасоў у парлямэнце, заявілі, што не зьбіраюцца ўдзельнічаць у пасяджэньні Нацыянальнага сходу. Яны лічаць, што ў цяперашняй абстаноўцы — у сытуацыі, калі [ўведзена] ваеннае становішча і ў цэлым зьбег абставінаў такі, які патрабуе некаторага часу для аналізу і распрацоўкі пляну дзеяньняў, — яны прапанавалі ў сваёй начной заяве, каб прадстаўнікі апазыцыі выразна сказалі, якія ў іх пляны. У прыватнасьці, ці зьбіраюцца яны адклікаць подпіс Армэніі, калі прыйдуць да ўлады, ці зьбіраюцца яны патрабаваць вываду расейскіх міратворцаў, і якая ў іх дарожная карта для аднаўленьня ваенных дзеяньняў, і [як яны атрымаюць] перамогу ў іх.

Дырэктар кіеўскага Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў Ігар Семіволас:

— Наколькі цяпер моцныя пазыцыі Нікола Пашыньяна?

— Тут дзьве акалічнасьці. Першая акалічнасьць заключаецца ў тым, што апазыцыя ня мае ніякага выразнага і зразумелага пляну, як быць у той сытуацыі, у якой апынулася Армэнія ў выніку паразы. А другое меркаваньне заключаецца ў тым, што хтосьці павінен у рэшце рэшт выконваць патрабаваньні заяваў. Уласна, Пашыньян цяпер неабходны ўсім бакам для таго, каб Армэнія выканала сваю частку дамовы.

— Усім бакам — гэта апазыцыі, уладзе і Расеі? Хто ўсе гэтыя бакі?

— У дадзенай сытуацыі гаворка ідзе і пра Азэрбайджан, і пра Турэччыну, і пра Расею, і пра Армэнію. Калі Армэнія ня выканае частку сваёй дамовы, то цалкам зразумелы працяг ваенных дзеяньняў.

— Апазыцыя зьбірае мітынгі, Пашыньян патрабаваньні не выконвае. Як вы бачыце, што будзе далей?

— Мне здаецца, што далей усё ж армянскай палітычнай клясе давядзецца прыняць існыя рэаліі і пагадзіцца з тым, што на гэты момант яны прайгралі вайну, і выканаць сваю частку зьдзелкі. Іншых магчымасьцяў я цяпер ня бачу.

— Гэта значыць, пазыцыі армянскай апазыцыі слабыя?

— Так, уласна, пра гэта можна меркаваць паводле заявы кіроўнай партыі. Нядаўна кіроўная партыя, зьвяртаючыся да сваіх калег з апазыцыі, якраз і казала: «Калі ў вас ёсьць плян, вы павінны яго даць, у тым ліку плян працягу вайны. Калі ў вас гэтага пляну няма, то вам давядзецца пагадзіцца з тымі абставінамі, у якіх мы апынуліся».

— Учора мы бачылі дастаткова жорсткія затрыманьні ў Ерэване. Вось гэта ўсё ня можа актывізаваць удзельнікаў пратэстаў?

— У нейкай ступені так, але толькі пры ўмове, што разгон маніфэстантаў будзе ажыцьцяўляцца з празьмернай жорсткасьцю, як мы назіраем гэта ў Беларусі. Калі ж адбываюцца прэвэнтыўныя затрыманьні, а саміх пратэстоўцаў ніхто не затрымлівае і не разганяе, то малаверагодна, што такія абставіны могуць прывесьці да ўзмацненьня пратэстаў.

— А ці ёсьць ва ўсёй гэтай ерэванскай гісторыі Расея? Ці можа яна неяк скарыстацца гэтымі хваляваньнямі на вуліцах Ерэвану?

— Я думаю, што для Расеі, дарэчы, цяпер, напэўна, ня вельмі выгадная зьмена Пашыньяна менавіта ў [гэтых] абставінах, таму што яна ўзяла на сябе абавязаньні прымусіць Армэнію выканаць сваю частку зьдзелкі. Натуральна, ёй лепш пакінуць за Пашыньянам усю горыч паразы, чым шукаць новых партнэраў, якія гэта выканаюць. Гэта значыць, у дадзенай сытуацыі, мне здаецца, якраз Расея зацікаўленая ў тым, каб Пашыньян застаўся.

Кіраўнік навуковых дасьледаваньняў расейскага інстытуту «Дыялёг цывілізацый» Аляксей Малашэнка:

— Як у Расеі глядзяць на хваляваньні ў Армэніі?

— Я думаю, што ў Расеі спадзяюцца, што гэтыя хваляваньні паступова будуць сьціхаць, таму што як бы ні ставіцца да апазыцыі, у яе ёсьць нейкая альтэрнатыва? Выкажам дапушчэньне, апазыцыя перамагла — яна дэнансуе дамову. Гэта немагчыма, але выкажам дапушчэньне. І што далей? Як сябе ў гэтай сытуацыі павінна весьці Расея?

Ды і потым, прабачце, мы бачым толькі тое, што адбываецца на вуліцах Ерэвану, калі выйшла самая актыўная, самая энэргічная і, можа быць, самая пакрыўджаная частка армянскага грамадзтва. Але, з майго пункту гледжаньня, рашэньне можа быць толькі адно: жалезнае прыпыненьне баявых дзеяньняў і зьнешнія гарантыі, што гэтыя дзеяньні ня будуць адноўленыя. Любы іншы варыянт для Карабаху будзе згубны і будзе трагічны для Армэніі, таму ня хочацца нікога вінаваціць. Можна зразумець людзей, якія незадаволеныя і ня хочуць прызнаваць паразу Армэніі, але на сёньняшні дзень вось так сумна, скажам, для Армэніі складваецца сытуацыя.

— Гэта значыць, для Расеі невыгодная адстаўка Пашыньяна?

— Я думаю, што вядома, таму што мы ня ведаем, хто прыйдзе. Наўрад ці пасьля гэтага пагадненьня прыйдзе хтосьці вельмі прарасейскі. Наўрад ці прыйдзе хто-небудзь, хто папросіць Расею адтуль выйсьці і заявіць, што мы, Армэнія, будзем працягваць змагацца, тым больш што ў самым Карабаху прызналі, што сытуацыя крытычная. Вайскоўцы прызнаюць, што сытуацыя для Армэніі была немагчымая. Таму тут трэба, мабыць, кіравацца лёгікай. Я не хачу казаць пра тое, што Расея выратавала Армэнію ад поўнай паразы, але такое меркаваньне існуе і, заўважце, ня толькі ў Азэрбайджане і ня толькі ў Турэччыне, таму так, усё вельмі трагічна.

— Як вы думаеце, ці ўдасца Ніколу Пашыньяну ўтрымаць уладу? Ці моцныя цяпер яго пазыцыі ў Армэніі?

— На сёньняшні дзень, на момант нашай размовы, я думаю, што яны слабыя. Але тым ня менш ён утрымаўся, ён нікуды ня ўцёк, хоць яго абвінавачвалі ў тым, што ён кудысьці бегаў. Ён сапраўды вельмі лягічна тлумачыць сваю пазыцыю і вымушанасьць гэтага пагадненьня [паміж] Азэрбайджанам, Армэніяй і Расеяй. Што будзе далей? Далей мы ня ведаем, як гэта ўсё будзе разьвівацца, таму што ў любым выпадку вельмі складаны перад імі шлях: там яшчэ туркі, там маса усялякіх праблем. Але тое, што цяпер больш вайны няма, пагадзіцеся, гэта лепш, чым вайна.

— Мы бачым, што Нікол Пашыньян цяпер вельмі часта публікуе відэатлумачэньні, чаму ён падпісаў гэты мірны плян. Як вы лічыце, ці ўдасца растлумачыць сваім апанэнтам, ды і прыхільнікам таксама, навошта ён гэта зрабіў?

— Я думаю, што ў выніку павінна атрымацца, таму што выйсьця няма. Так, безумоўна, ім згублена папулярнасьць, але я б сказаў, што гэта не асабістая папулярнасьць Пашыньяна, але гэта нейкае прызнаньне таго, што «так, на сёньняшні дзень у вайсковых адносінах Армэнія слабейшая». А што вы хочаце? Як далей армяне бачаць гэтую вайну? Я маю на ўвазе тых, якія выходзяць на вуліцы, якія грамяць парлямэнт. Так, балюча ды крыўдна, ды бушуюць эмоцыі. Але трэба перадыхнуць і падумаць пра будучыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG