Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы: легітымнасьць Лукашэнкі вычарпаная, перадача ўлады дазволіць яму не ўцякаць з краіны


Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Вольфганг Ішынгер. Менск, 1 лістапада 2018 году.
Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Вольфганг Ішынгер. Менск, 1 лістапада 2018 году.

Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ​Вольфганг Ішынгер выказаўся аб пратэстах у Беларусі, лёсе Лукашэнкі і пагрозах Расеі на адрас сувэрэнітэту Беларусі. У 2018 годзе Ішынгер сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Я ня бачу доказаў таго, што Крэмль сапраўды хоча паглынуць Беларусь — тым больш што гэты крок выкліча новыя праблемы для Расеі. Бо насельніцтва Беларусі, відавочна, ня будзе глядзець на гэта моўчкі», — заявіў ​Вольфганг Ішынгер у інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Європейська правда».

Эўрапейскі палітык перакананы, што «будзе знойдзены спосаб, які дазволіць Лукашэнку зразумець: яго легітымнасьць вычарпаная, і ў ягоных інтарэсах прапанаваць спосаб перадачы ўлады. Больш за тое, гэтая перадача ўлады не павінна заключацца ў паглынаньні Беларусі Расеяй».

Вольфганг Ішынгер мяркуе, што беларусы адрозьніваюцца ад украінцаў у пэрыяд Рэвалюцыі годнасьці 2013–2014 гадоў.

«Яны ня маюць дакладнага жаданьня ісьці ці то ў Эўразьвяз, ці то ў Расею. Наадварот, беларусы даволі нэўтральныя. Расея для іх важны сусед, але ў яе занадта шмат праблем».

На ўдакладненьне журналіста, што Лукашэнка можа думаць інакш, асабліва ў тым выпадку, калі расейцы прапануюць яму спакойную і бясьпечную старасьць, як экс-прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу, старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы адказаў:

«Зразумела, для яго гэта можа быць варыянт. Ён можа купіць дом у Маскве і жыць там спакойна. Але я спадзяюся, што Лукашэнка зразумее: запусьціўшы перадачу ўлады, ён пазбавіцца неабходнасьці ўцякаць з краіны на расейскім верталёце».

Вольфган Ішынгер. 2018 год
Вольфган Ішынгер. 2018 год

«Яшчэ адна важная дэталь: многія мае сябры ў Беларусі вельмі расчараваныя тым, як дзейнічала Расея падчас гэтага крызісу. Напрыклад, калі журналістаў у дзяржаўных СМІ, якія падтрымалі акцыі пратэсту, замянілі на расейцаў. Яны разумеюць, што менавіта Расея перашкаджае самавызначэньню, дэмакратыі і вяршэнству закону ў Беларусі», — падкрэсьліў Вольфганг Ішынгер.

Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы нагадаў, што кіраўніцтва Беларусі адхіліла ўсе спробы эўрапейскіх лідэраў выступіць пасярэднікамі ў дыялёгу.

«Мы не сядзім і проста назіраем. Эўразьвяз і ягоныя чальцы шукалі магчымасьці дапамагчы. Але мы павінны захоўваць павагу да сувэрэнітэту Беларусі. Таму ўрэшце мы перайшлі да санкцый, наклаўшы іх ня толькі на высокапастаўленых чыноўнікаў, але і на самога Лукашэнку. Таму што гэта тое, што нам засталося, — ствараць ціск, дамагаючыся ідэі мірнай перадачы ўлады», — патлумачыў Вольфганг Ішынгер.

У 2018 годзе, калі сустрэча асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі праходзіла ў Менску, Вольфганг Ішынгер сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Тады, як ён прызнаўся на прэсавай канфэрэнцыі, яго ўразіла «прыхільнасьць Аляксандра Лукашэнкі да вырашэньня канфлікту на Данбасе».

«Мяне ўразіла стаўленьне і імкненьне як мага хутчэй вырашыць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны і дасягнуць там міру, — сказаў амбасадар Ішынгер на прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі. — Я спадзяюся, што да тых цікавых прапановаў, якія ён агучыў (уключаючы місію на ўсходзе Ўкраіны), прыслухаецца міжнародная супольнасьць. Што мяне асабліва ўразіла, гэта тое, што прэзыдэнт прапанаваў свае рэсурсы, сваю сілу, каб паўдзельнічаць у місіі на ўсходзе Ўкраіны дзеля забесьпячэньня міру і бясьпекі на гэтай тэрыторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG